Старейшина Антонина Боборико — клад для агрогородка Волколаты Докшицкого района
Граматы і падзякі раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню за добрасумленную работу, значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, актыўны ўдзел у яго грамадскім жыцці, пасведчанні “Лепшы па прафесіі” ва ўтульным доме былой старшыні Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Антаніны Бабарыка займаюць цэлую паліцу – той стос ці не паўметра вышынёй. Апошняя з узнагарод – Ганаровая грамата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за значны асабісты ўклад у вырашэнне пытанняў забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва – уручана ёй у маі бягучага года ўжо як старэйшыне аграгарадка Валкалаты. За афіцыйнымі фармуліроўкамі яе дасягненняў – дзясяткі гадоў работы спачатку на пасадзе сакратара сельвыканкама, затым – старшыні. Работы самаадданай, калі не сказаць самаахвярнай, паколькі Антаніна Віктараўна ніколі не была абыякавай да людскіх праблем, чужога гора і чужой радасці. Любоў да людзей, уменне прымаць і разумець іх слабасці і недахопы, заўважаць і цаніць вартасці і таленты – гэтымі рысамі мая сённяшняя гераіня надзелена ў поўнай меры. Для нас, журналістаў, старэйшына Валкалат – сапраўдны клад: калі б ні звярнуўся да яе, заўсёды параіць, пра каго ці пра што варта напісаць, а то і сама патэлефануе з прапановай.
– Антаніна Віктараўна, Вы на дзіва светлы, жыццярадасны чалавек. Вытокі такога светаўспрымання ў Вашым дзяцінстве? Якое яно было?
– Цудоўнае! Нарадзілася я на Мядзельшчыне, у дружнай сям’і. Тата мой быў старшынёй у некалькіх калгасах, затым – дырэктарам Ілаўскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Мама – калгаснай звеннявой. У мяне былі два значна старэйшыя за мяне браты, і я проста купалася ў любові і іх, і бацькоў. Асабліва чакала прыезду сярэдняга брата Толі, які быў шахцёрам у Салігорску, зарабляў добрыя грошы і заўжды прывозіў мне ў падарунак то прыгожую сукенку, то туфелькі, якіх у тую пару ў нашай глыбінцы было не купіць. Не, мяне ніхто не песціў – ведала спаўна сялянскую работу, як і ўсе дзеці тае пары, але разам з тым не маю ніводнага горкага, крыўднага ўспаміну – толькі добрыя, толькі светлыя. Вучылася ў Яцкавіцкай васьмігодцы, а заканчвала вучобу ўжо ў Будслаўскай сярэдняй школе. Усе гады была актывісткай – старшынёй савета атрада, пасля – дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі. З задавальненнем удзельнічала ў школьнай самадзейнасці, не прапускала ніводных спартыўных спаборніцтваў і свят. Мела процьму сяброў і сябровак (з многімі падтрымліваю адносіны і зараз), з якімі гулялі на вуліцы ў “пікара”, валейбол, футбол, узімку круціліся на самаробным коле, насіліся на лыжах і каньках – так весела было! Толькі з захапленнем і вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў. А школьныя вечары! Юнацкая рамантыка, першае каханне… Заўжды ўмела бачыць у жыцці радасць, вылучаць яе на першы план. Думаю, гэта сапраўды з дзяцінства.
– Не ўсе ведаюць, што па прафесіі Вы педагог, настаўніца гісторыі. Выбар быў невыпадковы? Чаму пагадзіліся перайсці на зусім іншага роду работу?
– Так, я закончыла гістарычны факультэт БДУ імя Леніна, які зараз носіць імя Скарыны. Паступіла туды з другой спробы: ВНУ вядучая ў рэспубліцы, конкурс даволі высокі, і экзамены не раўня сённяшнім: два сачыненні, гісторыя і нямецкая мова вусна. Выбар быў цалкам асэнсаваны: у школах у мяне былі цудоўныя настаўнікі па гэтым прадмеце. А склалася так, што я выйшла замуж на Докшыччыну і патрапіла працаваць у Станіслаўскую базавую школу, дзе якія толькі прадметы ні давялося выкладаць, уключаючы нават тэхнічную працу, але толькі не любімую гісторыю. Таму, калі паступіла прапанова заняць пасаду сакратара сельвыканкама, згадзілася: як гаворыцца, губляць не было чаго.
– Што ў гэтай рабоце было для Вас самым складаным?
– Прымаць правільныя рашэнні ў розных сітуацыях, спрэчных пытаннях, якія даводзілася вырашаць. Ставіць сябе на месца іншага чалавека. Першы мой вопыт быў яшчэ ў дзяцінстве. Тату назначылі на новую пасаду, і мы пераехалі ў іншую вёску. А там па суседстве жыла дзяўчынка, якую з-за яе задзірыстасці баяліся нават мясцовыя падлеткі-хуліганы. Я вырашыла, што эфектыўна будзе дзейнічаць толькі яе метадамі, і пры першай жа сутычцы… адлупцавала грубіянку. На сілу знайшлася большая сіла, яна пачала да мяне прыслухоўвацца, станавіцца лепшай. Мы пасябравалі, і былая задзіра неяк прызналася, што ўдзячная мне за сваё перавыхаванне. Яна нават сведкай была на маім вяселлі.
– Ваша камунікатыўнасць, уменне знаходзіць падыход да людзей, а галоўнае – неабыякавасць да чужых лёсаў (не раз даводзілася назіраць, як Антаніна Віктараўна, рэгіструючы шлюб, плача: у адных выпадках ад радасці за створаную сямейную пару, замілавання ёю, у іншых (людзей жа яна ведала выдатна) – ад горкага разумення: шчасця ў гэтай сям’і не будзе), да таго, як будзе жыць і выглядаць валкалацкі край, вядомая. Але, мусіць, любы кіраўнік пацвердзіць, што, як ні старайся, быць добрым для ўсіх немагчыма. Як перажывалі негатыўную рэакцыю, водгукі на якіясьці свае дзеянні, рашэнні з толькі добрымі намерамі, якімі, паводле вядомага выказвання, часта бывае вымашчана дарога ў пекла?
– Балюча перажывала, плакала, доўга аналізавала, дзе дапусціла хібы, як можна было паступіць па-іншаму. Але мела маральную падтрымку сваёй сям’і, блізкіх сяброў. Бязмерна ўдзячная былой старшыні Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ізабэле Чаславаўне Януковіч, можна сказаць, майму індывідуальнаму псіхолагу і мудраму чалавеку ў адной асобе. Шчыра кажу, што не азлобілася, не насіла ніколі камянёў за пазухай, не трымала крыўды ў душы – усё гэта яе раз’ядае і з’яўляецца цяжкім, непатрэбным грузам на жыццёвым шляху. Па Бібліі ж: ударылі цябе па адной шчацэ – падстаў другую. Ад сябе дадам: і адпусці сітуацыю. Гэтым паспяхова і кіруюся.
– Вы некалькі дзесяцігоддзяў пражылі разам са свекрывёю. Тут перад Вамі знімуць капялюш тысячы жанчын. Падзяліцеся, як дзве гаспадыні суіснавалі ў добрых адносінах.
– А як іначай (вочы суразмоўцы напаўняюцца слязьмі)?! Як мне яе было не шкадаваць, не паважаць? З 12-і гадоў яна сірата, у 23 стала ўдавой і так і не выйшла замуж, хаця магла б. Усё сваё жыццё прысвяціла адзінаму сыну, нашай сям’і, унукам. Я на рабоце магла без хвалявання затрымацца, бо ведала: дома, дзякуючы нашай бабулі Альбінцы, усё ў парадку. І калі яна, скажам, на градцы, дзе я намерылася садзіць моркву, загадвала пасадзіць цыбулю – я слухалася. Уступаць у дробным, цэнячы вялікае, значнае, – мне здаецца, гэта мудра. Вядома, бывала, што мы і спрачаліся, але ніколі са злосцю, крыўднымі словамі, і вельмі хутка мірыліся. З вялікім болем перанесла яе зыход з жыцця – гэта была родная для мяне душа.
– А зараз крыху пра сям’ю…
– Мой Тадэвуш Альбінавіч – лёгкі па характары, лёгкі на пад’ём, спагадлівы і добры чалавек. Наша сумеснае жыццё набліжаецца да паўвека, і мне ёсць за што мужу дзякаваць. Думаю, што і я сама не горшая на свеце жонка (смяецца). Вырасцілі з мужам дачку і сына, у якіх найперш стараліся выхаваць чалавечнасць, спагадлівасць, сціпласць, працавітасць, закласці сямейныя каштоўнасці. Цешымся зараз імі, а таксама пяццю ўнукамі і праўнукам.
– Якія зараз клопаты ў старэйшыны Антаніны Бабарыка?
– Могілкі б нашы, дзе хаваюць жыхароў 11 вёсак, канчаткова прывесці ў належны стан. Даю кансультацыі па афармленні спадчыны. Садзейнічаю, калі, скажам, трэба чалавека ўладкаваць на сацложак. Вырашаю іншыя сацыяльныя пытанні. Вельмі рада, што з дапамогай нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, да якога асабіста ездзіла на прыём, захавалася ў Валкалатах станцыя АЗС. Што яшчэ? Дужа хацелася б нам, вяскоўцам, каб, напрыклад, расцэнкі за выклік брыгады водаканала ў Докшыцы і ў вёскі, якія значна розняцца, сталі аднолькавымі.
– Ці ўзнікала ў Вас калі-небудзь жаданне вярнуцца ў пачатак жыцця і пражыць яго па-іншаму?
– Не. Лічу сябе шчаслівым чалавекам, а колькі б разоў ні давялося праходзіць свой жыццёвы шлях, ад памылак і страт усё роўна засцерагчыся немагчыма.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з архіва А. Бабарыка.