25 лет отдала работе в Докшицком райотделе статистики Зоя Бейнарович
З ветэранам статыстычнай службы Зояй Бейнаровіч, якая ўжо 16 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а працы ў Докшыцкім раённым аддзеле статыстыкі аддала чвэрць стагоддзя, мы сустрэліся ў яе дома. Зоя Аляксандраўна ахвотна паказвае нам фотаздымкі дарагога калектыву розных часоў і з вялікай цеплынёй успамінае кожнага спецыяліста, з кім давялося супрацоўнічаць.
– Прыйшла я ў аддзел статыстыкі, пры якім раней была яшчэ і машынна-вылічальная станцыя, дзе працавалі 13 аператараў, у 1982 годзе на пасаду намесніка тагачаснага начальніка аддзела Мікалая Міхайлавіча Працукевіча, – распавядае суразмоўца. – Напачатку было складана не ў плане спасціжэння азоў прафесіі, а з-за пастаяннага знаходжання ў кабінеце, можна сказаць, на адным месцы. Для мяне, агранома па адукацыі, прастор палёў і лугоў, пастаянны рух былі фізічна і душэўна неабходнымі. Але ж тут нічога перайначыць не бачылася магчымым, і паступова я прывыкла і стала атрымліваць задавальненне ад іншага: ад магіі лічбаў, цікавых звестак, удала састаўленых справаздач. Аб’ём інфармацыі, канечне, быў нашмат большым, чым зараз – у раёне налічвалася 27 калгасаў і саўгасаў, у якіх працавала у разы больш чалавек, а яшчэ ж і прамысловыя прадпрыемствы. Праўда, тады ў аддзеле статыстыкі і нас, спецыялістаў, было не тры, як сёння, а восем.
Самымі добрымі словамі характарызуе Зоя Аляксандраўна калектыў, які ўзначаліла ўжо праз два гады пасля свайго прыходу. “Цудоўны!” – паўтарае некалькі разоў. Адзначае, як ва ўнісон працавалася ёй з намеснікамі – спачатку Таццянай Клігус, затым Марыяй Кузьміцкай. Разумеліся з паўслова, раіліся, ва ўсім дапамагалі адна адной. Акцэнтуе ўвагу на тым, што ўсе спецыялісты ў аддзеле былі не толькі граматнымі і адказнымі работнікамі, а яшчэ і шчырымі, добразычлівымі, сумленнымі людзьмі. Гэта пра Тамару Байкову, Яніну Каротчык, Галіну Кучко, Людмілу Юковіч (яна і зараз працуе ў аддзеле), Алу Пецько, Ганну Малюжанец.
– З Марыяй Сігізмундаўнай Кузьміцкай, маім тагачасным намеснікам, мы, напэўна, перанеслі найбольш новаўвядзенняў, – распавядае далей Зоя Аляксандраўна. – Перастройваліся ў рабоце разам з нашымі дзяўчатамі, калі арганізаваўся міжраённы інфармацыйна-вылічальны цэнтр, куды ўвайшлі наш, Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі, Пастаўскі і Браслаўскі раёны. Асноўная дакументацыя была ў Глыбокім, і не скажу, што гэта для нас было зручным. Добра, што праіснаваў цэнтр некалькі гадоў, і ўсё вярнулася на кругі свае. З той толькі розніцай, што патрэба ў машынна-вылічальнай станцыі адпала: арганізацыі пачалі самі весці некаторую дакументацыю, напрыклад, апрацоўваць пуцявыя лісты. Такім чынам застаўся толькі наш аддзел статыстыкі.
Зоя Бейнаровіч, ураджэнка вёскі Калягі Крыпульскага сельсавета, у свой час закончыла Вялікалукскі сельскагаспадарчы інстытут, 10 гадоў адпрацавала ў калгасе “Прагрэс” брыгадзірам, чатыры – намеснікам старшыні ў калгасе імя Суворава. Сельскую гаспадарку ведала выдатна, што вельмі дапамагала на новай рабоце.
– Мы падтрымлівалі сяброўскія адносіны з работнікамі электрасувязі. Сапсуецца наш тэлетайп – бяжым туды: “Дзяўчаткі, міленькія, дапамажыце як-небудзь перадаць інфармацыю”. Ніколі не адмовілі, не сказалі: а нам гэта навошта? Зараз вось зайду да сваіх маладых калег і парадуюся: уся сучасная тэхніка ў іх ёсць для камфортнай і аператыўнай работы… Сябравалі мы і з суседзямі па будынку – журналістамі. Аляксандр Гапанёнак і Яўген Лукашэвіч да нас заходзілі, бралі патрэбную інфармацыю для напісання артыкулаў. Цудоўныя былі часы і адносіны паміж людзьмі.
Цалкам аддавацца працы Зоі Аляксандраўне дапамагаў муж Франц Гвідонавіч, з якім ідуць па жыцці рука аб руку ўжо 52 гады. Дзякуючы яму жанчына магла затрымацца ў аддзеле даўжэй – ведала: дома ўсё ў парадку.
Зоя Бейнаровіч за сваю добрасумленную працу мае шэраг узнагарод. Найбольш значныя – медаль “За працоўную адзнаку” ў сельскай гаспадарцы і Ордэн Пашаны ў статыстыцы.
– Хачу праз любімую раёнку павіншаваць усіх маіх калег, хто працуе зараз і хто ўжо, як я, на пенсіі, са святам, – просіць напрыканцы размовы Зоя Аляксандраўна. – Здароўя вам, дарагія, шчасця і радасці ў жыцці. Усіх памятаю і люблю.
Алена Харытонава, начальнік Докшыцкага раённага аддзела статыстыкі:
– Шаноўныя калегі, ветэраны статыстычнай службы, прыміце віншаванне з прафесійным святам і словы падзякі за ваш прафесіяналізм, добрасумленную працу і адданасць справе. Няхай у вашым жыцці здараюцца толькі прыемныя падзеі, не падводзіць здароўе, няхай грэе вас цяпло сямейнага ачага, а неба над галавой будзе толькі мірным.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага і з асабістага архіва.