Ряды тысячников в Докшицком районе пополняются

Вячаслаў Аніковіч з чарговай узнагародай за працоўныя дасягненні.

Вячаслаў Аніковіч з чарговай узнагародай за працоўныя дасягненні.

На мінулым тыдні ў спісе камбайнераў-тысячнікаў да свайго маладога калегі Віктара Судніка далучыўся знакаміты Уладзімір Лаўцэвіч, які не зніжае планку дасягненняў не тое што гадамі – дзесяцігоддзямі. Механізатары з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” паклалі добры зачын, і ўжо на гэтым тыдні эстафету падхапілі хлебаробы з ААТ “Таргуны”. У гэтай гаспадарцы першым высокага намалоту дасягнуў не менш вядомы як у раёне, так і ў вобласці Вячаслаў Аніковіч. Не нашмат адстаў ад таварыша Юрый Малюжанец, які ў мінулым годзе быў абсалютным лідарам на жніве.

Сёлета абодва таргуноўскія перадавікі працуюць на гомсельмашаўскіх камбайнах апошняга пакалення, можна сказаць, праводзяць апрабацыю новай тэхнікі. Вячаслаў Аніковіч, павіншаваць якога з чарговай працоўнай перамогай і ўручыць дыплом і каштоўны падарунак прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, ахвотна распавядае пра вартасці і недахопы свайго новага “карабля палёў”, уздыхае:

– Шмат паліва і часу ў такі гарачы перыяд, калі кожная гадзіна на ўліку, траціцца на пераезды: гаспадарка ж наша па плошчы ці не трэць раёна будзе. А ў навейшым камбайне яшчэ і жняярка шырынёй дзевяць метраў – мала па якой дарозе з ёю праедзеш, даводзіцца здымаць і зноў прычапляць на месцы. Аднак менавіта гэта шырыня захопу збожжа дазваляе не толькі навярстаць упушчанае, але і значна павялічыць тэмпы ўборкі. Хаця тут зноў-такі ёсць нюансы: для якаснай і аператыўнай работы поле павінна быць роўным. На невялікай ніве, з пагоркамі, схіламі, астраўкамі з дрэвамі і хмызняком, чаканага эфекту не будзе.

Вячаслаў Іванавіч дазволіў заглянуць і ў кабіну свайго новага “баявога таварыша”. Умовы для нялёгкай працы камбайнера, трэба сказаць, камфортныя: зручнае сядзенне, кандыцыянер, бартавы камп’ютар. Будзем чакаць новых працоўных перамог.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *