О рюкзаке и к рюкзаку: как жители Докшицкого района собирают детей в школу?

 

img_9442

З сярэдзіны лета большасць бацькоў пачынае хвалявацца: школа не за гарамі. Але ж загадзя, скажам, падлетка, не апранеш. У іх самы перыяд актыўнага росту, і кашуля, якую набылі ў ліпені, да канца жніўня можа пакарацець ледзь не на даўжыню манжэты. Тое ж і з абуткам. Ды і спосабаў атаварыцца зараз шмат: базары, стацыянарныя і інтэрнэт-крамы, сеткавыя магазіны. Як кажуць, на любы густ і кашалёк. Пра тое, як збіралі сваіх дзяцей да новага навучальнага года, мы спыталі ў бацькоў з розных населеных пунктаў раёна.

Валянціна, г. Докшыцы

– Дачка-студэнтка з гэтай задачай справілася самастойна. Дзякуй богу, не першы курс, тое-сёе засталося з мінулага года. Мы дапамаглі толькі, што называецца, фінансава. Яна ў нас дзяўчына не патрабавальная. А вось сына-васьмікласніка апрануць было цяжэй. Не зусім стандартная фігура. Выручылі прыватныя крамы. Каб у адной апрануць, дык не. Там – некалькі кашуль, там – спартыўны касцюм і красоўкі. Штаны купілі на рынку. «Канцылярыі» падлетку трэба значна менш, чым малодшым школьнікам. Усё знайшлі ў райцэнтры.

Марына, г. Докшыцы

– Сын практычна ні з якіх рэчаў не вырас. Купіла толькі бялізну, некалькі новых кашуль, канцтавары. На ўсё рублёў дзвесце. Не больш. Я увогуле не разумею гэтага перадшкольнага ажыятажу. Набываю па меры неабходнасці на працягу навучальнага года. Вось да зімы яму будзе патрэбна куртка новая. У кастрычніку прыцанюся, і купім ці на рынку ці ў прыватнай краме. З хлопчыкам праблем з гэтым няма, магчыма, дзяўчынкі большыя модніцы. Майму пакуль усё роўна: што ёсць, тое і надзявае. Абы было чыста і па памеры.

Аляксандр, г.п. Бягомль

– Звазіў сваіх дзяўчат у сталіцу. Наведалі ЦУМ, фірмавыя крамы з беларускімі трыкатажам і абутам. На кожную школьніцу патрацілі прыкладна каля тысячы рублёў з улікам канцтавараў. Калі шчыра, на гэту суму мы і разлічвалі. Бо дзеці, як кажа жонка, выраслі з усяго. Пакрыху адкладвалі з пачатку лета.

Ірына, аг. Крулеўшчына

– Практычна ўсё для дачкі і сына заказала на маркет-плэйсе з дастаўкай у Докшыцы. Прыехалі, адным махам прымерылі, што не падышло – вярнулі. Так жа і з абуткам. Па звычцы зазірнула ва ўнівермаг па «канцылярыю» і прадметныя сшыткі. Амаль усё там купіла. Пацікавілася выбарам адзення і бялізны: выглядае вельмі сціпла.

Алена, г. Докшыцы

– Як шматдзетная сям’я, атрымалі дапамогу да школы, купілі канцтавары і рукзак. На адзенне і абутак для малодшага школьніка патрацілі прыкладна семсот рублёў. Усё набывалі на рынку за два разы. Частку выдаткаў узялі на сябе бабуля з дзядулем. Сфарміравалі некалькі камплектаў, каб было і зручна, і акуратна. Малодшым дзецям-дашкольнікам канцтавары купілі ў сеткавай краме. Можна было шукаць зніжкі ў розных месцах. Але вырашылі сэканоміць час.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *