Лесник Докшицкого лесничества Игорь Костюк успешно совмещает трудовую и общественную деятельность

img_3371

Ігар Касцюк з Восава на маім журналісцкім алоўку быў даўно. Падстаў для гэтага шмат: і прафесійных, і чалавечых. Ужо пасля сустрэчы з героем давялося, як кажуць, для паўнаты вобразу пагутарыць з яго калегамі, аднавяскоўцамі, старшынёй Докшыцкага сельскага Савета дэпутатаў. І ведаеце, з якога выразу, нібы пад капірку, усе пачыналі сваю характарыстыку? Чалавечны, неабыякавы чалавек. А далей кожны пра сваё: не адмовіў, дапамог, параіў, зрабіў…

Так, як любіць Ігар Мікалаевіч сваё Восава, любяць малую радзіму толькі сапраўдныя патрыёты краю. Ён не шукаў лепшага хлеба ў вялікім горадзе, каб вярнуцца да каранёў на ўскрайку жыцця, калі час падсумоўваць зробленае. Не кідаў маленькую вёску нават дзеля большага камфорту, які мог бы быць у райцэнтры. Наадварот, пабудаваў хату побач з бацькавай і сваім залатым рукам знайшоў прымяненне менавіта на гэтай зямлі. Ён лічыць Восава лепшым месцам на свеце і пра іншае не марыць. Тут упершыню нароўні з бацькам стаў у плуг, чатырнаццацігадовым хлапчуком пайшоў на паляванне, абкасіў не адну сотню сотак атавы, пасадзіў дрэвы. Тут жыве да сённяшняга матуля, якая пільна сочыць за тым, каб сын памятаў пра карані, каб у годным стане трымаў не толькі сядзібу, але і пахаванні продкаў, што спачываюць на восаўскіх могілках. Сюды, у вялікую, светлую і надта ўтульную хату, да бабулі і дзядулі рвуцца прыгажуні-ўнучкі, а найперш унук. А дзед Ігар ведае, чым пацешыць малога: любы інструмент яму з дрэва выража, не кажучы ўжо пра арэлі, домікі і іншыя прыгожыя элементы, якіх багата на панадворку. Залатыя ў чалавека рукі…

img_3369

На тэрыторыі дэндрапарку Докшыцкага лясніцтва.

Дарэчы, пра рукі. Памятаеце, як у фільме “Масква слязам не верыць” сябры Гошы спрабавалі распавесці пра яго праз рукі? Дык вось шырокія, мазолістыя далоні Касцюка – гэта яго візітная картка, скарб, хлеб і жыццёвая моц. Гэтымі рукамі ён колісь так філігранна ўпраўляўся з пілой, працуючы ў лясгасе, што быў накіраваны на спаборніцтвы вальшчыкаў, дзе гадоў з дваццаць таму не было роўных глыбачанам. Але з першага разу кемлівы Касцюк зламаў гэты стэрэатып. Толькі прыехаў і ўжо заняў… не, не першае, другое месца. Навучаны жыццёвым вопытам, герой з хітрынкай усміхаецца: “Быць адразу першым нельга. Тады ты нібыта выскачка які. А вось на другі раз і потым – гэта калі ласка”. Быў час, калі майстар Ігар Касцюк узначальваў адзін з наймацнейшых майстарскіх лесанарыхтоўчых участкаў арганізацыі – № 2. Яго хлопцаў-вальшчыкаў так і называлі: “касцюкоўцы”. І гэта з гонарам. Хлопцы рабілі хутка і прафесійна – не падкапаешся. Менавіта гэты моцны касцяк вальшчыкаў з года ў год прыносіў Бягомльскаму лясгасу пераможныя месцы на прафесійных спаборніцтвах усіх узроўняў.

– Як трэніравалі хлопцаў? – пытаюся. – У чым быў сакрэт?

– Сакрэт зусім просты, – зноў жа з лёгкасцю распавядае Ігар Мікалаевіч. – Я не ленаваўся назіраць. Выступіў на спаборніцтвах – і ідзі, сачы за працай іншых. Толькі ўважліва. Абавязкова ўбачыш фішкі і сакрэты, якія ёсць у кожнага. Далей – справа толькі за табой – трэніруйся, адточвай майстэрства.

А яшчэ Ігар Касцюк мае статус суддзі міжнароднай катэгорыі і да гэтага часу не адмаўляецца браць удзел у спаборніцтвах у гэтай якасці.

У размове ён прыязны, гумарны, лёгкі, імклівы. Можа падацца, што па жыцці ён шчасліўчык, бо ўсё нібыта даецца проста так. Толькі зусім наадварот. Трынаццаць гадоў таму лёс падкінуў хваробу-выпрабаванне. Можна было б легчы ў ложак і застацца ў тым стане, калі цябе павінны літаральна карміць з лыжачкі ўсё жыццё. Ды гэта не ў яго характары. Лічыце, чалавек змог не тое што аднавіць усе фізічныя магчымасці, а зажыць жыццём з новымі, яшчэ ярчэйшымі фарбамі. Не кінуў працу ў лясгасе, апроч таго, аб’яднаў вакол сябе прафесіяналаў з розных куткоў раёна, якія могуць працаваць з дрэвам, і здолеў зрабіць гэта сваёй другой справай.

Дарэчы, абсалютная большасць элементаў з дрэва, якія так адметна ўпрыгожваюць дэндрапарк Докшыцкага лясніцтва, дзе Ігар Касцюк працуе лесніком, справа рук яго і каманды.

А зараз загадка з адным відавочным адказам. Чыю кандыдатуру шмат гадоў таму вяскоўцы прапанавалі на пасаду старэйшыны Восава? Канешне, Ігара Мікалаевіча. Не нарадуецца на свайго памочніка і старшыня Докшыцкага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Сценнік. Ён прыкмячае неабыякавасць старэйшыны да ўсяго, што адбываецца ў вёсцы. Паваліўся ў адзінокай бабулі плот – дапаможа. Трэба што з Докшыц прывезці – не адмовіць. Калі бачыць, што чалавек без працы, – абавязкова ўладкуе. Ці вось разабралі старую хату, а кавалак зямлі размешчаны нязручна, да поля не далучыш. Старэйшына арганізаваў суботнік. Талакою сабралі каменне, засеялі. Год-два – і выдатная паша атрымалася. А колькі часу таму Ігар Мікалаевіч убачыў, як нязручна чакаць аўталаўку месцічам. Дык знайшоў матэрыял, арганізаваў людзей, а яны і самі малайцы – змайстравалі два ўтульныя прыпынкі для чакання крамы на колах.

Вось і ўся характарыстыка – калі годнасць чалавека вымяраецца яго добрымі справамі, якіх за жыццё было шмат. Думаецца, што будуць і яшчэ. Ігар Мікалаевіч напрыканцы з неахвотай, але падзяліўся планамі наконт далейшага добраўпарадкавання вёскі. Толькі ўзяў слова, што раскажам пра іх толькі тады, калі задуманае ўвасобіцца ў жыццё. Інакш гэта – пустыя словы. Згодны з героем, а таму пакуль замаўкаем, спадзяёмся, што пра Восава і яго старэйшыну раскажам на старонках газеты яшчэ не аднойчы.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *