Можно ли научиться жить рядом с медведями?
Мядзведзі, якіх раней жыхары Докшыччыны бачылі толькі па тэлевізары або ў цырку ці заапарку, літаральна за апошнія два-тры гады сталі актыўна засяляць нашы лясы. Ды каб жа толькі гэта – яны сталі гаспадарыць і ў невялікіх населеных пунктах, шкодзіць на пасеках, у садах, знішчаць ураджай на палетках. Паводле статыстыкі, колькасць бурых мядзведзяў значна вырасла, у паўтара-два разы. Прытым на тэрыторыі Віцебшчыны іх не менш за тысячу, што складае больш за 70 працэнтаў усіх асобін, якія жывуць у Беларусі. Колькі іх у нашым раёне, невядома, але, мяркуючы па тым, што сустракаюцца касалапыя ў самых розных яго кутках, нямала.
Не так даўно журналісты канала АНТ пабывалі ў вёсцы Вускрам’е на Бягомльшчыне, жыхары якой ужо да наступлення прыцемкаў не пакідаюць свае двары, каб незнарок не спаткацца з мядзведзямі. Адзін чалавек увогуле ледзь паспеў уцячы ад мядзведзіцы. Сюжэт, вядома, займальны і б’е рэкорды па колькасці праглядаў у сацсетках. Але ж за ім стаіць рэальнае жыццё з рэальнай праблемай. Прызнаюся, найбольш узрушыў (далёка не адну мяне) каментарый аднаго з навуковых супрацоўнікаў Бярэзінскага біясфернага запаведніка, што трэба вучыцца жыць побач з мядзведзямі, што раней людзі так жылі, і гэта нармальна. Што нармальна, ён не ўдакладніў. Мусіць, нармальным, на яго думку, трэба лічыць тое, што людзі баяцца выходзіць з хат, а не тое што пайсці ў лес у грыбы і ягады, што дачнікі, якія ўлетку вырываюцца са сваіх гарадскіх клетак-кватэр, вязуць на лецішчы, на прыроду дзяцей-унукаў, каб тыя паспыталі вясковай вольніцы, гэтай вольніцы ўжо даць малым не могуць. Нармальна тое, што мясцовы фермер уклаў нямала сіл і сродкаў, каб вырасціць ураджай, а мядзведзі ўсе яго намаганні ператварылі ў нішто? А якой вышыні і моцы агароджамі павінны абнесці вуллі пасечнікі, каб іх нашы новыя суседзі не рабавалі? Нармальна тое, што мядзведзя ўжо можна сустрэць пасярод белага дня ў самым нечаканым месцы, паблізу або нават у самім населеным пункце?
А парады навукоўца абазначаць сябе ў лесе музыкай, гучнай размовай, хлопаннем у далоні? Маўляў, тады мядзведзь абыдзе цябе бокам. Смех! Жыхар нашага раёна распавядаў, як паехаў у чарніцы на мотаблоку. Толькі спыніўся, пачаў даставаць з прычэпа вядро, камбайн, бутэльку з вадой, як убачыў, што з-за кустоў выйшаў мядзведзь і кіруецца да яго. Чалавек усё кінуў і, молячы Бога, каб тэхніка завялася адразу (капрызіла ў гэтым плане), ускочыў на свайго малога жалезнага коніка. Рвануў з месца, і што вы думаеце, мядзведзь спужаўся гулу матора (на яго ж ён, пэўна, і выйшаў)? Ані, яшчэ і пратрусіў колькі метраў услед.
Не канкрэтызаваў вучоны, калі ж было тое “раней”, калі нашы продкі дружна жылі з мядзведзямі. Нешта мне пра гэта не расказвалі ні мае бацькі, ні дзядулі-бабулі, ды і ім іх дзяды – таксама, бо не было касалапых у нашых лясах. Больш за тое, чытаючы кнігу вядомага даследчыка-этнографа Часлава Пяткевіча пра быт сялян-палешукоў канца 18 стагоддзя, пра мядзведзяў сустрэла толькі адну згадку. На Палессі тады дужа развівалася і цанілася бортніцтва – да такой ступені, што за крадзеж мёду з чужых калод чалавеку маглі адсячы руку. Пяткевіч распавядае, што рабаванне мядзведжае было надзвычайнай рэдкасцю, бо такімі ж рэдкімі былі і самі “бурыкі”. Калі ж такое і здаралася, мужчыны гуртам ішлі на пошукі калматага злодзея і забівалі яго.
Ні ў якім разе не заклікаю нішчыць жывёліну, занесеную ў Чырвоную кнігу Беларусі. Але рэгуляваць яе, скажам так, шчыльнасць на квадратны кіламетр нейкім чынам трэба. Інакш у нашых краях ужо самі мядзведзі вынішчаць увесь маладняк ласёў, аленяў, казуль. Ды і для людзей яны, што ні кажы, рэальна небяспечныя.
Алена НЕСЦЯРОНАК.