Узнали, как жители агрогородка Крулевщина проходят диспасеризацию
Штодзень Крулеўшчынскую ўчастковую бальніцу наведвае сорак-пяцьдзясят чалавек. Нагрузка на двух урачоў з улікам таго, што абслугоўваюць яны ўсё сельскае насельніцтва, немалая.
Днямі даведаліся, як крулеўшчынцы праходзяць дыспансерызацыю, у апошні час ёй надаецца ключавое значэнне ў папярэджанні захворванняў.
Загадвае бальніцай малады доктар Святлана Вашкель з Міёраў, якая прыехала сюды па размеркаванні пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта тры гады таму. Разам з ёй працуе таксама малады ўрач агульнай практыкі Дзіяна Майсяёнак, ураджэнка нашага раёна.
– Мясцовыя жыхары паважліва адносяцца да медыцынскага персаналу, – зазначае Святлана Анатольеўна. – Не падводзяць і з медаглядамі.
Праўда, на дадзены момант дыспансерызацыю прайшло толькі 65 працэнтаў насельніцтва сельсавета. Але наперадзе яшчэ па графіку агляды работнікаў некаторых арганізацый, таму медыкі не перажываюць: усё роўна на канец года, як паказвае практыка, гэты паказчык прыблізіцца да ста працэнтаў. Канечне, адказнікі таксама ёсць: адны па ўласных перакананнях, іншыя з прычыны асацыяльнага ладу жыцця.
Непрацуючых жыхароў запрашаюць у бальніцу па тэлефоне або ў пісьмовай форме. Да нямоглых выязджаюць дадому.
Ва ўстанове ёсць магчымасць здаць аналізы, прайсці ЭКГ і іншыя працэдуры. Флюараграфічнае абследаванне можна атрымаць падчас прыезду перасоўнага кабінета або ў раённым цэнтры.
З разуменнем адносяцца крулеўшчынцы і да новаўвядзенняў у дыспансерызацыі: анкетавання, здачы дадатковых аналізаў. Трэба значыць трэба, звычайна кажуць яны.
Даведка “РВ”
У зоне абслугоўвання Крулеўшчынскай участковай бальніцы 2697 жыхароў, у тым ліку 1564 у працаздольным узросце, 404 – непаўналетнія, з якіх 19 – дзеці да аднаго года.
Стацыянар бальніцы разлічаны на 5 ложка-месцаў, дзённы стацыянар таксама на 5, столькі ж адкрыта сацыяльных ложка-месцаў.
З года ў год папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. З апошніх набыткаў – кіслародны канцэнтратар і электронныя вагі.
У сельсавеце дастаткова высокі паказчык па вакцынацыі насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі: больш за 70 працэнтаў. Штогод выкарыстоўваецца прыкладна 1700 доз вакцыны супраць грыпу. Асабліва адказныя па частцы прышчэпак людзі пажылога ўзросту. Садзейнічаюць павелічэнню вакцынуемых і старэйшыны населеных пунктаў, найбольш актыўныя з якіх – Святлана Палачаніна з Валодзькаў і Ганна Юнцэвіч з Літоўцаў. Яны самастойна арганізоўваюць збор жадаючых прышчапіцца.
Медработнікі бальніцы з мэтай прафілактыкі выступаюць у школьных і працоўных калектывах. Нярэдка старшакласнікі, будучыя абітурыенты, распытваюць іх пра складанасці працы і навучання ў медыцынскіх каледжах і ўніверсітэтах, каб вызначыцца з прафесійным выбарам. Вучоба цяжкая, адказваюць выступоўцы, і праца не з лёгкіх, але калі ўсім сэрцам імкнешся дапамагаць людзям, то гэты шлях прынясе шмат станоўчых эмоцый.
Ніна КРУКОВІЧ.