В Докшицах прошел форум молодых специалистов
Урачыстая сустрэча маладых спецыялістаў адбылася ў мінулы чацвер у райцэнтры. Сёлета на сваё першае працоўнае месца менавіта ў нашым раёне ўладкаваліся 65 юнакоў і дзяўчат, што амаль на дзясятак больш, чым летась. Па традыцыі для іх быў арганізаваны форум, на якім моладзь мела магчымасць пазнаёміцца, больш падрабязна даведацца пра Докшыччыну, а таксама сустрэцца з кіраўніцтвам раёна.
Пачалося мерапрыемства з патрыятычнай акцыі – ускладання кветак на плошчы імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.
У Докшыцкім ГЦК удзельнікаў форуму віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Фурсевіч і галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Гайчук, якая разам з актывістамі РК ГА “БРСМ” уручыла кожнаму з маладых спецыялістаў памятныя падарункі.
Шмат карыснай інфармацыі было прадстаўлена на тэматычных пляцоўках, якія для новых работнікаў раёна арганізавалі прадстаўнікі Беларусбанка і Белаграпрамбанка, райваенкамата, раённага Дома рамёстваў, гарадскога Цэнтра культуры, а таксама раённага камітэта БРСМ і Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў.
З 65 сёлетніх маладых спецыялістаў 31 – ураджэнец раёна, 34 прыбылі з іншых рэгіёнаў краіны: 26 чалавек з Віцебскай вобласці, адзін – з Гродзенскай, пяць – з Мінскай і два непасрэдна са сталіцы.
Далей удзельнікаў форуму чакала знаёмства са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Валянцінай Рандарэвіч і намеснікам старшыні райвыканкама Аксанай Палачанінай. У нефармальнай абстаноўцы маладыя спецыялісты расказалі пра сябе, пра ўмовы работы, створаныя для іх на першым працоўным месцы, пра свае захапленні.
Цікавым для моладзі стала наведванне ФСК “Ураджай”. Спачатку юнакам і дзяўчатам прапанавалі паўдзельнічаць у флэш-мобе і невялічкай “фізкультхвілінцы”. Знаёмства з паслугамі фізкультурна-спартыўнага клуба адбылося ў выглядзе квеста. Пасля актыўнага адпачынку ўсе зноў адправіліся ў райвыканкам, дзе ў форме адкрытага дыялогу адбылася сустрэча са старшынёй райвыканкама Алегам Кавалёнкам, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Валянцінай Рандарэвіч і намеснікамі старшыні райвыканкама.
– Ад умоў працы, магчымасці самарэалізавацца ў многім залежыць далейшая замацаванасць маладых спецыялістаў у раёне, – заўважыў Алег Кавалёнак. – Таму падобнае мерапрыемства – гэта шанц вырашыць пытанні, якія з’явіліся на дадзены момант. Амаль палова з вас прыехала на Докшыччыну з іншых раёнаў і нават абласцей. Вельмі хочацца, каб вы палюбілі і наш раён, якому ёсць чым ганарыцца і што паказаць. Напрыклад, ён знаходзіцца ў першай дзясятцы раёнаў вобласці па паказчыку сярэдняй зарплаты. Ёсць магчымасць атрымаць інтэрнат, арэнднае жыллё, пабудаваць кватэру. Докшыцкі раён поўнасцю газіфікаваны, кампактна злучаны транспартнымі дарогамі. Дастаткова дзіцячых садоў і школ, вучні якіх дэманструюць высокі ўзровень адукацыі. Працуе шэраг аб’ектаў для арганізацыі вольнага часу.
Падчас адкрытага дыялогу перад удзельнікамі форуму выступілі профільныя спецыялісты, якія больш падрабязна расказалі пра пастаноўку на ўлік і будаўніцтва жылля для тых, хто мае ў гэтым патрэбу, пра льготнае крэдытаванне маладых спецыялістаў і магчымасці трапіць у перспектыўны кадравы рэзерв. Пра свае першыя крокі ў любімай прафесіі распавяла адна з членаў кадравага рэзерву раёна намеснік начальніка ўпраўлення ўліку філіяла аблспажыўтаварыства Ганна Савіцкая.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.