Организовать настоящий праздник могут культработники автоклуба Докшицкого района
Стварыць сапраўднае свята ў розных, нават самых неверагодных умовах пад сілу культработнікам клуба на колах. Не можаце вы прыйсці на канцэрт – тады яны прыйдуць да вас, парадуюць песнямі, падораць цудоўны настрой, назапасяць пазітывам. Асабліва доўгачаканым госцем аўтаклуб з’яўляецца ў маланаселеных, аддаленых вёсках раёна. Іх жыхары звычайна становяцца не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія ладзяцца заезджымі артыстамі.
– Дзейнасць аўтаклуба прыносіць вельмі шмат карысці, – упэўнена загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці раёна Вятлана Гарбачова. – Жыхары аддаленых населеных пунктаў не адчуваюць сябе забытымі. З якой радасцю яны сустракаюць аўтаклуб! З якім задавальненнем падпяваюць і танцуюць! Як шчыра апладзіруюць і дзякуюць! Людзі чакаюць нас, тэлефануюць, цікавяцца, калі мы прыедзем. Усяго ў зоне абслугоўвання сектара, у якім разам са мной культарганізатарам працуе Вольга Кругляніна, 21 населены пункт з агульнай колькасцю жыхароў больш за 1 200 чалавек. З канцэртамі, акцыямі, тэатралізаванымі гульнявымі праграмамі ў цесным супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі культуры выступаем па шасці распрацаваных маршрутах. Сёлета актыўна наведвалі з канцэртамі малочна-таварныя фермы гаспадарак раёна. Падчас гэтых сустрэч звычайна перадавікі вытворчасці атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Прыязджаем да вяскоўцаў і з віншаваннямі з прафесійнымі святамі, юбілеямі, адначасова праводзім акцыю “Повязь часоў”, запісваючы ў старажылаў абрадавыя песні, традыцыі. А колькі тэатралізаваных забаўляльных праграм было арганізавана на этнакультурнай сядзібе “Вецяра”!
Кожны з работнікаў аўтаклуба – асоба вядомая і таленавітая. Вятлана Гарбачова – дыпламант і лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Больш за дзесяць гадоў у сферы культуры шчыруе на радасць людзям Вольга Кругляніна. Яна адна з салістак вакальнага ансамбля “Кружева”, выдатная выканаўца гумарэсак, большасці з якіх з’яўляецца аўтарам. Амаль заўсёды поруч з дзяўчатамі акампаніятары – музыканты Аляксандр Букаты і Алег Каляга. Алег Пятровіч некаторы час быў загадчыкам аўтаклуба. Яго стаж на сцэне як артыста, калі ўлічыць, што ўпершыню перад вялікай аўдыторыяй яму давялося выступаць у пяцігадовым узросце, – ужо больш за 55 гадоў. Музыкант-акардэаніст, вакаліст, удзельнік такіх вядомых калектываў Докшыччыны, як ансамблі “Касары” і “Землякі”, ВІА “ХХ век”. Акрамя гэтага, ні адно мерапрыемства не абыходзіцца без яго як мастака па святле Докшыцкага ГЦК.
У цесным супрацоўніцтве працуе аўтаклуб з бібліобусам. У гэтым годзе культработнікі і бібліятэкары сталі ўдзельнікамі абласнога сумеснага праекта ўстаноў культуры па формах нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва “Ура! Канікулы: у аб’ектыве дзеці”. У яго межах у перыяд летніх канікул вясковыя дзеці і падлеткі атрымлівалі новыя веды і ўменні: знаёміліся з цікавымі фактамі гісторыі сваёй малой радзімы, вывучалі правілы бяспечных паводзін, удзельнічалі ў шматлікіх майстар-класах, танцавальных праграмах і канцэртах, у якіх былі не толькі гледачамі, а і непасрэднымі артыстамі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.