У многодетной мамы Ольги Хилько из Бегомля есть пять причин для счастья

dscn4244

14 кастрычніка адзначалася адно з самых светлых свят – Дзень маці, калі мы віншуем сваіх дарагіх, любімых мам. Многія з іх – проста прафесіяналы ў сямейнай справе. Уявіце, як гэта – расціць і выхоўваць не аднаго-двух, а пяцёра дзяцей! А сапраўды, як? Гэта пытанне мы задалі Вользе Хілько з Бягомля, якая сёлета ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці.

– Цудоўна! – усміхаецца Вольга Казіміраўна, якая і выглядае цудоўна ў акружэнні сваіх трох малодшых мужычкоў. – Я ніколі не разумела выразу “пажыць для сябе”. Няўжо людзі атрымліваюць ад гэтага задавальненне? Калі разабрацца, аднаму чалавеку няшмат і трэба. А паўнацэнным жыццё бывае, калі ў цябе ёсць пра каго клапаціцца, ёсць каго любіць. І любоў, якая жыве ў мацярынскім сэрцы, мне здаецца, не дзеліцца на колькасць дзяцей – памнажаецца!

Як аказалася, мы добра знаёмы з татам нашай гераіні – адным з самых знакамітых працаўнікоў у галіне жывёлагадоўлі раёна, былым загадчыкам малочнатаварнай фермы “Бабцы” Казімірам Шпэтам, пра якога ў нашай газеце быў цэлы шэраг публікацый. А пра тое, што такое шматдзетная сям’я, Вольга ведае не па чутках – у яе шасцёра братоў і сясцёр! “Я сярод іх лідар па колькасці дзяцей”, – смяецца.

З вялікім здзіўленнем даведваемся, што ў свае сорак адзін Вольга Казіміраўна ўжо бабуля, – старэйшая і адзіная дачушка, дзевятнаццацігадовая Аня, падарыла ёй нядаўна ўнучку Васілісу. Міша, на год меншы за сястру, атрымаў запатрабаваную на рынку працы прафесію газаэлектразваршчыка і вось-вось пойдзе служыць у армію. Чатырнаццацігадовы Жэня – першы і галоўны мамін памочнік, апякун і настаўнік малодшых, сямігадовага Максіма і Арсенія, якому яшчэ толькі год і чатыры месяцы. Жэня вучыцца ігры на баяне ў музычнай школе, любіць танцы, актыўны ўдзельнік рознага роду спартыўных спаборніцтваў. Максім, самы сціплы і сарамлівы з гэтай прыгожай тройцы, з жыццёвымі прыярытэтамі пакуль не вызначыўся, кажа, усё цікава. Ну а малому Арсеніку пакуль што проста цёпла і ўтульна пад маміным крылом. Праўда, і ў яго ўжо ёсць жыццёвыя выпрабаванні, якія ён пераносіць па-мужчынску стойка: цяжкавата рэжуцца зубкі.

Размову з прыязнай і гасціннай сям’ёй Хілько вядзём за гарбатай на ўтульнай кухні іх кватэры па вуліцы Лепельскай, пераезд у якую адбыўся з вёскі Бабцы крыху больш за два гады таму. Цікаўлюся ў мамы, якім чынам удаецца падтрымліваць парадак і чысціню ў доме.

– З малых гадоў прывучаю дзяцей да гэтага, – ахвотна дзеліцца жанчына. – Як гаворыцца, большыя кантралююць меншых. Патрабую строга – такі быў “статут” сям’і, дзе выхоўвалася сама, і лічу яго правільным: чалавек, у якім бы ўзросце ні быў, не павінен ствараць вакол сябе беспарадак. Да таго ж арганізаванасць, акуратнасць дапамагаюць эканоміць час для адпачынку, занятку для душы. Зараз вось знаходжуся ў водпуску па доглядзе за дзіцем, дык асноўныя клопаты па вядзенні гаспадаркі, вядома ж, на мне. Але хлопцы не прападуць і без маёй апекі: памыць, прыбрацца ў кватэры, прыгатаваць нескладаныя стравы, зрабіць пакупкі, пераапрануць і пакарміць Арсенія – усё гэта яны могуць і робяць, калі трэба. Не адношуся да катэгорыі жанчын, якія здзьмухваюць са сваіх дзяцей пылінкі, – у дарослае жыццё іх трэба выпусціць падрыхтаванымі, а не інфантыльнымі няўмекамі. Люблю іх бязмежна, на ласкавыя словы, пахвалу, пацалункі не скуплюся. Але калі мае мужчыны ў чымсьці правіняцца, ведаюць: будуць адказваць за дрэнны ўчынак па ўсёй строгасці.
Прашу Вольгу Казіміраўну падзяліцца яе “рэцэптам” выхавання дзяцей. Задумваецца.

– Ведаеце, мусіць, агульнага “рэцэпта” не вынайшлі нават самыя мудрыя педагогі. І мы, бацькі, не застрахаваны ад нейкіх памылак, і дзеці розныя: хтосьці прыслухоўваецца да бацькоўскіх парад, а камусьці для разумення нейкіх ісцін патрэбна набіць уласныя шышкі. Скажу адно: дзяцей трэба любіць усім сэрцам, з імі трэба пра ўсё гаварыць, вырашаць сумесна іх праблемы, выслухоўваць іх меркаванні незалежна ад узросту, часта гаварыць, што любіш іх, ганарышся імі.

Пытаюся напрыканцы ў шчырай суразмоўцы, ці шчаслівая яна.

– Так, – адказвае. – У мяне для гэтага цэлых пяць прычын.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *