Склад хранения нефтепродуктов № 8 в агрогородке Крулевщина обслуживает шесть районов
Сёлетні год знакавы для РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”: прадпрыемства, якое займае вядучыя пазіцыі на рынку, адзначае 100-гадовы юбілей. Асноўныя віды дзейнасці кампаніі – гэта аптовы і рознічны гандаль нафтапрадуктамі, спадарожнымі таварамі, грамадскае харчаванне і паслугі гасцініц. Сваю дзейнасць прадпрыемства таксама ажыццяўляе праз сетку аўтазаправачных станцый, тры міні-наліўныя тэрміналы і пяць складоў захоўвання нафтапрадуктаў, адзін з якіх функцыянуе ў Крулеўшчыне.
Cклад захоўвання нафтапрадуктаў № 8 у аграгарадку ўзначальвае Леанід Барыла.– Калектыў, у якім працуюць 16 чалавек, усяго толькі частка маштабнай структуры, – расказвае Леанід Тадэвушавіч. – Наша асноўная задача – прыём, захоўванне, улік і рэалізацыя нафтапрадуктаў. Імі забяспечваем сельгасарганізацыі і прамысловыя прадпрыемствы, аўтазаправачныя станцыі. Абслугоўваем шэсць раёнаў: Докшыцкі, Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі, Браслаўскі, часткова Ушацкі і Верхнядзвінскі.
Нафтабаза ў Крулеўшчыне была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1974 годзе. З часам знос тэхналагічнага абсталявання дасягнуў ста працэнтаў, а асноўныя аб’екты займелі патрэбу ў капітальным рамонце. Таму ў 2017 годзе быў рэалізаваны маштабны праект – рэканструкцыя склада захоўвання нафтапрадуктаў. Яна дазволіла аўтаматызаваць працэс прыёму, захоўвання і рэалізацыі ўсіх відаў і марак нафтапрадуктаў, павысіць узровень пажарнай і прамысловай бяспекі аб’екта, а таксама мінімізаваць выкіды пары вуглевадародаў у атмасферу.
Адначасова праводзілася і рэканструкцыя рэзервуарнага парка склада захоўвання для прыёму нафтапрадуктаў ад магістральнага нафтапрадуктапровада. Ён прызначаны для паслядоўнай перакачкі аўтабензіну і дызельнага паліва метадам прамога кантактавання ад ААТ “Нафтан” на склад захоўвання нафтапрадуктаў. Рэканструкцыя паспрыяла значнаму зніжэнню транспартных затрат, скараціла час пракачкі нафтапрадуктаў і павялічыла аб’ёмы адгрузкі па ўчастку Наваполацк – Круляўшчызна.
У калектыве працуюць высокакваліфікаваныя, граматныя спецыялісты, падкрэслівае Леанід Тадэвушавіч. Яны здольны выконваць шырокі спектр работ. Дарэчы, персанал стымулюе і дастойная зарплата, і поўны сацыяльны пакет. Ёсць усе неабходныя ўмовы не толькі для працы, а і для адпачынку.
З 2000 года на складзе працуе Таццяна Юнцэвіч – адна з вопытнейшых работніц. Пачынала Таццяна Канстанцінаўна ў бухгалтэрыі, затым некалькі гадоў была аператарам таварным. З 2017 года прызначана майстрам.
– У пажарным плане прадпрыемства лічыцца выбухованебяспечным, таму галоўнае для нас – строга захоўваць дысцыпліну, ні на паўкрока не адхіляцца ад патрабаванняў аховы працы, – гаворыць майстар. – Люблю сваю работу і стараюся добрасумленна выконваць абавязкі. Калектыў наш дружны, а прафсаюзнае жыццё насычанае.
На балансе РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” знаходзяцца 73 АЗС, якія размешчаны на тэрыторыі Віцебскай вобласці, і адна – у Магілёўскай, 5 складоў захоўвання нафтапрадуктаў, 49 аб’ектаў грамадскага харчавання: кафетэрыі, міні-кафэ, а таксама кафэ з поўным цыклам прыгатавання ежы і рэстаранным меню, дзве мыйкі аўтамабіляў. На прадпрыемстве працуе амаль 1100 чалавек.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.