«Бегомльскому музею от сына командира диверсионной бригады им. В.И. Ленина Максима Горбатенкова»

gorbatenkovm-t

Максім Гарбаценкаў

muzejМаксім з кнігі Міхася Лынькова

За шклом музейнай экспазіцыі ляжыць кніга “Моладзь Беларусі ў баях за Радзіму”. Выдавецтва “Савецкая Беларусь”, 1943 год. На адной з пачатковых старонак надпіс: “Бягомльскаму музею ад сына камандзіра дыверсійнай брыгады ім. У.І. Леніна Максіма Гарбаценкава”.

Сяргей Максімавіч прывёз гэты падарунак у Бягомльскі музей народнай славы ў 1999 годзе. У кнізе сярод іншых твораў – апавяданне Міхася Лынькова “Знішчальнікі эшалонаў”, у аснову якога пакладзены факты пра дзеянні дыверсійнай групы партызанскай брыгады ім. У.І. Леніна. Прататыпам галоўнага героя з’яўляецца Максім Гарбаценкаў. Кніжнага камандзіра таксама завуць Максім, імёны яго таварышаў пісьменнік не называе наўмысна. Бо колькі іх, герояў Айчыннай, што не шкадавалі свайго жыцця дзеля жыццяў іншых?!

dscn2927

Лес. Ноч.

Нясцерпна ныюць павярэджаныя ногі. Муляюць мяшкі на спіне. Абрываюць плечы прыкрыя лямкі. Ные рука пад вінтоўкай. А сцежка ідзе і ідзе, без канца і без краю.

Непрыкметна двое, што замыкаюць невялічкую калону з 9 чалавек, пачынаюць мурлыкаць ціхую песню. Але пярэдні, які ідзе з аўтаматам і прагна ўглядаецца ў густую цемень ночы, у паўголаса падае каманду:

– Песню адставіць! Быць напагатове!

Уперадзе расступіўся лес. Трэба пераправіцца праз чыгуначны насып. Далей – праз раку. Змайстравалі невялічкі плыт, пагрузілі на яго рэчы і перабраліся на другі бераг. І ўжо зусім пасвятлела.

Прывал. Спаць! А двое застаюцца на варце. Ды Максім – камандзір – ускарабкаўся на высозную хвою. Старанна аглядае мясцовасць. Вырашыў, што далей прыйдзецца ісці балотам.

Наступная ноч выдалася цяжкая. Балота цягнулася бясконца. Церусіў дробны дождж, прамачыў усіх да апошняй ніткі.

Зусім прысталі хлопцы, змарыліся. Але разам страпянуліся, калі ўперадзе суха шчоўкнуў затвор вінтоўкі. То быў партызанскі дазор. А праз колькі хвілін хлопцы грэліся ўжо ў партызанскіх шалашах. Дні са два адпачывалі пасля доўгай дарогі, потым узяліся за працу. Добра вывучылі рух цягнікоў, прыгледзеліся да ўзброеных нямецкіх пастоў, устанавілі час змены каравулаў, часы патрульных абходаў. А пасля падрыўнікі прыступілі да баявых аперацый.

За два месяцы пусцілі пад адкос сямнаццаць варожых эшалонаў з тэхнікай, з жывой сілай, з боепрыпасамі. Разбіта васямнаццаць паравозаў. Раструшчана на мэтлухі каля трох соцень вагонаў. Пры крушэннях загінула да чатырох тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.

Старэйшаму з падрыўнікоў – вясёламу, жыццярадаснаму камандзіру атрада Максіму – было больш за дваццаць гадоў. Усім астатнім – па васямнаццаць. За бясстрашныя, гераічныя ўчынкі яны атрымалі ўзнагароды: Максім – ордэн Леніна, шэсць яго таварышаў – ордэны Чырвонага Сцяга, яшчэ два – ордэны Чырвонай Зоркі.

(Сюжэтная лінія апавядання Лынькова)

Максім Гарбаценкаў – адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай і Вілейскай абласцях у Вялікую Айчынную вайну.

Нарадзіўся Максім Трыфанавіч 6 ліпеня 1915 года ў в. Вялікія Хутары Хіславіцкага раёна Смаленскай вобласці ў сялянскай сям’і. З 1933 года пачаў працаваць. Напярэдадні вайны, з 1940 года, займаў пасаду загадчыка Докшыцкага райфінаддзела.

У партызанах з лютага 1942 года. Быў камандзірам дыверсійнага атрада, у лютым – маі 1943 года камісарам, а ў маі 1943-га – ліпені 1944 года камандзірам Беларускай дыверсійнай партызанскай брыгады асобага прызначэння імя У.І. Леніна. Адначасова – членам Докшыцкага падпольнага РК КП(б)Б, а з сакавіка 1944 года – сакратаром райкама.

Партызанская брыгада імя У.І. Леніна дзейнічала ў Суражскім, Талачынскім, Ушацкім, Дунілавіцкім, Докшыцкім, Пліскім, Глыбоцкім раёнах. Злучылася з часцямі Чырвонай Арміі 1 ліпеня 1944 года ў складзе трох атрадаў агульнай колькасцю 315 партызан.

У пасляваенны перыяд Максім Трыфанавіч працяглы час працаваў у партыйных і савецкіх органах: першым сакратаром Miёpcкaгa РК КПБ, старшынёй Казлоўшчынскага, Вілейскага i Пухавіцкага райвыканкамаў, з 1966-га па 1977 год – да выхаду на пенсію – начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама.

Як сцвярджалі яго калегі, Гарбаценкаў быў здольным арганiзатарам, прынцыповым чалавекам, патрабавальным i чулым кipaўніком. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Выбіраўся членам абласнога камітэта партыі, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і абласнога Савета народных дэпутатаў.

Максім Гарбаценкаў узнагароджаны двума ордэнамі Лeнінa, ордэнамі Айчыннай вайны I i II ступеней, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, многімі медалямі.

Не стала гэтага мужнага чалавека, персанальнага пенсіянера саюзнага значэння 13 сакавіка 1981 года.

А памяць жыве. У тым ліку вось і ў гэтай кнізе, пажоўклай з часам. У подзвігу няма тэрміну даўнасці.

Падрыхтавала Ніна Круковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *