Не один десяток последователей воспитал учитель физкультуры Ситцевской СШ
Імя настаўніка фізічнай культуры і здароўя Сітцаўскай сярэдняй школы Іосіфа Чэрняніна ў спартыўнай галіне раёна даўно ўжо стала, калі можна так выказацца, брэндавым. Як вядома, паспяховасць і самарэалізацыя ў педагагічнай дзейнасці вызначаецца не толькі высокімі ацэнкамі вучняў, іх паступленнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы, колькасцю ўдзячных выпускнікоў, але яшчэ і колькасцю паслядоўнікаў, а іх у Іосіфа Гераімавіча не адзін дзясятак.
Палюбіць прадмет, які складана даецца, кожны ведае, нялёгка. У Чэрняніна выдатна атрымліваецца прывіваць любоў да фізкультуры нават у тых, для каго турнік уяўляецца прыстасаваннем для катавання і ў каго толькі ад слова “лыжы” ўзнікаюць дрыжыкі. Якім чынам?
– Найперш уласным прыкладам, – зазначае. – А яшчэ павінен быць дух спаборніцтва. Часта бывае, што ў класе ёсць вучні з добрымі прыроднымі дадзенымі, якія не прыкладаюць ніякіх намаганняў, каб іх удасканальваць, і вучні слабейшыя ў плане фізпадрыхтоўкі, але старанныя і мэтанакіраваныя. І я раблю асноўны ўпор спачатку на іх. Калі яны па спартыўных выніках даганяюць, а пасля і абыходзяць мацнейшых таварышаў, тыя, што называецца, чухаюць патыліцу і задаюцца пытаннем: як жа так? І ўрэшце пачынаюць займацца як належыць і, адпаведна, перамагаць і займаць прызавыя месцы на спаборніцтвах.
Іосіф Гераімавіч, з дзяцінства апантаны спортам, мог бы зрабіць у ім уласную кар’еру, але жыццёвыя абставіны чамусьці ўвесь час складваліся не на яго карысць. Хаця… можа, там, на нябёсах, і бачылі яго зямное назначэнне ў тым, што ён таму, чаго дасягнуў сам (настаўнік з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па лыжных гонках, неаднаразовым пераможцам рэспубліканскіх першынстваў па гэтым відзе спорту, а таксама па біятлоне, выступаў на ўсесаюзных спаборніцтвах, у тым ліку і па футболе, мог бы стаць – зноў-такі, каб не абставіны, іграком вядомай у свой час расійскай хакейнай каманды “Металург” і г.д.), павінен навучыць іншых.
– Я і сам прыйшоў да гэтага падчас службы ў арміі, у Германіі (таленавітага юнака і там заўважылі: іграў у футбол за батальён сувязі, а затым і за нямецкую каманду), – гаворыць Іосіф Гераімавіч. – Бачыў, як многія хлопцы прыходзяць на службу зусім непадрыхтаванымі, як ім цяжка. Падумаў: пайду працаваць у школу – унясу сваю лепту ў тое, каб такіх воінаў было менш.
І ўнёс – немалую, калі ўлічваць, што працуе ён з 1986 года, і працягвае гэта рабіць. З прыходам пасля 27 гадоў работы ў Гарадзішчанскай базавай школе ў Сітцаўскую, якая па спартыўным рэйтынгу была на той час апошняй, 12-й, у раёне, ужо на трэці год вывеў яе на першае месца. І да гэтага, як кажуць, нічога не трэба дадаваць.
Раён мог і страціць такога высакакласнага спецыяліста: пасля заканчэння інстытута фізічнай культуры Чэрняніна запрашалі на трэнерскую работу на лыжную базу ў Гарадку, дзе да гэтага ён, ураджэнец Пастаўскага раёна, вучыўся ў тэхнікуме і праславіў яго сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Былі і іншыя прапановы. Адмовіўся, застаўся. Сапраўды, не месца ўпрыгожвае чалавека… Пацвярджэннем гэтаму цэлая каманда падрыхтаваных ім выдатных спартсменаў, сярод якіх трэнеры па лёгкай атлетыцы ДЮСШАР Уладзіслаў Буглак і Арцём Кучыц, ураджэнец Гарадзішча Валерый Кацейка, прызёр лыжных 50-кіламетровых марафонаў у Расіі, Германіі, Фінляндыі, яго сястра Вольга Кацейка, якая працуе трэнерам па лёгкай атлетыцы ў сталіцы, і многія іншыя.
Гады ідуць, а Іосіф Гераімавіч гэтак жа, як у маладосці, апантаны спортам, у выдатнай фізічнай форме – прыклад і арыенцір для сваіх вучняў. І, думаецца, усё ў яго жыцці склалася належным чынам, бо ён – дакладна! – на сваім месцы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.