Богатство прячется в песках: репортаж с асфальтобетонного завода в Докшицком районе

img_8225

Асаблівасць работы асфальтабетоннага завода філіяла “Докшыцкае ДРБУ № 180” КУП “Віцебскаблдарбуд” – суседства з пясчаным кар’ерам, дзе здабываюцца будаўнічыя матэрыялы. Побач наладжана вытворчасць па іх перапрацоўцы. Уся гэта тэрыторыя знаходзіцца ў эксплуатацыі ДРБУ. Асфальтабетонны завод працуе дваццаць гадоў. А самой пясчанай распрацоўцы хутка паўвека.

“Стаміўся за лета”

Едзем з Уладзімірам Місачэнкам, начальнікам філіяла, у Рабінавік – урочышча за дзесяць кіламетраў ад Докшыц, дзе і знаходзіцца ўсё гэта багацце. Насустрач імчаць гружаныя пяском, гравіем і друзам МАЗы.

– Ад нас, – заўважае Уладзімір Аляксеевіч. – За дзень пад сотню рэйсаў ажыццяўляецца, а то і больш. Шмат прадаём у сваім і іншых раёнах – набываюць арганізацыі вобласці і людзі.

– З дастаўкай? – удакладняю.

– Прапануем, але не заўжды. У гарачую пару, калі ўкладваем асфальт, наша тэхніка занята – нават тры-чатыры чужыя машыны наймаем.

І вось мы зварочваем з дарогі Докшыцы – Гліннае ў бок лесу, і праз метраў дзвесце погляду адкрываецца дзівосны від на пясчаныя і каменныя “горы”, упадзіны ад выпрацовак і пятляючыя дарогі. Жвава курсіруе тэхніка, і на ўсю ваколіцу грукочуць грохаты (вібрацыйныя сіты для раздзялення сыпучых матэрыялаў па памерах кавалкаў або часціц) і драбільны комплекс.

Лабарант-падліковец Аксана Слабыш.

Лабарант-падліковец Аксана Слабыш.

А найбольш унушальна выглядае сам асфальтабетонны завод – ён узвышаецца над мясцовасцю і ўражвае сваімі памерамі, хаця на самай справе ў параўнанні з больш магутнымі ён невялікі – куплены якраз пад патрэбы раёна. З наступленнем халадоў завод спыняе сваю дзейнасць, таму ў дадзены час там ідуць толькі завяршальныя работы.

– Стаміўся ён за лета, – гаворыць пра завод як пра жывую істоту Уладзімір Аляксеевіч. – Працаваў у сухаце і пыле, палаў агнём. Яго штогадовы сезон – з красавіка па лістапад. Сёлета выпушчана асфальтабетону ўдвая больш, чым летась: амаль 21 тысяча тон. Асноўныя інгрэдыенты для падрыхтоўкі асфальтабетоннай сумесі – пясок, друз, адсеў і бітум. Апошні завозім з Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода, астатняе – сваё. Работнікі, якія працавалі тут у цёплы час, перайшлі на драбілку. Астатняя вытворчасць не спыняецца – зімой дробім і сеем, нарыхтоўваем матэрыял.

img_0695Пра гісторыю прадпрыемства і ў прыватнасці пра завод і распрацоўку пясчанага кар’ера, напэўна, ніхто лепш не распавядзе, чым сам кіраўнік філіяла, бо яго стаж у ДРБУ – сорак тры гады, на цяперашняй пасадзе – з 2012-га, а да гэтага быў дарожным майстрам і каля трох дзясяткаў гадоў – галоўным інжынерам.
– Да 2003 года тут стаяў просты самаробны заводзік, – расказвае ён. – Але ўсё роўна клалі досыць якасны асфальт. У савецкі час, калі функцыянавалі два такія заводы, выпускалі па 40 тысяч тон асфальтабетону ў год. Пасля развалу СССР аб’ёмы рэзка скараціліся і ўзнавіліся толькі дзякуючы абуладкаванню аграгарадкоў пасля прыняцця дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гады. Потым зноў наступіў спад, а з 2017 года – рост: мы асфальтавалі асноўныя дарогі згодна з праграмай “Дарогі Беларусі” на 2017–2020 гады. Па той жа праграме на 2021–2025 гады асфальтуем прасёлачныя дарогі. Вытворчыя магутнасці дазваляюць вырабляць на нашым заводзе да 40 тысяч тон асфальтабетоннай сумесі ў год.

Сярод гор

Мы рушым з Уладзімірам Аляксеевічам на тэрыторыю з “горамі”. Перш-наперш ён паказвае гонар вытворчасці – пясок першага класа, які вырабляецца толькі ў адным філіяле КУП “Віцебскаблдарбуд” – Докшыцкім.

– У сваю бытнасць галоўным інжынерам гарэў ідэяй атрымаць такі пясочак – чысценькі, без каменьчыкаў і прымесей, – прызнаецца кіраўнік. – Вывучыў нарматыўку, але як атрымаць на практыцы? На якасць уплывала вільготнасць, чысціня забою, многія іншыя фактары. Метадам апрабавання, мяняючы сіты, рэгулюючы працэс прасейвання, усё ж дабіліся жадаемага. Аднак атрымаць такі пясок можам толькі ў сухое надвор’е. Будаўнікі палюбілі яго і выкарыстоўваюць у асноўным для заліўкі падлогі. Заказаў за сезон многа – каля 5 тысяч тон і больш.

Вадзіцель МАЗа Мікалай Андрыеўскі працуе на вытворчасці больш за трыццаць гадоў.

Вадзіцель МАЗа Мікалай Андрыеўскі працуе на вытворчасці больш за трыццаць гадоў.

Уладзімір Аляксеевіч паказвае пясок другога класа, гравій, драблёны друз з гравію і граніту розных фракцый, пясчана-гравійную і друзава-пясчана-гравійную сумесі, драблёны адсеў – уся гэтая прадукцыя ДРБУ № 180 карыстаецца попытам. Адзначаю сабе, што мой сённяшні гід, вядомы як даволі строгі чалавек, называе прадукты свайго прадпрыемства вельмі ласкава: “кругленькі гравіёчак”, “чысценькі пясочак” і г.д. Праз такія дэталі падсвядома праяўляецца сапраўдная любоў да сваёй справы.

Генералы кар’ера

Тым часам знаёмімся з работнікамі вытворчасці, не менш адданымі ў працы.

Непасрэдны начальнік кар’ера – старшы майстар Вячаслаў Барздыка, які кіруе вытворчасцю больш за трыццаць гадоў. “Прафесіянал”, – коратка і ёмка характарызуе яго Уладзімір Місачэнка. Адзіная прадстаўніца чароўнай паловы чалавецтва – Аксана Слабыш, лабарант і падліковец, праводзіць выпрабаванні матэрыялаў на якасць, вядзе улік водпуску прадукцыі. На пагрузчыках працуюць машыністы Аляксандр Казачонак, Сяргей Дорц і Уладзімір Козел. Машыніст асфальтавай устаноўкі – Аляксандр Сачына, яго памочнік – Юрый Будрэвіч. Грахатоўшчык, ці сартавальнік матэрыялаў, – Аляксей Міснік. Вадзіцелі МАЗаў – Мікалай Андрыеўскі і Аляксандр Вайцяховіч.

Нягледзячы на прыгожыя краявіды наўкол, наўрад ці хтосьці з людзей шчыра лічыць сваю работу рамантычнай. Таму што працоўная дзейнасць небяспечная, патрабуе асаблівай пільнасці і канцэнтрацыі ўвагі.

Да 100 тысяч кубоў пяску перапрацоўваюць у ДРБУ № 180 за год

Да 100 тысяч кубоў пяску перапрацоўваюць у ДРБУ № 180 за год

Перспектывы

Вакол дзеючых забояў – каля 38 гектараў рэкультываваных зямель, на якіх расце малады лес. “І ўжо грыбы збіраюць”, – усміхаецца Уладзімір Місачэнка. Дарожнікі не пакідаюць на месцы выпрацоўкі пустэчу, а паспяхова праводзяць работы па аднаўленні ўрадлівасці зямлі.

– Якія перспектывы ў гэтага кар’ера? – пытаю.

– Яшчэ на гадоў пяць здабыча забяспечана, – адказвае начальнік. – Запасы заканчваюцца, і ў будучым патрэбна шукаць новыя пясчанікі, бо будоўля без іх немагчымая.

Тэкст і фота Ніны КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *