Михайлов день праздновали в детском саду № 2 г. Докшицы

img_1300

Веданне нацыянальнай культуры, народных традыцый і звычаяў дапамагае сфарміраваць у чалавека ўсведамленне сваёй прыналежнасці да беларускага этнасу. І рабіць гэта варта з ранняга дзяцінства. Педагогі дзіцячага сада № 2 г. Докшыцы рэалізоўваюць праект па полікультурным выхаванні. У гэтым ім дапамагае зварот да народнага календара, дзе адлюстраваны мудрасць, веды, вопыт жыццёвых назіранняў беларуса-селяніна.

Родная мова, песні, гукі народных танцаў поўнілі актавую залу ўстановы на мінулым тыдні: выхаванцы старэйшай групы святкавалі Міхайлаў дзень.

Міхайла Архайла – апошняе свята ў гадавым коле. Палявыя работы завершаны, вось-вось зямлю накрые снег. У многіх беларускіх вёсках прынята было ўшаноўваць у гэтых дзень людзей сталага веку – бабуль і дзядуляў. Унукі звычайна стараліся адведаць сваіх родных, прынесці ім падарункі, а таксама выказаць сваю павагу і пашану. Вось і вырашылі маленькія дакшычане не адыходзіць ад традыцый і зладзілі свята для сваіх родных людзей.

Выхавацель Маргарыта Увароўская і музычны кіраўнік Вераніка Кубельнік прадумалі сцэнарый да дробязей. Усе ўдзельнікі мерапрыемства – і вядучыя, і дзеці – былі апрануты ў народныя касцюмы.

Спачатку выхаванцы расказалі гасцям пра прыкметы Міхайлава дня, потым чыталі вершы, спявалі песні. А ў жартоўных інсцэніроўках, якіх падрыхтавалі некалькі, паказалі сябе сапраўднымі артыстамі. Не абышлося свята і без танцаў. Народную “Весялуху” і сучасны “Бульба-дэнс” хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі на выдатна. Пад гукі апошняга гледачам у зале цяжка было ўседзець на месцах, настолькі рытмічна і запальна танчыла дзятва. Гучныя апладысменты ў якасці ўзнагароды не прымусілі сябе доўга чакаць.

Вельмі расчуліў бабуль і дзядуляў, а таксама бацькоў момант, калі дзеці дарылі ім віншавальныя паштоўкі. Колькі цеплыні, пяшчоты было ў абдымках дарагіх людзей! На такой чуллівай ноце свята завяршылася.

img_1244 img_1250 img_1259

Загадчык дзяржаўнай установы дашкольнай адукацыі “Дзіцячы сад № 2 г. Докшыцы” Ірына Курушка:

– Адукацыя, пачынаючы з дашкольнага ўзросту, павінна садзейнічаць, з аднаго боку, усведамленню дзіцем сваіх каранёў і магчымасці вызначэння свайго месца ў свеце, а з другога – фарміраваць павагу да іншых ідэй і поглядаў. Полікультурнае выхаванне – гэта выхаванне дашкольнікаў на культуры народа рэгіёна, дзе яны пражываюць, у прыватнасці на беларускіх традыцыях і звычаях.

Азнаямленне дзяцей з нацыянальнай духоўнай спадчынай адбываецца праз інтэграцыю адукацыйных абласцей “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”, “Развіццё маўлення і культура маўленчага развіцця”, “Выяўленчае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Мастацкая літаратура”, “Фізічная культура”. Штогод у садзе святкуюцца Калядкі, Масленіца, Гуканне вясны, Купалле, Пакроў, праводзяцца абрады і іншыя мерапрыемствы, звязаныя з каляндарным цыклам.

Хлопчыкі і дзяўчынкі любяць разглядаць тэматычныя ілюстрацыі, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, удзельнічаць у інсцэніроўках і ролевых гульнях, дзе, напрыклад, дапамагаюць лялькам рыхтавацца да свята. Падабаюцца дашкольнікам экскурсіі ў раённы Дом рамёстваў і арганізаваныя ў дзіцячым садзе выставы. Педагогі імкнуцца, каб выхаванцы ўсвядомілі, што яны з’яўляюцца носьбітамі беларускай народнай культуры.

Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.

img_1269 img_1270 img_1272 img_1286 img_1290 img_1293 img_1297 img_1301 img_1307 img_1310 img_1312

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *