Мероприятие, посвящённое малой родине, прошло в агрогородке Берёзки Докшицкого ройона
«З вялікай любоўю да малой радзімы» — такую назву мае праект, у рамках якога з 2019 года ў сельсаветах раёна ладзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне і захаванне духоўнай і культурнай спадчыны малой радзімы. У мінулыя выхадныя сустрэча з цікавымі людзьмі і славутымі землякамі адбылася ў аграгарадку Бярозкі. Ганаровым госцем свята стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Шчырымі ўсмешкамі віталі бярозкаўцы адзін аднаго, збіраючыся ў фае мясцовай школы, дзе і была арганізавана ўрачыстасць. Да яе пачатку зацікаўлена разглядалі творчыя выставы землякоў, а таксама фотаздымкі, якія быццам машына часу вярталі ў мінулае.
Па традыцыі свята пачалося з уручэння святочнага каравая – сімвала дабрабыту, які атрымала кіраўнік дэпутацкага корпуса сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская.
– Праект “З вялікай любоўю да малой радзімы” пачынаючы з 2019 года быў рэалізаваны амаль ва ўсіх сельсаветах Докшыччыны, – у прывітальным слове гаварыла Валянціна Рандарэвіч. – Гэта сумесная ініцыятыва сельскіх Саветаў дэпутатаў і тады яшчэ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Асаблівасць праекта ў тым, што яго ўдзельнікі маюць магчымасць вярнуцца да вытокаў, успомніць гісторыю сваёй малой радзімы, прыгадаць людзей, якія штодня працуюць, каб праслаўляць яе. Вельмі прыемна чуць, як жыхары тых населеных пунктаў, дзе мерапрыемства ўжо адбылося, просяць працягваць яго праводзіць.
А якое свята без узнагарод? За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета падзякай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адзначаны кіраўнік спраў Бярозкаўскага сельвыканкама Жанна Насеннік і настаўніца Бярозкаўскай БШ Аксана Сініца, падзяку раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” яе старшыня Валянціна Рандарэвіч уручыла старэйшыне аграгарадка Бярозкі Марыне Зікрацкай.
З прывітальным словам да землякоў звярнулася Таццяна Славікоўская.
– Край наш адметны сваёй гісторыяй, – гаварыла Таццяна Валер’еўна. – Аб далёкім мінулым сведчаць вялікія курганы і могільнікі, каменныя крыжы ў вёсцы Шклянцы і рэшткі разбуранай царквы ў вёсцы Вілейка. Нялёгкая доля напаткала ў гады Вялікай Айчыннай вайны: 320 нашых землякоў не вярнуліся ў родныя мясціны, каля сотні загінулі ў партызанах, 290 мірных жыхароў былі загублены і спалены фашысцкімі карнікамі. Больш за трыста землякоў прайшлі цяжкімі шляхамі вайны, пра іх ратныя подзвігі сведчаць шматлікія ўзнагароды. Ураджэнец Кромавіч Аляксандр Іванавіч Чэрныш пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Бярозкаўская зямля падарыла свету такіх знакамітых асоб, як аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь Нестар Сакалоўскі, паэт Эдуард Зубрыцкі, браты-мастакі Міхаіл і Павел Барздыкі. Асноўнае багацце кожнага краю – гэта яго людзі, а у нас яны – шчырыя, добрыя і працавітыя. Ветэраны працы, не шкадуючы здароўя і сіл, працавалі на палях і фермах, вучылі дзяцей, лячылі хворых, будавалі дамы, закладалі грунтоўны падмурак для будучага пакалення.
Шэраг узнагарод атрымалі бярозкаўцы ад старшыні сельскага Савета дэпутатаў. За добраўпарадкаванне і ўтрыманне сядзібы падзякамі адзначаны Сяргей і Марына Зікрацкія, Аляксандр і Лілія Лях, Мікалай і Раіса Маліноўскія, Валянціна Падбярэзская, Наталля Белева, Таццяна Кізіна. За актыўны ўдзел у правядзенні работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў узнагароды атрымалі Канстанцін Насеннік, Яўген Лях і Васіль Крыцкі.
Госцем свята стала намеснік дырэктара ААТ “Харошае” Лілія Аўсейка, якая за сумленную працу ў сельгаспрадпрыемстве падарункамі адзначыла Дзмітрыя і Андрэя Юрэвічаў, Генадзя Насенніка, Сяргея Зікрацкага, Юрыя Пэндзіка, Сяргея Бярозку, Сяргея і Івана Насеннікаў і Уладзіміра Прадзеда.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бягомльскага лясгаса Алена Курныш у сваю чаргу ўзнагародзіла падзякамі прадпрыемства лесніка Бярозкаўскага лясніцтва Дзмітрыя Гмызу і вальшчыка лесу Вітуніцкага лясніцтва Юрыя Тарноўскага.
На свяце прыгадалі прозвішчы цудоўных людзей, якія стваралі і ствараюць гісторыю маленькай радзімы. У іх гонар гучалі не толькі падзякі, але і музычныя падарункі ад артыстаў народнага ансамбля народнай песні “Раніца”, салістаў народнага ансамбля “Землякі” Віктара Арлоўскага і Святланы Шпак, а таксама народнай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Вятланы Гарбачовай, Святланы Гмызы і Ганны Кавальчук.
Самы маленькі жыхар сельсавета – Глеб Шыла, якому хутка споўніцца два гады.
З самых старэйшых – 95-гадовая Зоя Собаль з вёскі Кромавічы, якая працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Таксама 95 гадоў роднай сястры Героя Савецкага Саюза Аляксандра Чэрныша Яўгеніі Усціновіч, якая ўсё жыццё працавала ў саўгасе імя Чэрныша. У вёсцы Асінавік пражывае 97-гадовая Ганна Ляшчынская, якая працавала ў Бягомльскім лясгасе. 93-гадовая Антаніна Паляк, якая працавала даяркай у саўгасе “Вітунічы”, жыве ў вёсцы Мацееўцы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.