С верой душе живет Анна Янукович из агрогородка Волколата
Ганна Януковіч з аграгарадка Валкалаты – жанчына вельмі сціплая і, па яе ўласным прызнанні, быць у цэнтры ўвагі ніколі ў жыцці не імкнулася. Аднак гэты чалавек, за што ні бярэцца (а ў грамадскім жыцці, што называецца, яе хата ніколі не была з краю), робіць тое з найвялікшай адказнасцю і якасна даводзіць да канца. Якая б агульная справа ні сабрала разам валкалатцаў, Ганна Калікстаўна абавязкова прыме ў ёй удзел. Былая загадчыца паштовага аддзялення і раней рэгулярна наведвала мясцовы касцёл. Прыходзіла не толькі на імшу, але і шмат часу аддавала догляду за храмам, добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, увогуле адзначылася ў ліку самых актыўных памагатых ксяндзоў (зараз гэта ксёндз пробашч Алег Півавар) – мае ў гэтым духоўную неабходнасць.
– Дык я не адна такая! – увесь час у нашай размове Ганна Калікстаўна імкнецца “павярнуць” да займенніка “мы”. – Работы ж у касцёле і вакол хапае круглы год: гэта ўборка, абкошванне траў, пасадка, праполка, паліванне кветак, догляд за магіламі, за газонам, упрыгожванне храма да свят, якісьці дробны рамонт – усяго не злічыць. І большасць валкалатцаў адгукаецца і прыходзіць на дапамогу – варта толькі паклікаць. Пералічыць усіх – палову газетнай старонкі спішаце. Ну а заўсёдная наша каманда – гэта Антаніна Бабарыка, Ніна Падляшчук, Леакадзія Дач, Ірына Адамовіч, Рэгіна Ярмаковіч, Яніна Плюта, Ала Кішко. Таксама актыўна далучаюцца да нас, як толькі атрымліваецца прыехаць, Марына Жыхар з Мінска, Людміла Янкавіч з Маладзечна.
Выхаваная ў веры з самага маленства, мая гераіня свята пераканана ў тым, што рэгулярнае наведванне храма не зробіць чалавека лепшым і чысцейшым, калі адначасова з гэтым ён не распачне будаўніцтва храма ў сваёй душы. І асновай, падмуркам таго храма яна лічыць сумленнае жыццё.Любіць бліжніх, не крыўдзіць і не крыўдзіцца, не гневацца і не зайздросціць, дараваць і прасіць даравання, не маніць, не асуджаць і многае іншае. Скажаце, немагчыма? Ганна Януковіч гаворыць: вельмі складана, але імкнуцца да гэтага трэба, каб найперш быць у згодзе з самім сабой, са сваім сумленнем.
Родам Ганна Калікстаўна з суседняй Мядзельшчыны, з вёскі Пятрэлеўцы, якая знаходзіцца зусім блізка і ад нашага, і ад Пастаўскага раёнаў. З малых гадоў дзяўчынка захапілася кнігамі, таму і выбар будучай прафесіі стаў адназначным – яна закончыла адзіны на той час у краіне Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і адпрацавала шаснаццаць гадоў у бібліятэцы вёскі Загацце, што ў Валкалацкім сельсавеце. Яе ўласнаму чытацкаму кругагляду і зараз можна толькі пазайздросціць: ад класікі да сучаснага фэнтэзі.
На пачатку дзевяностых Ганна Калікстаўна з мужам і двума сынамі пераязджае ў Валкалаты: пачатковая школа ў Загацці закрылася, падвозу вучняў з навакольных вёсак у школы тады яшчэ не было, і хлопчыкам у Валкалаты дабірацца было далекавата. Работы па спецыяльнасці маладой жанчыне на цэнтральнай сядзібе калгаса не знайшлося, а вось начальнікам паштовага аддзялення яе з ахвотай узялі. На гэтай пасадзе Ганна Калікстаўна рупілася больш за дваццаць гадоў і пакінула пра сябе ў вяскоўцаў самыя добрыя ўспаміны, бо ніхто і ніколі не бачыў яе сярдзітай ці раздражнёнай, а толькі ветлівай, прыязнай, усмешлівай, гатовай прыйсці на дапамогу, аказаць паслугу. Шмат гадоў Валкалацкае паштовае аддзяленне пад яе кіраўніцтвам было ў раёне ў ліку лепшых, а сама Ганна Калікстаўна мае шэраг працоўных узнагарод абласнога ўзроўню. Імкненне да ўзорнага парадку ў рабоце – яшчэ адна яе рыса. Нездарма святло ў вокнах аддзялення магло гарэць яшчэ дзве-тры гадзіны пасля заканчэння рабочага дня, і ўсе ведалі: гэта Калікстаўна заседжваецца, каб навесці ў дакументах і справаздачах поўны ажур.
Зараз жыццё гэтай цудоўнай жанчыны ціхае і размеранае: вырасціўшы двух разумных і працавітых сыноў, цешыцца ўнукамі, займаецца домам. Як і раней, шмат чытае, ходзіць з сяброўкамі на прагулкі – падтрымлівае фізічную форму, апякуецца над валкалацкім касцёлам і працягвае будаваць свой светлы храм у душы.
Тэкст і фота Алена НЕСЦЯРОНАК.