В Докшицкой ЦРБ возобновил работу кабинет фиброгастроскопии
Кабінет закрылі ў 2020 годзе, у складаны кавідны час, пасля чаго докшыцкія пацыенты вымушаны былі ездзіць на працэдуры ў Полацк ці Віцебск.
У гэтым годзе кабінет абставілі новай мэбляй, а набытае раней дарагое медыцынскае абсталяванне прайшло тэхнічнае абслугоўванне.
Фібрагастраскапію, або эндаскапічнае даследаванне органаў страўнікава-кішачнага тракта, праводзіць малады доктар Дзмітрый Сачына. У нашай бальніцы Дзмітрый Міхайлавіч трэці год, тут жа праходзіў інтэрнатуру, займае пасаду загадчыка педыятрычнага аддзялення. Сёлета закончыў курсы перападрыхтоўкі на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і атрымаў кваліфікацыю ўрача-эндаскапіста.
– З дапамогай гастраскопа можна ацаніць стан сценак страўніка, слізістай абалонкі стрававода і часткі дванаццаціперснай кішкі, – расказвае доктар. – Метад выкарыстоўваецца пры гастрытах, падазрэннях на язвы, пухліны, пры іншых захворваннях. Даследаванні бясплатныя і праводзяцца толькі па накіраванні ўрача. Пацыенты ў пісьмовай форме даюць згоду на складанае медыцынскае ўмяшальніцтва.
Разам з эндаскапістам у кабінеце працуе медсястра Марына Жданько.
– Працэдура бязбольная, але непрыемная, – характарызуе ФГС Марына Міхайлаўна. – Таму, каб супакоіць пацыентаў, мы стараемся быць максімальна далікатнымі.
За тры месяцы з дня адкрыцця кабінета на прыём прыходзілі людзі рознага ўзросту: ад 14 да 90 гадоў, але асноўная маса – 50–70-гадовыя. За дзень, а дакладней кажучы, за паўдня (медработнікі працуюць на паўстаўкі), можна прыняць тры-чатыры чалавекі, планава і экстранна. Павялічыць гэтую колькасць немагчыма, бо поўная апрацоўка і дэзынфекцыя апарата доўжыцца каля гадзіны.
Запіс ідзе прыкладна на два тыдні наперад.
– Стрававальную сістэму лепш за ўсё абследаваць з дапамогай зонда, – гаворыць Дзмітрый Сачына. – Аднак існуюць і альтэрнатыўныя варыянты. Напрыклад, капсульная эндаскапія, якую можна прайсці ва ўстановах аховы здароўя буйных гарадоў. Задача праглынутай капсулы з камерай – зрабіць фотаздымкі. З арганізма яна выводзіцца натуральным шляхам. Перавагі гэтага метада для пацыента – псіхалагічныя, адсутнасць ірвотнага рэфлексу. Недахопы – немагчымасць зрабіць біяпсію і прыцэльныя здымкі дэфектаў.
Дарэчы, матэрыялы біяпсіі докшыцкіх пацыентаў накіроўваюцца ў Віцебскае абласное клінічнае патолагаанатамічнае бюро, вынікі аналізаў гатовы прыкладна праз дзесяць дзён.
Наведванне кабінета ФГС, зразумела ж, ніяк не асацыіруецца з пазітыўнымі эмоцыямі. Тым не менш пацыенты шчыра дзякуюць урачам за магчымасць прайсці працэдуру менавіта ў сваёй бальніцы.
Тры пытанні ад пацыентаў
Адказвае ўрач-эндаскапіст Дзмітрый Сачына:
– Ці можна прайсці ФГС пад наркозам?
– Можна, але ў Докшыцах пакуль не практыкавалі. Такая працэдура зойме шмат часу.
– Ці можна пашкодзіць горла гастраскопам?
– Не. Гастраскоп уяўляе сабой гнуткую гумовую трубку без металічных выступаў.
– Як мінімізаваць ванітаванне?
– З дадзенай мэтай перад абследаваннем урач расказвае пацыенту пра правільныя паводзіны. Гэтаму спрыяе і анестэтык лідакаін, якім спырскваюць зеў.
Ніна КРУКОВІЧ.