Николай Гильченко более десяти лет является депутатом Докшицкого сельского Совета депутатов
Не словам, а справай. Менавіта так павінен дзейнічаць народны абраннік, лічыць дэпутат Докшыцкага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Гільчанка, якому, акрамя гэтай пасады, даверана быць яшчэ і старэйшынам вёскі Падомхі.
Мікалай Андрэевіч (у мінулым ваенны, старшы прапаршчык) знаходзіцца на пенсіі. Па нацыянальнасці – украінец, жыў у Латвіі, адтуль разам з жонкай пераехаў у Докшыцкі раён. Прыняў беларускае грамадзянства. Усім сэрцам палюбіў Беларусь, у якой адчувае камфорт і спакой, дзе жывуць шчырыя і добразычлівыя людзі.
Дэпутацкі стаж Мікалая Андрэевіча складае больш за дзесяць гадоў. Зона адказнасці хоць і невялікая, але вельмі важная, і, здаецца, з клопатамі і праблемамі, якія часам узнікаюць у аднавяскоўцаў, ён спраўляецца выдатна.
– Некалькі гадоў таму ў населеным пункце нявырашаным заставалася пытанне з вадой: працякаў стары водаправод, – расказаў Мікалай Гільчанка. – Тады ўдалося арганізаваць людзей на яго замену, прычым сваімі сіламі і за ўласныя сродкі.
А ў мінулым годзе справіліся яшчэ з адной праблемай. Не давалі спакою 25 бяроз, якія вымахалі на мясцовых могілках. На адным з суботнікаў вырашылі, што іх пара зрэзаць, бо былі выпадкі, калі дрэвы з-за ветранага надвор’я падалі на помнікі. Таму сабралі грошы (2000 рублёў), зноў жа ахвяравалі нераўнадушныя аднавяскоўцы. Прыехалі альпіністы з Гарадка і прыбралі ўсе аварыйныя насаджэнні. Драўніна, дарэчы, не прапала, спатрэбілася на ацяпленне для аб’ектаў ААТ “Барсучанка”. Сёлетняй вясной пасля абрэзкі дрэў навялі амаль ідэальны парадак на пахаваннях, у тым ліку на тых, якія няма ўжо каму даглядаць.
– Падомхі нашы прыгожыя, – гаворыць дэпутат. – Кожны гаспадар стараецца трымаць сваю сядзібу дагледжанай. Шмат і тых, хто жадае пабудаваць тут новы дом. Хацелася б толькі, каб дарогу, якая ўжо гадоў 35 не ведала рамонту ў прыгараднай вёсцы, адрамантавалі, бо ўся яна ў выбоінах. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час наша мара ажыццявіцца.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.