10 лет назад открылся водно-оздоровительный центр в городе Докшицы
Свой першы юбілей святкуе водна-аздараўленчы цэнтр
Дзесяць гадоў таму, акурат пад Новы год, Докшыцы атрымалі выдатны падарунак – у цэнтры горада адкрыўся водна-аздараўленчы цэнтр.
Будаўніцтва аб’екта, які стаў найлепшым сродкам прапаганды здаровага ладу жыцця і арганізацыі вольнага часу дакшычан і гасцей горада, было падтрымана Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нашым дэпутатам Уладзімірам Андрэйчанкам.
Акрамя сродкаў, выдаткаваных на будаўніцтва з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, на ўзвядзенні комплексу былі таксама задзейнічаны грошы, заробленыя жыхарамі раёна на некалькіх суботніках. 4 студзеня 2014 года аднапавярховы будынак па вуліцы Школьнай з трыма 25-метровымі дарожкамі, гідрамасажам, трэнажорнай залай, саўнай і душавымі расчыніў свае дзверы для першых наведвальнікаў.
Ад пачатку да сённяшніх дзён
Першым дырэктарам цэнтра стаў Ігар Галінскі. Разам з ім ля вытокаў стаялі адміністратары Ірына Карандзей і Марыя Падцяроб, бухгалтар Марыя Баброўская, медсястра Жанна Волах, інструктары Аляксандр Вайцяховіч і Генадзь Краўчонак.
Марыя Падцяроб: – У першыя месяцы работы складанасцей хапала. Спачатку мы не ведалі, як запускаць людзей, як кантраляваць час іх знаходжання ў басейне, як афармляць дакументы, бо працоўны дзень быў з васьмі раніцы і да 23 гадзін. Хочацца адзначыць, што кожны ў калектыве разумеў гэту сітуацыю. Разам шукалі выйсце. Часам, каб зацікавіць наведвальнікаў, ішлі ім на ўступкі: напрыклад, дазвалялі паплаваць даўжэй. У першыя дні работы ўвогуле паслугі былі бясплатнымі. Многім работнікам прыходзілася працаваць не па спецыяльнасці. Басейн быў уведзены ў эксплуатацыю, аднак, як і на любым падобным аб’екце, калектыву давялося папрацаваць талакою, каб наведвальнікам было камфортна.
Ірына Карандзей: – Лічу, што асабліва няпроста прыйшлося нашым інструктарам. Не ўсе, хто прыходзіў у басейн, умелі плаваць. Ахвотных пазаймацца ў трэнажорнай зале было столькі, што прапускалі іх па папярэднім запісе. Але Аляксандр Уладзіслававіч і Генадзь Іосіфавіч прафесіяналы і могуць знайсці падыход да запытаў кожнага кліента.
Марыя Баброўская: – Каб наладзіць работу з дакументацыяй, прыйшлося звярнуцца па парады ці не ва ўсе басейны рэспублікі! Але дзякуючы намаганням кожнага члена калектыву працэс пайшоў. На работу ішлі як на свята. Прыемна было, калі, акрамя докшыцкіх аматараў здаровага ладу жыцця, у водна-аздараўленчы цэнтр пачалі прыязджаць з суседніх раёнаў. Дарэчы, многія з глыбачан, нягледзячы на адкрыццё ВАЦ у іх райцэнтры, усё роўна едуць у Докшыцы.
Першапачаткова ў водна-аздараўленчым цэнтры прапаноўваліся паслугі басейна, трэнажорнай залы і саўны. Але з кожным годам да іх дабаўляліся новыя. Так, у 2017 годзе тут дзейнічала восем секцый, у якіх аздараўленчым плаваннем займалася больш за 200 вучняў з розных школ раёна, прычым бясплатна. Праз год такіх секцый было больш за дзесяць. У кастрычніку 2018 года, на радасць пераважна жаночай палове наведвальнікаў, у ВАЦ распачаліся заняткі па аквааэробіцы. У 2019 годзе сумесна з ФСК “Ураджай” цэнтр арганізоўвае работу груп па адаптыўным плаванні, куды запрашае асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Нават падчас пандэміі на комплексе, якім на той час ужо кіравала Таццяна Ярашэвіч, не марнавалі час з-за спынення дзейнасці па прычыне эпідэміялагічнай абстаноўкі, а вырашылі правесці традыцыйны тэхнічны перапынак. Пры гэтым зрабілі мадэрнізацыю душавых: ператварылі іх у асобныя кабінкі. Яшчэ праз год наведвальнікі водна-аздараўленчага цэнтра атрымалі магчымасць займацца пілатэсам.
Напачатку 2022 года адбылася рэарганізацыя, і ВАЦ перайшоў пад ФСК “Ураджай”, які ўзначальвала Ірына Марковіч. Цяпер ім кіруе Алена Грыгор’ева.
Сёння ў ФСК “Ураджай” арганізаваны спартыўныя секцыі па валейболе, настольным тэнісе, міні-футболе і плаванні. На яго балансе – тры трэнажорныя залы і гарадскі спартыўны стадыён. Акрамя гэтага, тут прапаноўваюцца турыстычныя паслугі, пракат спортінвентару і рэалізуюцца тавары. Вялікім поспехам працягваюць карыстацца аквааэробіка і пілатэс. Для дзяцей узростам ад 6-і да 11-і гадоў пачала сваю дзейнасць аздараўленчая група “Дэльфінчык”, у якой можна навучыцца плаваць.
За мінулы год спартыўную ўстанову наведала больш за 28 тысяч чалавек, толькі на дзейнасці басейна было зароблена каля 74-х тысяч рублёў.
Сярод тых, хто вось ужо на працягу дзесяці гадоў бесперапынна наведвае комплекс, пенсіянеры Зоя Модаль і Аліна Гмырак, пастаянныя ўдзельнікі спаборніцтваў па плаванні Аляксандр Ярыжанец, Аляксей Ковель і Аксана Дулінец, а таксама Арцём Паноў, Аляксандр Гмыза, Аляксей Мячын, Мікалай Ючковіч, Максім Ломаш, Галіна Броніна і Аліна Шэлемава. Сем’ямі ідуць аздараўляцца дакшычане Палідаўцы і Валодзькіны, Красільнікавы, Мадамавы і Пранько, глыбачане Ліпчыкі і Карабёнкі. Некалькі разоў на тыдзень спяшаюцца пасля работы актыўна адпачыць сем’і Баран з Крулеўшчыны і Цяльновых з Параф’янава. Раз на тыдзень на аўтобусе прыязджае паплаваць і аздаравіцца ў басейне пенсіянерка з Крулеўшчыны Марыя Юнцэвіч. Гадавыя абанементы традыцыйна набываюць Павел Бахановіч, Руслан Зарэмба, Анатоль Гмырак і Аляксандр Дутняк, а таксама індывідуальны прадпрымальнік з Глыбокага Дзмітрый Якімовіч разам з братам Аляксандрам. Увайшло ў добрую звычку набываць абанементы для сваіх работнікаў такімі арганізацыямі, як хлебазавод, філіял ДРБУ-180, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, РЭС, Беларусбанк і Аграпрамбанк, завод “Ветразь”, аддзел Дэпартамента аховы, Белтэлекам, Докшыцкая ЦРБ, раённыя прадпрыемствы і ўчасткі Беларускай чыгункі і многія іншыя.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.