РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» расширил спектр бытовых услуг
Цяпло ў доме, бесперабойная падача халоднай і гарачай вады, чыстыя і добраўпарадкаваныя вуліцы – увесь гэты дабрабыт для нас на працягу многіх гадоў ствараюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А нядаўна, дакладней з лістапада 2022 года, пасля таго як РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” атрымала ў “спадчыну” “Бытавік”, спектр бытавых паслуг пашырыўся.
– На жаль, прадпрыемства дасталася з даўгамі, прычым з вялікімі, таму працуем пакуль са стратамі, – адзначае дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Каляга. – Разам з тым шукаем шляхі і варыянты выхаду са складанай сітуацыі. Так, у гэтым годзе ўдзельнічалі ў тэндары на мыццё пасцельнай бялізны для школ і дзіцячых садоў. У выніку нашы прапановы аказаліся лепшымі і будзе заключаны дагавор на абслугоўванне. Спадзяёмся, што ў далейшым заказчыкаў стане яшчэ больш.
Сапраўды, трапіўшы ў рукі іншага гаспадара – камунгаса, у Доме быту пачалі адбывацца змены. Звонку, напрыклад, з’явілася заасфальтаваная аўтастаянка з парковачнымі месцамі, у тым ліку для вадзіцеляў-інвалідаў. Перад цэнтральным уваходам у будынак адрамантаваны прыступкі з элементамі безбар’ернага асяродку.
Некаторыя памяшканні, дзе непасрэдна аказваюцца бытавыя паслугі, таксама відазмяніліся. Экскурсію праводзіць намеснік галоўнага інжынера РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Яўген Кучыц.
– Для зручнасці і камфорту кліентаў, асабліва старэйшага ўзросту, цырульня пераехала з другога паверха на першы, – распавядае Яўген Анатольевіч. – У прасторным кабінеце зрабілі рамонт, закупілі новае абсталяванне, неабходныя для работы персаналу інструменты. Дарэчы, нашых цырульнікаў добра ведаюць у раёне. На працягу многіх гадоў працуюць Іна Ткачова, Алена Станкевіч, Алена Міхалевіч. Летась да каманды майстроў далучылася малады спецыяліст Карына Мацкевіч. Дзяўчаты працуюць не толькі на месцы. Скажам, каб пафарбаваць валасы, зрабіць стрыжку альбо прычоску кліентам, якія жывуць у Бягомлі ці, напрыклад, у Крулеўшчыне і Параф’янаве, па графіку, у вызначаныя дні дзяўчаты выязджаюць на ўчасткі. За 2023 год тэмп росту выручкі ад паслуг цырульні па раёне склаў 113 працэнтаў у параўнанні з 2022 годам.
Вельмі зручным стала і тое, што на першым паверсе, у холе, з’явілася месца, дзе кліенты могуць пачакаць сваёй чаргі. Там ёсць і канапа, і тэлевізар.
У Доме быту працуе таксама цэх па пашыве пасцельнай бялізны з тканіны айчыннай вытворчасці. Заказы на яе пашыў, а таксама іншых вырабаў і рамонт адзення ад насельніцтва прымае швачка са стажам Ванда Пяцько.
– Апошнім часам адной з запатрабаваных паслуг з’яўляецца чыстка падушак з пяра і пуху, – расказвае Яўген Кучыц. – Для гэтага летась набылі спецыяльную машыну. Устаноўка аснашчана камбінаванай сістэмай ачысткі з павялічаным аб’ёмам ачышчальных адсекаў. Дзякуючы гэтаму пухавы матэрыял падвяргаецца больш якаснай фільтрацыі ад пылу і смецця. Так, са жніўня па снежань аператарам ачышчана 880 кілаграмаў вырабаў з пяра.
Хоць і невялікая, але яшчэ адна навінка – адпарвальнік – з’явілася ў пральні. Заплаціўшы 2 рублі 50 капеек, зрабіць тканіну гладкай і роўнай можна за 15 хвілін. Прыкладна столькі часу спатрэбіцца, каб адпарыць сукенку. На рэч большых памераў можа спатрэбіцца паўгадзіны.
Другі і трэці паверхі будынка не пустуюць. Памяшканні, якія знаходзяцца там, камунальнікі здаюць у арэнду. Выгадна ўласніку і зручна наведвальнікам, калі ў адным месцы можна зрабіць стрыжку, макіяж, купіць абноўку, сфатаграфавацца, адрамантаваць абутак і атрымаць іншыя паслугі.
Таксама ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” можна арандаваць легкавыя тэнтаваныя прычэпы. Кошт паслугі за суткі: аднавосны – 30 рублёў, двухвосны – 40 рублёў.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.