Интервью с начальником управления по труду, занятости и социальной обороне Докшицкого райисполкома Еленой Туловской

Калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: злева направа (стаяць)Наталля Гамановіч, Ала Вайцяховіч, Вячаслаў Палянін, Вераніка Лупіновіч, Алена Тулоўская; (сядзяць) Таццяна Модаль, Анжаліка Гільніч, Вольга Камінская.

Калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: злева направа (стаяць)Наталля Гамановіч, Ала Вайцяховіч, Вячаслаў Палянін, Вераніка Лупіновіч, Алена Тулоўская; (сядзяць) Таццяна Модаль, Анжаліка Гільніч, Вольга Камінская.

5 СТУДЗЕНЯ — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ. ДА 105-ГОДДЗЯ СТВАРЭННЯ СІСТЭМЫ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ

З нагоды такога значнага юбілею вядзём размову з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Тулоўскай.

– Алена Аляксееўна, колькі людзей працуе ў сістэме сацыяльнай абароны раёна і якія кірункі мае іх работа?

– На сённяшні дзень гэта 220 чалавек. Наша агульная місія – аказваць дапамогу ў розных сферах жыцця пажылым людзям, грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі, ветэранам, шматдзетным сем’ям, дзецям і ўвогуле ўсім тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Думаю, пра кожнага нашага супрацоўніка можна сказаць, што гэта чалавек на сваім месцы, бо векавая гісторыя пацвярджае: у прафесіі работнікаў сацыяльнай абароны сканцэнтраваны лепшыя чалавечыя якасці: дабрыня, душэўнасць, бескарыслівасць, міласэрнасць, сумленнасць, уменне суперажываць і гатоўнасць адклікнуцца на чужую бяду. Усім хачу падзякаваць за самаадданую працу, пра кожнага хацелася б сказаць добрыя словы. Напярэдадні свята не магу не адзначыць нашых ветэранаў, якія былі і застаюцца для нас прыкладам ва ўсім. Значны след у развіцці справы пакінулі Кацярына Скараходава, якая кіравала аддзелам сацыяльнай абароны, Лідзія Гушчык, якая ўзначальвала службу занятасці, Галіна Усціна, былы дырэктар цэнтра занятасці, Марыя Курдзека, што стаяла ля вытокаў стварэння тэрытарыяльнага цэнтра і больш за 20 гадоў кіравала ім.

– Ці адбыліся змены ў сістэме за апошнія гады?

– Найбольшыя – у функцыянальнай нагрузцы. Сёння перад намі пастаўлена шырокае кола задач у сацыяльна-працоўнай сферы, у сферах аховы працы, пенсіённага забеспячэння, сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у дзяржаўнай падтрымцы інвалідаў, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Асаблівы клопат аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны – іх, на жаль, засталося толькі двое, аб асобах, прыраўнаваных да іх, малалетніх вязнях. Вялікую дапамогу ў развіцці сістэмы аказваюць раённы выканаўчы камітэт, сельвыканкамы, арганізацыі раёна, рэлігійныя структуры. Цудоўна, што ў нас працуюць два аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў – у аграгарадках Сітцы і Крулеўшчына, аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту ў Докшыцах. Велізарны фронт работы ў ТЦСАН, і з кожным годам кола паслуг пашыраецца. Дарэчы, да юбілею быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс “105 ідэй для развіцця галіны”, і ТЦСАН прыняў у ім актыўны ўдзел з ідэяй аб стварэнні тэлеграм-канала “7-я_Докшицы” для інфармацыйнай падтрымкі сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх работнікаў сістэмы сацыяльнай абароны раёна, ветэранаў працы з юбілеем, з прафесійным святам і пажадаць моцнага здароўя, шчасця, у дамах – радасці і дабрабыту, у сэрцах – любові, у намерах – мудрасці, у рабоце – выдатных вынікаў і новых поспехаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *