В сельхозорганизациях Докшицкого района готовят технику к посевной кампании
Студзень – час, калі на палетках сельгаспрадпрыемстваў жыццё практычна замірае, а вось на мехдварах яно не спыняецца ніколі. У гаспадарках яшчэ ў снежні прыступілі да рамонту трактароў, машын і агрэгатаў, якія будуць задзейнічаны найперш у пасяўной, а затым у корманарыхтоўчай кампаніях.
Як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар – начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Пётр Несцяровіч, на рамонт тэхнікі з раённага бюджэту сёлета выдаткавана 600 тысяч рублёў. Сродкі будуць засвойвацца паступова. Так, на першы квартал – а гэта рамонт тэхнікі да пасяўной кампаніі – плануецца зрасходаваць 300 тысяч рублёў. На сённяшні дзень для капітальнага рамонту на Віцебскі і Заходнядзвінскі маторарамонтныя заводы ўжо адпраўлена буйнагабарытная тэхніка: энерганасычаныя трактары МТЗ-3022, кормаўборачны камбайн КВК-800. Іх рамонт будзе аплачвацца ўжо са сродкаў абласнога бюджэту.
Уся астатняя тэхніка, кожная адзінка якой патрабуе калі не рамонту, то дасканалага агляду і тэхнічнага абслугоўвання, даводзіцца да ладу ўласнымі сіламі сельгаспрадпрыемстваў. Як заўсёды, інжынерныя службы, механізатары і слесары прыкладаюць усе намаганні, каб, нягледзячы на тэрміны эксплуатацыі, наяўная тэхніка паслужыла як належыць у чарговы сезон палявых работ.
У памяшканнях механічна-рамонтнай майстэрні ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, куды мы днямі наведаліся, цішыні пасяліцца не атрымліваецца. Хтосьці з механізатараў знаходзіцца ў водпуску – цёплай парой тое не выпадае, а хтосьці ўжо напоўніцу задзейнічаны на падрыхтоўцы тэхнікі да сяўбы. Загадчык майстэрні Арцём Грыгаровіч, які суправаджае нас па сваіх “уладаннях”, адзначае:
– Бягучы год аб’яўлены годам якасці, а для нас, працаўнікоў палёў, кожны год праходзіць пад гэтым знакам. Да рамонту і тэхагляду ўсяго машынна-трактарнага парку нельга адносіцца абы-як, рабіць абы з рук. У такім выпадку самі ж пасля, як толькі пачнецца гарачая пара, за галовы хапацца будзем, калі раз за разам тэхніка пачне выходзіць са строю. Улічваючы тое, што яна ў нас у большасці адпрацавала адведзены тэрмін і працягвае гэта рабіць, самыя шчырыя словы падзякі хочацца сказаць усім механізатарам, вадзіцелям, слесарам за іх веды, іх вопыт, залатыя рукі і адданасць той справе, якой прысвяцілі жыццё. І гэта не высокія словы – нашы людзі з тэхнікай часам твораць цуды, каб яна працавала, каб усе тры асноўныя сельскагаспадарчыя кампаніі праходзілі своечасова і як належыць добрым гаспадарам.
На сённяшні дзень у райаграсэрвісе заняты ў асноўным рамонтам трактароў. Аб спраўнасці энерганасычанага МТЗ-3022 клапоціцца механізатар Аляксандр Кішулька, Віктар Каросцік і Мікалай Латковіч займаюцца рамонтам МТЗ-82 і МТЗ-921 адпаведна, Сяргей Каляга шчыруе каля свайго магутнага “Амкадора”. Часу, як здаецца, на гэтыя работы дастаткова, а на справе ж яшчэ ёсць і іншыя клопаты – агледзець і давесці да ладу плугі, пасяўныя агрэгаты, дыскавыя культыватары. Рамонтам апошняга якраз і заняты адзін з прадстаўнікоў маладога пакалення механізатарскай плеяды гаспадаркі Максім Міндукшоў. Дык насамрэч часу няшмат: нядаўна сеялі азімыя – не за гарамі сяўба яравых. Такі ён, цыкл сельгасработ, інакш не бывае.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.