Отделение ОАО «АСБ «Беларусбанк» в г.п. Бегомль старейшее в Докшицком районе

Вераніка Курныш і Іна Зайцава.

Вераніка Курныш і Іна Зайцава.

СЁННЯ — ДЗЕНЬ БАНКАЎСКІХ І ФІНАНСАВЫХ РАБОТНІКАЎ

Сёлетні год знакавы для супрацоўнікаў і ветэранаў ААТ “ААБ “Беларусбанк” нашага раёна. Восемдзесят гадоў таму, 6 кастрычніка 1944 года, была адкрыта першая ашчадная каса ў Докшыцах. А вось у Бягомлі першая ашчадная каса пачала працаваць значна раней. Згодна са звесткамі, размешчанымі ў раённай кнізе “Памяць”, у 1928 годзе Бягомльская раённая ашчадная каса ўжо мела 247 укладчыкаў. Шмат гадоў упраўляючай аддзялення адпрацавала Марыя Майсяёнак, якая ніколі не шкадавала часу, каб перадаць свае вопыт і веды маладым калегам.

Дарэчы, Бягомльскае аддзяленне ў сістэме ААТ “ААБ “Беларусбанк” раёна заўжды было на вядучых пазіцыях. А ў 2019 годзе нават перамагло ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае аддзяленне па выніках дзейнасці за 2018 год у групе малых аддзяленняў.

Зараз у аддзялені 209/2103 г.п. Бягомль створаны тры працоўныя месцы. Два – універсальныя і адно – мультыкарыстальніцкае бізнес-месца для кліентаў. Праз знешні інфакіёск штомесячна ажыццяўляецца ад 2500 да 3000 аперацый.

Час няўмольна ўносіць свае карэктывы ў дзейнасць банкаўскай сістэмы – пашыраецца кола дыстанцыйных паслуг, праводзіцца аптымізацыя колькасці супрацоўнікаў, аднак гэта ніякім чынам не адбіваецца на якасці той работы, якую бездакорна выконваюць вядучыя спецыялісты аддзялення 209/2103 г.п. Бягомль ААТ “ААБ “Беларусбанк” г. Докшыцы Вераніка Курныш і Іна Зайцава. Вераніка Уладзіміраўна ў банкаўскай сістэме працуе больш за пятнаццаць гадоў. Пачынала ў адным са сталічных банкаў, але, калі стварыла сям’ю і вярнулася на малую радзіму ў Бягомль, была шчыра прынята ў калектыў мясцовага банка, дзе працуе вось ужо дзевяць гадоў. Гэтага спецыяліста старэйшыя калегі з райцэнтра характарызуюць як актыўнага, мэтанакіраванага чалавека, які не пасуе перад цяжкасцямі і пастаянна імкнецца ўдасканальваць свае веды. Супрацоўнікі мясцовых аддзяленняў банка ўвогуле ўніверсалы, бо працуюць з усёй лінейкай банкаўскіх прадуктаў, а гэта плацяжы, уклады, крэдыты, афармленне картак, навучанне кліентаў дыстанцыйнай працы, абслугоўванне інфакіёскаў і шэраг іншых задач.

Дзесяць гадоў сустракае кліентаў у банкаўскім акенцы прыязная, ветлівая Іна Якаўлеўна. Кантынгент розны – ад мясцовых жыхароў да прыезжых і нават іншаземцаў, якія, дзякуючы трасе М3 міжнароднага значэння і наяўнасці двух санаторыяў, наведваюцца ў аддзяленне банка практычна штодня. За гэты час здараліся самыя розныя сітуацыі, аднак абодва спецыялісты ўмеюць так кантактаваць з людзьмі, каб вяртацца ў аддзяленне ім хацелася зноў.

У дадзеным аддзяленні сканцэнтравана да 35 працэнтаў усіх прыцягнутых сродкаў насельніцтва. Актыўна ажыццяўляецца крэдытаванне насельніцтва, афармляюцца плацежныя карткі з выкарыстаннем дыстанцыйнага абсталявання. З выкарыстаннем картак у аддзялені абслугоўваецца 1500 чалавек, у тым ліку 700 пенсіянераў. На тэрыторыі сельсавета ўстаноўлены тры банкаматы: у Бягомлі, а таксама санаторыях “Баравое” і “Лясное”.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *