Три новых автомобиля скорой помощи пополнили автопарк Докшицкой ЦРБ
Тры новыя карэты хуткай медыцынскай дапамогі папоўнілі аўтамабільны парк цэнтральнай раённай бальніцы.
Дзве з іх будуць базіравацца ў Докшыцах, адна – у Бягомлі. Праект па замене хуткіх рэалізуецца ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з 2022 года Міністэрствам аховы здароўя і Банкам развіцця. У мінулым годзе Віцебшчына атрымала 45 машын.
Новыя аўтамабілі больш камфартабельныя для работы медыкаў і дастаўкі пацыентаў.
– У параўнанні з папярэднімі машынамі значна палепшана аснашчэнне салона, – расказвае фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Святлана Скурат. – У наяўнасці плашчавыя насілкі, рэнтгенанегатыўныя шчыт-насілкі, каталка-насілкі, эвакуацыйнае крэсла, якое можна перамяшчаць па гарызантальнай паверхні і прыступках, два 10-літровыя кіслародныя балоны з рэдуктарамі, манометрамі і шлангамі, тэрмакантэйнеры для захавання раствораў, столік і стэлажы для інструментарыя і лекаў. Салон абсталяваны вакуумнай сістэмай фіксацыі маленькіх і дарослых пацыентаў.
– Аўтамашыны “МАЗ-Купава” зроблены ў Беларусі, – далучаецца да размовы механік ЦРБ Сяргей Мартынкевіч. – Яны маюць самы высокі клас для бальніц такой катэгорыі, як наша. За кожнай атрыманай машынай замацаваны па чатыры вадзіцелі, якія ўжо са станоўчага боку ацанілі яе характарыстыкі: мяккі ход, добрую манеўранасць і зручнасць.
З панядзелка набытыя аўтамабілі ўжо былі гатовы выехаць на выклікі.
Вераніка Рамановіч, галоўны ўрач ЦРБ:
– Сучаснае абсталяванне аўтамабіляў паспрыяе больш кваліфікаванай медыцынскай дапамозе насельніцтву раёна.
Старыя машыны, якія знаходзяцца ў спраўным стане, працягнуць службу ў сельскіх бальніцах.
Нагадаю, што ў 2021 годзе распачалася цэнтралізацыя службы хуткай медыцынскай дапамогі, гэтаму спрыяе і абнаўленне аўтапарка. У Віцебскай вобласці ўжо функцыянуе некалькі міжраённых цэнтраў, і, як паказвае практыка, эфектыўна. У планах з 1 мая стварэнне падобнага цэнтра на базе Глыбоцкай ЦРБ, куды далучыцца і Докшыччына.
Даводзілася чуць ад сваіх пацыентаў песімістычныя водгукі наконт гэтай ініцыятывы. Але перажываць не варта: наадварот, абслугоўванне толькі палепшыцца, бо ўсе нашы аўтамабілі і брыгады застануцца на месцы, затое дзякуючы адзінай дыспетчарскай службе і адзінаму кіраванню да нас пры неабходнасці могуць прыехаць “хуткія” з іншых раёнаў.
Тэкст і фота Ніны КРУКОВІЧ.