В 70 лет заведует фермой Таисия Червоная из деревни Станиславцы Докшицкого района
Час выхаду на пенсію, якую яшчэ называюць заслужаным адпачынкам, для Таісіі Чырвонай з вёскі Станіслаўцы ў Валкалацкім сельсавеце, тым самым адпачынкам не азнаменаваўся. “Замест пенсіянерскай вольнасці, да якой заставалася пара гадоў, “запраглася” ў клопатную справу: пайшла па просьбе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даіць кароў на ферму, як дамаўляліся, часова, ненадоўга. Але ж усім вядома, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае, – смяецца Таісія Геранімаўна. – Сямнаццаць гадоў ужо маёй дзейнасці ў жывёлагадоўчай галіне”.
Гэта лёгкая на хаду, хуткая ў рухах, заўжды энергічная, непаседлівая жанчына нядаўна адзначыла свой юбілей. Мала таго, што на сем дзясяткаў гадоў яна не выглядае, дык, прызнаецца, і не адчувае сябе на столькі. Два гады таму толькі перастала трымаць уласную карову – як яшчэ ўвогуле спраўлялася з ёй, застаўшыся ўдавой ды прападаючы цалюткімі днямі на рабоце? Таісія Геранімаўна загадвае МТФ “Станіслаўцы”, дзе на сённяшні дзень утрымліваецца 305 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 184 – дойнага статку. Дояць рагуль утраіх: сама загадчыца і аператары машыннага даення Алена Валевіч і Мікалай Малько.
– Ферма гэта, мусіць, мая равесніца, калі не старэйшая, – распавядае нам далей. – Тут ужо ніякая мадэрнізацыя яе не ўратуе. Але ж стараемся па меры сіл падтрымліваць у памяшканнях парадак, забяспечваць жывёле належны догляд, наколькі гэта магчыма ў нашых умовах. Надоі ўлетку, на вольным выпасе, маем нядрэнныя, а зараз, зразумела, яны знізіліся – шмат кароў у запуску.
Ураджэнка вёскі Крыпулі, яна пяцьдзясят гадоў таму патрапіла на Валкалатчыну тыповым для дзяўчыны “шляхам” – выйшла замуж, стала працаваць закройшчыцай у мясцовым КБА. Паўвека ў Таісіі Геранімаўны і працоўнага стажу. Па атрыманай спецыяльнасці – дваццаць. А пасля камбінат зачыніўся, прыйшлося і паштальёнскага хлеба паспытаць, і кухарам у мясцовай базавай школе парупіцца. За любую справу бралася апантана, аддавала ёй усю душу, усюды яе добрым словам вяскоўцы згадваюць. І дома паспявала – жыўнасці поўны хлеў, агароды-соткі-кветнікі, яшчэ ў сезон і нарыхтоўшчыцай ягад паспявала пабыць, ды і зараз гэту справу не кідае. І справа тут не ў дадатковым заробку, кажа, бо пенсіі хапае, унукі ўжо дарослыя і самастойныя, у доме ёсць усё неабходнае для камфортнага адчування – хіба што ацяпленне электрычнае плануе правесці. Проста не можа інакш, жыццё ў тэмпе вавёркі ў коле для яе не проста звыклае – яна мае ў ім патрэбу!
– На канапе перад тэлевізарам – дакладна не маё, – упэўнена гаворыць. – Гэта калі напрацуешся, то тады нейкі серыял ці перадачу паглядзець задавальненне. А калі з ранку да вечара… Праўда, пайсці на адпачынак збіраюся ці не штогод, ды папросяць застацца – не магу ніяк адмовіцца: камусьці ж трэба, як кажуць, цягнуць воз.
Варта адзначыць, воз той цягне гэта цудоўная жанчына яшчэ як: грамат ды падзяк за добрасумленную працу і высокія паказчыкі мае цэлы стос. На такіх людзях зямля трымаецца – выраз, мо, і заезджаны, але лепшай характарыстыкі для Таісіі Чырвонай не прыдумаеш.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.