Уроженец города Докшицы Юрий Каменецкий: «Здесь источник вдохновения для научной деятельности и преданного служения Отечеству»

0z7a5604-s

28 студзеня — Дзень беларускай навукі.

Сённяшні наш герой – ураджэнец г. Докшыцы Юрый Камянецкі, начальнік Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, палкоўнік юстыцыі, член прэзідыума Міжнароднага саюза крыміналістаў, галоўны рэдактар часопіса “Папярэдняе расследаванне”. На яго рахунку 150 навуковых работ.

Юрый Францавіч Камянецкі. Закончыў СШ № 2 г. Докшыцы з сярэбраным медалём і следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС з чырвоным дыпломам. Працаваў у Маскоўскім РУУС г. Мінска на пасадах следчага, старшага следчага, намесніка начальніка следчага аддзела, потым у ГУУС. Паралельна скончыў магістратуру ў БДЭУ. У 2012-м быў запрошаны ў аналітычнае падраздзяленне толькі што створанага Следчага камітэта. Прайшоў шлях ад следчага па асабліва важных справах да саветніка старшыні СК. Паспяхова скончыў ад’юнктуру Акадэміі МУС, дактарантуру БДУ. У 2020-м узначаліў новы Інстытут СК.

Адна з лепшых прафесій

У юрыспрудэнцыю ішоў мэтанакіравана. Ужо ў школьныя гады ў Юрыя сфарміравалася ўяўленне пра сваё прафесійнае прызначэнне: стаяць на варце закону і аднаўляць справядлівасць. А ярка праяўленыя аналітычныя здольнасці патрабавалі рэалізацыі ў адпаведнай працы. Такім чынам, выбар прыпаў на следства.

– Прафесія следчага адна з лепшых, – зазначае Юрый Францавіч. – Яна наталяе натуральную для чалавека смагу справядлівасці. Аднак следчы не проста шукае ісціну – ён абараняе простых людзей, пакрыўджаных, старых, дзяцей, робіць бяспечным іх жыццё, агароджвае ад непрыемнасцей і розных пагроз, вяртае выкрадзенае, забяспечвае кампенсацыю шкоды. Ад такіх станоўчых вынікаў атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Мэта следчай працы – гэта рэальная дапамога пацярпелым людзям. Выбраўшы такое служэнне аднойчы, застаешся верным яму да канца.

Першыя крокі ў навуку

– Навуковая дзейнасць вельмі падобная да следчай, накіравана на пошук чагосьці новага, што дапамагае ў жыцці, – расказвае Юрый Камянецкі. – Навука заўсёды дае перавагі ў любой справе. Мусіць, таму яна прыцягвала мяне ўжо на пачатку вучобы ў Акадэміі, дзе я зрабіў першыя крокі ў гэтым кірунку.

А да канца навучання курсант сабраў важкі багаж даследаванняў у сферы павышэння эфектыўнасці расследавання. І сур’ёзны пералік заахвочванняў, асаблівае значэнне сярод якіх мелі дзве ўзнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як лаўрэату Спецфонду па падтрымцы таленавітай моладзі, адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Навуку ён не кінуў і працуючы ў следстве: рацыяналізаваў працэс, лепшае ўкараняў у практыку, а вынікі публікаваў для калег. Такіх работ з часам набралася дастаткова шмат, частку з якіх удалося аб’яднаць у кандыдацкую дысертацыю.

Дысертацыя

Навуковая работа на суісканне вучонай ступені кандыдата юрыдычных навук называлася “Методыка першапачатковага этапу расследавання злоўжывання паўнамоцтвамі ў бюджэтнай сферы”. Праца над ёй заняла каля сямі гадоў. Адным з вынікаў стала стварэнне сістэмы дакументальнага адлюстравання злачынных слядоў, выкарыстоўваючы якую можна ўпэўнена выкрыць раскрадальніка. Вышэйшая атэстацыйная камісія прызнала дысертацыю Камянецкага найлепшай сярод сацыяльна-гуманітарных работ.

– Сутыкнуўся з тым, што пры расследаванні многіх крымінальных спраў неабходны глыбокія веды ў розных сферах, – успамінае Юрый Францавіч. – Асабліва зачапіла тэма эканамічнай злачыннасці, карупцыі, для барацьбы з якімі патрэбна валодаць тонкасцямі эканомікі і бухгалтарскага ўліку.

У выніку аналізу крыміналістычных аспектаў крадзяжоў следчы зрабіў нечаканыя адкрыцці і распрацаваў рэкамендацыі для калег.

Актуальнасць даследаванняў

У шэрагу навуковых работ Юрыя Камянецкага ўздымаюцца тэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, павышэння эфектыўнасці расследавання агульнакрымінальных і эканамічных злачынстваў, карупцыі, наркаабароту, махлярстваў з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. У цяперашні час у складзе навуковага калектыву даследуе пытанні генацыду беларускага народа.

– Аднак у цэнтры ўвагі апошніх дзесяці гадоў застаецца тэма следчай прафілактыкі, – паведамляе Юрый Францавіч. – Гэтыя комплексныя распрацоўкі звязаны са следчай працай, якая перашкаджае развіццю злачыннай дзейнасці. Напрыклад, механізм абмежавання пераводу грашовых сродкаў за межы Рэспублікі Беларусь у выпадку кіберінцыдэнту. Гэта складаная сістэма не дазваляе выводзіць выкрадзеныя ашуканцамі грошы з картачак маментальна, а значыць і прывабнасць лёгкай нажывы зніжаецца. Дарэчы, дзякуючы цэламу комплексу такіх распрацовак Беларусь – адна з самых прасунутых па бяспецы краін у свеце.

Следчы ўвесь час сутыкаецца з дэфектамі ў рабоце розных арганізацый, уносіць прапановы па іх удасканаленні.

У памяці ўсплывае выпадак, калі рацыяналізатарскія распрацоўкі дазволілі не толькі выявіць злачынную карупцыйную схему на адным з заводаў, але і не дапусціць выкарыстання ўстарэлых тэхналогій. У выніку прадукцыя стала больш таннай і якаснай. Кожны раз, калі купляю яе ў краме, з задавальненнем успамінаю свой удзел у гэтай справе.

Любое грунтоўнае навуковае даследаванне ў галіне права суправаджаецца прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства. Таму прыемна бачыць, як прававая нявызначанасць або асобныя калізіі ўстараняюцца дзякуючы своечасовым ініцыятывам.

У мінулым годзе аўтарскі калектыў навучальнага дапаможніка пад рэдакцыяй Юрыя Камянецкага “Камп’ютарная інфармацыя ў следчай дзейнасці: збіранне, ацэнка, выкарыстанне” стаў лепшым у намінацыі “Следства” на конкурсе інфармацыйных матэрыялаў на прававую тэматыку на прыз імя У.Д. Спасовіча, які праходзіць пад эгідай Міністэрства юстыцыі. І гэта для нашага земляка ўжо трэцяя па ліку ўзнагарода згаданага конкурсу. Унікальнасць дапаможніка таксама адзначана дыпломамі Міністэрства інфармацыі і на Міжнародным конкурсе сярод навуковых выданняў.

Зараз падрыхтаваны працяг гэтай тэмы ў новым падручніку, прысвечаным барацьбе са злачыннымі скам-групамі.

На чале Інстытута

Нашаму земляку выпаў гонар знаходзіцца ля вытокаў Інстытута Следчага камітэта. У той час перад спецыялістамі стаяла амбіцыёзная задача стварыць з нуля прынцыпова новую ўстанову, якая сабрала б лепшыя тэхналогіі ў галіне следства, стала навуковым і адукацыйным цэнтрам.

– Праблем хапала: ад месца размяшчэння да запуску навучальнага працэсу, аднак яны былі аператыўна вырашаны, – адзначае кіраўнік Інстытута. – Па выніках года мы не проста выканалі пастаўленыя задачы, а выйшлі на паказчыкі, якія ставілі на пяцігодку. Толькі летась мы навучылі больш за 1300 супрацоўнікаў. У нас вучацца не толькі следчыя, але і работнікі іншых ведамстваў, навучанне карыстаецца папулярнасцю ў расійскіх калег. Інстытут прызнаны навуковай арганізацыяй, мае сваю ад’юнктуру, рэалізуе мноства міжнародных навуковых праектаў. Дасягнутыя вынікі дазволілі ўвайсці ў заснавальнікі Міжнароднага саюза крыміналістаў і стаць членам Прэзідыума разам са знакамітымі вучонымі-юрыстамі.

Галоўны рэдактар

З самага пачатку дзейнасці Следчага камітэта існавала ідэя развіцця навуковага напрамку, і адным са значных крокаў стала стварэнне часопіса “Папярэдняе расследаванне”. У 2018 годзе арганізацыю дадзенай работы даручылі нашаму земляку. Юрый Францавіч вывучыў сферу, выпрацаваў палітыку, разабраўся ў выдавецкай справе. І ўжо праз паўгода выйшаў першы нумар. Цяпер часопіс з’яўляецца самым тыражуемым навукова-практычным юрыдычным часопісам у Беларусі (тыраж – больш за 3700 экзэмпляраў), уваходзіць у прэстыжныя рэйтынгі, карыстаецца попытам. Ужо некалькі гадоў запар у рэдакцыі збіраюцца галоўныя рэдактары іншых юрыдычных выданняў і кіраўніцтва Мінінфарма для абмену новымі думкамі і ідэямі.

Повязь з Докшыцамі

Юрый Францавіч – чалавек глыбока духоўны і моцна прывязаны да маленькай радзімы. Вось як цёпла ён адгукаецца пра Докшыцы:

– З гэтым горадам звязана маё дзяцінства, вучоба ў школе, тут мае настаўнікі, сябры, сям’я. Адсюль мая любімая жонка Іна. У Докшыцах мы спраўлялі вяселле, хрысцілі сваіх дзяцей Пятра і Марыю. Тут крыніца маіх сіл, натхненне для навуковай дзейнасці і адданага служэння сваёй Айчыне.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *