В ОАО «Барсучанка» ремонт техники к посевной идет по плану
Люты ў гэтым годзе не апраўдаў сваёй назвы, аказаўся нашмат лагаднейшым за папярэднія зімовыя месяцы. І хаця ніколі не трэба скідваць з рахунку той факт, што прырода можа падрыхтаваць розныя сюрпрызы, і непрыемныя ў тым ліку, у аграрыяў ёсць падставы спадзявацца на раннюю вясну. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы на Брэстчыне ўжо пачынаюць сяўбу яравых культур. Дык пры спрыяльных абставінах і ў нас пасяўная кампанія павінна стартаваць праз тыдні два, два з паловай. Чаму б і не, калі тэхніка падрыхтавана. Як абстаяць з гэтым справы ў ААТ “Барсучанка”, даведаліся ў галоўнага інжынера Уладзіміра Коўзана.
– Як і належыць, у нас састаўлены план-графік рамонту тэхнікі і, безумоўна, яго выкананне, якасць і бяспека работ, што праводзяцца, на пастаянным кантролі, – паведаміў Уладзімір Тадэушавіч. – Гатоўнасць машынна-трактарнага парку лічу нядрэннай: многае адрамантавана, і ў асноўным уласнымі сіламі. На сённяшні дзень у нас гатовы да работы ўсе плугі – з гэтай справай не сталі марудзіць, набылі яшчэ з восені неабходныя запчасткі і пасля завяршэння сяўбы азімых давялі агрэгаты да ладу. Што датычыцца трактароў, то зараз у нас у рамонце толькі адзін рухавік энерганасычанага МТЗ-3022 – на Віцебскім маторарамонтным заводзе. Практычна гатовы да выезду ў поле дыскатар – засталося правесці толькі зварачныя работы. На завяршальнай стадыі рамонту два пасяўныя агрэгаты і шыроказахопная дыскавая барана. На рамонце тэхнікі мы асвоілі 40 тысяч рублёў, апошнія з заказаных запчастак чакаем на днях.
На тэрыторыі рамонтна-механічнай майстэрні ў Барсуках сапраўды кіпіць работа. Практычна ўсе механізатары – адказныя і адданыя справе людзі з вялікім вопытам работы, і таму ў тым, што да сяўбы ў гаспадарцы прыступяць, як толькі будзе для гэтага магчымасць пагодная, галоўны інжынер не сумняваецца. Перажывае толькі за тое, што ажно чацвёра трактарыстаў-машыністаў сёлета па ўзросце павінны выйсці на заслужаны адпачынак, але ж і спадзяецца, што яны яшчэ папрацуюць. Правераныя кадры заўжды аснова поспеху.