За 18 лет безукоризненного труда соцработник Докшицкого ТЦСОН Александр Шнитко неоднократно отмечен наградами
Нядаўна за шматгадовую добрасумленную працу і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Аляксандр Шнітко быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. За амаль васямнаццаць гадоў бездакорнай работы гэты адданы справе чалавек адзначаўся ўжо неаднаразова як на раённым, так і на абласным узроўнях. І ўсё ж самай вялікай узнагародай лічыць словы падзякі ад людзей, якім дапамог, радасць у іх вачах і ўласнае задавальненне ад вынікаў сваёй працы.
Сацыяльным работнікам Аляксандр Васільевіч працуе з 2006 года. Нядоўгі час вадзіцелем, а затым стаў работнікам гаспадарчай брыгады.
– Спектр паслуг, якія даводзіцца аказваць насельніцтву, даволі шырокі, – гаворыць Аляксандр, не кідаючы пры гэтым справы (мы яго заспелі на расчыстцы снегу на панадворку дакшычаніна Мікалая Лукашэвіча – Аўт.). – Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца сацыяльна-бытавыя паслугі, сярод якіх узорванне, баранаванне, дыскаванне глебы мотаблокам, акучванне бульбы, абкошванне травы трымерам. Можам выканаць і рамонтна-будаўнічыя работы, аказаць рытуальныя паслугі – гэта догляд за магіламі. Часта пажылыя людзі звяртаюцца з просьбамі пашчапаць, скласці дровы, перанесці ў будынак прывезены торфабрыкет. Прыходзілася ўстанаўліваць цяпліцы, цепліць лазню. Пералік паслуг вялікі, усё і не прыпомніш.
У зімовы час, калі гаспадарчая брыгада запатрабавана менш, Аляксандр Шнітко яшчэ і сацыяльны работнік на даму, апякуецца над вышэйназваным Мікалаем Лукашэвічам і Фаінай Ільясевіч з вёскі Лапуты.
– Наш Васільевіч ніколі не лічыцца з уласным часам: трэба давесці пачатае да канца – давядзе, не адкладзе на потым з-за таго, што, скажам, вызначаныя на тое паўтары гадзіны закончыліся, – так характарызуе рупліўца інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Брыльянтава. – А каб вы бачылі, як віртуозна ён шчапае дровы! Вачэй нельга адвесці.
– Дык жа колькі я іх ужо перашчапаў за ўсе гады, нельга не навучыцца, – сціпла каментуе сам Васільевіч пачутае.
Напэўна, можна. А вось “хварэць” за вынікі сваёй працы – гэта дадзена не кожнаму. Тут трэба мець нешта асаблівае ў душы, ці не тое, што называецца сумленнем. У нашага героя, па ўсім бачна, яно ёсць.
Мовай лічбаў. У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН працуюць 118 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 961 чалавека. Колькасць аказаных за 2023 год разавых сацыяльна-бытавых паслуг – 2744 на суму 23 044 рублі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.