Франц Перхорович — Герой Советского Союза из Докшицкого района

perxorovich_franc_iosifovich

 

Франц Іосіфавіч Перхаровіч нарадзіўся 28 мая 1894 года ў засценку Залазы Бягомльскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні.

У сям’і было 12 душ. Бацька працаваў на Сергучоўскім канале каля вёскі Заляддзе. У 1916 годзе яго не стала, праз тры гады памерла маці. Меншыя дзеці засталіся сіротамі і старэйшы Франц, які меў ужо сваю сям’ю, прымае рашэнне забраць іх.

У арміі Перхаровіч з 1915 года. Удзельнічаў у Першай сусветнай і грамадзянскай войнах. У 1932 годзе скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе, курсы “Выстрал”. Служыў у штабе Маскоўскай ваеннай акругі. Перад вайной займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.

Ваяваў на Усходнім Варонежскім, Першым Украінскім і Першым Беларускім франтах. Прымаў удзел у абароне Масквы, Варонежа, у вызваленні Украіны, Польшы, у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях.

Званне Героя Савецкага Саюза Франц Перхаровіч атрымаў у красавіку 1945 года за ўмелае кіраўніцтва аперацыяй па прарыве варожай абароны ў час фарсіравання Віслы і наступлення ў напрамку ракі Одэр.

Вось некалькі эпізодаў з гэтага слаўнага паходу. Па задуме камандавання Першага Беларускага фронту войскі 47-ай арміі генерал-маёра Перхаровіча пры падтрымцы Першай арміі Войска Польскага павінны былі наступаць на Варшаву. 15 студзеня 1945 года генерал паспяхова правёў фарсіраванне Віслы. Савецкія воіны, з ходу ўступаючы ў бой, зламалі супраціўленне праціўніка і разам з іншымі часцямі расшырылі фронт прарыву да 120 кіламетраў, уварваліся ў разбураную ворагам Варшаву і да вечара выгналі гітлераўцаў з горада.
Затым часці арміі Перхаровіча ўвайшлі ў Германію і акружылі нямецкую групоўку ў раёне горада Шнайдэмюль. Яго моцны гарнізон адмовіўся скласці зброю. Каб прымусіць ворага прыняць умовы капітуляцыі, Перхаровіч загадаў камандзіру стралковага корпуса генералу Анашкіну авалодаць горадам Дойч-Кроне за 50 кіламетраў ад Шнайдэмюля.

14 лютага пасля двух сутак баёў на вуліцах і плошчах горада Шнайдэмюль быў поўнасцю ачышчаны ад фашыстаў.

Войскі арміі паспяхова фарсіравалі раку Одэр. На заходнім беразе захапілі плацдарм, які потым стаў базай для канцэнтрацыі вайсковых часцей і разгортвання наступлення на Берлін.
Арміі генерала Перхаровіча не давялося ўдзельнічаць у штурме Берліна. Яна накіравалася на паўночны захад ад сталіцы рэйха ў напрамку гарадоў Шыльдау, Брызеланг, Вустэрмарк, ахопліваючы Берлін другім кальцом акружэння. 25 красавіка ля горада Кетцын армія Перхаровіча сустрэлася з часцямі Украінскага фронту.

Адгрымелі пераможныя залпы. Генерал-лейтэнант Франц Іосіфавіч Перхаровіч разам з іншымі камандуючымі арміі 1-га Беларускага фронту 24 чэрвеня прымаў удзел у маскоўскім парадзе Перамогі. Ён ішоў наперадзе зводнага палка фронту. На грудзях ззялі Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза, тры ордэны Леніна, ордэны Чырвонага Сцяга, Суворава і іншыя баявыя ўзнагароды.

Імем Франца Перхаровіча названа вуліца ў вёсцы Заляддзе Бягомльскага сельсавета

А. КАРАЛЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Бягомльскага музея народнай славы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *