Как и когда креститься в церкви, рассказал настоятель храма великомученика Георгия Победоносца в д. Ситцы Леонид Стреха

scale_1200-1

Навошта хадзіць у храм, калі Бог у тваёй душы? Чаму спавядацца ў сваіх грахах перад Ім трэба з дапамогай свяшчэнніка? Для чаго існуюць абрады, прыдуманыя не Богам, а людзьмі? Як пераадолець у сабе сумненні і прыйсці да веры? Што дае наведванне храма, калі ты па-ранейшаму гэтак жа грашыш і не становішся ў душы і ва ўчынках лепшым? Працягваем цыкл гутарак са святарамі, дзе яны адказваюць на вострыя пытанні тых, хто яшчэ толькі спрабуе ступіць на шлях да храма. Тэма сённяшняй размовы, якую вядзём з благачынным Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэем Леанідам СТРАХОЙ, – правілы паводзін у царкве, а дакладней – як і калі хрысціцца.

img_7537– Айцец Леанід, звяртаюся да Вас па параду пасля крыку душы адной знаёмай жанчыны, якая ўжо ў сталым узросце прыйшла да веры, захацела наведваць храм і, так бы мовіць, “апяклася” ўжо ў самым пачатку. Адна з прыхаджанак у рэзкай форме зрабіла заўвагу, што хрысціцца яна не тады, як трэба, ды яшчэ смее рабіць гэта левай рукой! “Я праз колькі хвілін у слязах выйшла з царквы, – падзялілася жанчына, – бо ніяк ужо не магла засяродзіцца на малітве: трэба было сачыць, калі ўсе хрысцяцца, ды яшчэ і за тым, каб не сатварыць крыж зноў-такі аўтаматычна левай рукой, бо я ад прыроды ляўша і левай рукой раблю без выключэння ўсё тое, што большасць робіць правай. Няўжо гэта таксама грэх?”

– Пра прыхаджан, якія “дакладна” ведаюць, як паводзіць сябе ў храме, і пільна сочаць у гэтым плане за іншымі, – думаецца, асобная тэма для размовы. Тэма, я сказаў бы, нялёгкая і злабадзённая. Пакінем яе пакуль што да наступнага разу. Больш актуальна для той жанчыны і, напэўна, не толькі для яе, зараз атрымаць неабходныя веды і падтрымку.

З даўніх часоў праваслаўныя хрысціяне падчас малітвы ахінаюць сябе крыжам. Ісус Хрыстос, каб выратаваць нас, прыняў пакуты і памёр на крыжы. Аднак Збаўца не толькі памёр, але і ўваскрэс. Таму крыж для нас – сімвал перамогі над смерцю, грахамі, сімвал нашага выратавання. Ды і не толькі сімвал, але і сапраўдная зброя і ахова. Крыжовы знак з’яўляецца святыняй, і накладваць яго на сябе трэба ўдумліва, не спяшаючыся, з глыбокай пашанай. Каб правільна перахрысціцца, мы складваем пальцы правай рукі такім чынам, каб кончыкі вялікага, указальнага і сярэдняга пальцаў злучыліся, а безыменны і мезенец былі прыціснуты да далоні. І ў гэтай традыцыі вялікі духоўны сэнс. Трыма складзенымі пальцамі мы паказваем, што верым у Прасвятую Тройцу – Бога, траістага ў Асобах, але адзінага па сутнасці. А двума паказваем, што Ісус Хрыстос, другая Асоба Святой Тройцы, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек. Ахінаючы сябе крыжовым знакам, мы дакранаемся складзенымі пальцамі да лба – для асвячэння нашага розуму, да жывата – для асвячэння нашых унутраных пачуццяў, затым да правага і левага плячэй – для асвячэння духоўных і цялесных сіл.

Адказаць на пытанне, чаму трэба хрысціцца правай рукой, не так ужо і лёгка: у Свяшчэнным Пісанні няма ніякіх указанняў на тое, што гэта трэба рабіць менавіта так. Вобраз нанясення крыжовага знаку складваўся, вядома ж, вякамі. Традыцыя хрысціцца правай рукой існавала ўжо ў ветхазапаветныя часы, калі правая рука дакладна прызначалася для выканання розных свяшчэннадзеянняў. Сам Гасподзь у іканаграфіі паказаны бласлаўляючым людзей правай рукой. Можа быць, што прычына тут практычная: большасць з нас праварукія. Але ці будзе парушэннем правіл, калі ў чалавека правая рука паралізавана, моцна баліць або яе зусім няма? Гэтак жа, мне здаецца, і з леварукасцю. Галоўнае – накладваць крыж правільна: спачатку на правае плячо, затым на левае.

Многія людзі хрысцяцца ў тыя ці іншыя моманты богаслужэння толькі па традыцыі, толькі гледзячы на іншых. Давайце разгледзім асноўныя прынцыпы, калі трэба гэта рабіць. Чаму асноўныя? Таму што ў храме чалавеку даецца поўная свабода, і нейкай, скажам так, інструкцыі на гэты конт няма. Ахінаць сябе крыжовым знакам неабходна ў пачатку і пасля заканчэння малітвы, а таксама пры набліжэнні да ўсяго святога: калі заходзім у царкву, калі прыкладваемся да крыжа, іконы ці святых мошчаў. Пахрысціцца належыць у розных важных жыццёвых выпадках: у небяспецы, у горы, у радасці. Што датычыцца канкрэтна царкоўнай малітвы, то тут варта зразумець адзін просты прынцып. Паколькі мы хрысцімся ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа, то і падчас богаслужэння ці малітвы дома, на могілках, у іншым месцы патрэбна перахрысціцца пры кожным упамінанні Святой Тройцы. І яшчэ адна малітва – “Господи, помилуй” – таксама суправаджаецца крыжовым знакам.

Напаследак хачу сказаць, што не варта завучваць усе правілы. Калі наведванне храма стане рэгулярным, прыйдзе інтуітыўнае разуменне таго, калі трэба перахрысціцца ці пакланіцца. Важна іншае: каб усе дзеянні выконваліся не бяздумна, а з асэнсаваннем значэння – так выказваюцца вашы ўнутраныя перажыванні падчас малітвы. І лішнім або не да месца крыжовы знак таксама быць не можа – гэта адно са светлых памкненняў чалавечай душы.

P.S. А для тых прыхаджан, што ходзяць у храм не маліцца, а сачыць, хто няправільна стаў ці не так пакланіўся, – цудоўная прыпавесць ад матушкі Ніны Страха: “Прыйшоў чалавек у храм. Адзін падыходзіць да яго і кажа: “Не так рукі трымаеш”. Другая падбягае: “Не там стаіш!” Трэцяя бурчыць: “А апрануўся як!” Ззаду шыпяць: “Няправільна хрысцішся”. У рэшце рэшт адна жанчына заявіла: “Ідзіце вы адсюль. Навучыцеся сябе ў храме паводзіць – тады і прыходзьце”. Выйшаў чалавек з храма і горка заплакаў. Раптам чуе голас з нябёсаў: “Што, не пускаюць цябе?” Падняў чалавек уверх заплаканыя вочы: “Не пускаюць, Божа!” “Не плач, сын мой, яны і Мяне туды ўжо даўно не пускаюць…” “Имеющий уши да услышит”, так? Ці ўсё ж будзе больш правільна “истинно верующий”?

Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *