На крыльях лебеди несут весну. Грациозные птицы на Докшицком озере
Зранку ў рэдакцыю заскочыў дакшычанін Павел Чарнаморды і за хвіліну зарадзіў нас сваёй радасцю: лебедзі на возеры! “Такое хараство! – з агеньчыкамі ў вачах распавядаў Павел Сяргеевіч. – Усё вакол пад снежным белым покрывам, чараты ля берага ў пушыстых шубках і дзве бялюткія грацыёзныя птушкі на вадзе”.
Вядома, лебедзі для нас даўно не дзіва, але ў лютым, калі ў паветры, насуперак маразам ды завеям, ужо яскрава адчуваецца подых вясны, гэтыя птушкі з’яўляюцца яшчэ адным яе прадвеснікам. Таму, заразіўшыся захапленнем і энтузіязмам нашага сонечнага інфарматара, памчаліся да вытоку дзвюх рэк, каб зноў палюбавацца на створанае прыродай хараство. Птушкі ахвотна пазіравалі, кружляючы адна вакол другой, прыгожа расхінаючы крылы і элегантна выгінаючы шыі. Прахожая жанчына выдзеліла нам ладны кавалак купленага батона – вось і ганарар чароўнай пары за фотасесію. І ў лютаўскай стыні так цёпла стала на душы: можна сказаць, перажылі зіму лебедзі, а значыць, у маі-чэрвені будзе акружаць іх на вадзе гурт смешных шэрых пушысцікаў, якім праз некаторы час суджана стаць такімі ж снежна-белымі прыгажунамі, як і бацькі. Жыццё працягваецца…
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.