Объекты для ведения бизнеса можно приобрести в Докшицком районе

На месцы былога КПП працуе крама ў Гняздзілаве.

На месцы былога КПП працуе крама ў Гняздзілаве.

Кожны год у раёне фарміруецца каляндарны графік па ўцягненні ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці камунальнай формы ўласнасці, якая не выкарыстоўваецца альбо выкарыстоўваецца неэфектыўна.

img_6977Пра некаторыя вынікі мінулага года, прыярытэты і асаблівасці работы ў 2024–м наша размова з намеснікам старшыні райвыканкама Марынай Клімовіч.

– Прыняты шэраг мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці работы ў гэтым кірунку, – адзначае Марына Эдуардаўна. – Мінулы год для раёна быў паспяховым. З 14-і аб’ектаў, якія былі ўключаны ў графік, прадаць пашанцавала дзевяць, прычым чатыры – за адну базавую велічыню. Парадавала, што ў Бераснёўскага сельскага дома культуры знайшоўся новы гаспадар. Пакуль сваімі ідэямі пакупнік не дзеліцца. Аднак на месцы старога каменнага будынка магла б, напрыклад, працаваць аграэкасядзіба альбо карчма. У бліжэйшы час пабачым.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2022 года № 330, прынята рашэнне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і зацверджана інструкцыя аб парадку кіравання і распараджэння маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Докшыцкага раёна (№ 211 ад 14 сакавіка 2023 года).

ТАА “Фабрыка Параф’янава” летась набыло сталярны цэх і зернясклад, якія знаходзіліся на балансе ДП “АграСітцы” і не былі запатрабаваны. Другое дыханне павінен атрымаць будынак, размешчаны ў Бягомлі, каля крамы “Дабраном”. Зараз новы ўласнік праводзіць там рэкаструкцыю. Знайшоўся пакупнік і на былы вытворчы ўчастак “Бытавіка” па вуліцы М. Горкага ў Докшыцах.

Спадзяёмся, што на базе гэтых аб’ектаў будуць створаны новыя працоўныя месцы, будзе развівацца вытворчасць, а аб’ёмы прадукцыі і прыбытак расці.

– Марына Эдуардаўна, назавіце прыклады, калі старым будынкам удалося надаць новае жыццё?

– Напрыклад, у вёсцы Пугачова будынак Бераснёўскай школы-сада індывідуальны прадпрымальнік прыстасаваў пад памяшканне, у якім займаецца нарыхтоўкай лекавых раслін. Сыравіну пастаўляе ў Расійскую Федэрацыю і дае экспартную выручку. З 1 студзеня 2027 года чакаем, што пачне дзейнічаць гасцініца на месцы былога будынка Янкоўскага дзіцячага сада.

Вялікія надзеі падае індывідуальны прадпрымальнік Арцём Азёмка, які набыў ў цэнтры Бягомля будынак былога завода “Ветразь” і зараз праводзіць там рамонт. Вялікія плошчы ідэальна падышлі б да размяшчэння на іх, скажам, гасцінічных нумароў, гандлёвых павільёнаў. На першым паверсе можна арганізаваць міні-кірмаш па продажы як уласна вырашчанай прадукцыі, так і лясных дароў.

– Якія аб’екты выстаўлены на таргі ў гэтым годзе?

– Сёлета шукаем гаспадароў для 17-і аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Амаль трэцяя частка з іх – былыя ўстановы адукацыі. Прадаюцца будынкі Крулеўшчынскага дзіцячага сада №2, Гняздзілаўскага, Глінскага і Валкалацкага дзіцячых садоў, Тумілавіцкай базавай школы-сада. Хочацца, каб у гэтых аб’ектаў нарэшце з’явіліся гаспадары, зацікаўленыя ў адкрыцці ўласнага бізнесу.

Акрамя гэтага, плануецца, што на месцы былой АЗС на вуліцы Савецкай у райцэнтры будзе рэалізаваны інвестпраект па будаўніцтве аўтамыйкі самаабслугоўвання. Увасобіць задуманае да канца 2025 года даручана РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

Будынак Гняздзілаўскага дзіцячага сада выстаўлены на таргі.

Будынак Гняздзілаўскага дзіцячага сада выстаўлены на таргі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *