Просторное помещение выделено для Докшицкой организации ОО «Белорусское общество инвалидов»

dscn4546

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Яўгенія Сураўцава вельмі задаволена, што пры садзейнічанні старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч і намесніка старшыні райвыканкама Аксаны Палачанінай для размяшчэння гуманітарнай дапамогі, якую прысылае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі нашага раёна дабрачынная арганізацыя “Агульныя рэчы” з Мінскага раёна, быў выдзелены прасторны будынак у мікрараёне ПМС.

– Кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні, – гаворыць Яўгенія Аляксандраўна. – Дык, нягледзячы на тое, што гэтаму памяшканню патрабуецца касметычны рамонт, невялікі пакой у ГЦК, адкуль мы вывезлі большую частку адзення і абутку, з гэтай прасторай ні ў якае параўнанне не ідзе.

Актыўная і дзейсная, яна тут жа паклапацілася, каб зрабіць вешалкі для верхняга адзення, сукенак і касцюмаў, – у гэтай справе дапамог муж Аляксандр Леанідавіч. Такім чынам у каробках засталіся ўжо толькі дробныя рэчы. У планах яшчэ зрабіць доўгі разборны стол: трэба – паставіў, расклаў на ім рэчы, каб лягчэй было выбіраць.

– Хачу звярнуцца па дапамогу да кіраўніцтва нашага РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, каб прывесці памяшканне ў належны выгляд, – працягвае дзяліцца задумамі старшыня. – Мару, каб гэта быў не проста пункт выдачы гуманітарнай дапамогі, а месца, дзе мы станем збірацца на пасядзелкі. Святы розныя будзем адзначаць, дні імянінніка, шыць, вязаць, вышываць, у шашкі ды лато гуляць, песні спяваць, можа, і кулінарыць атрымаецца. У планах яшчэ і экскурсійныя паездкі. Пачнём, напэўна, са сталіцы, з наведвання батанічнага саду. Кожнаму чалавеку патрэбны стасункі з іншымі людзьмі, а маім падапечным – асабліва. Стараюся пра кожнага больш даведацца, не абысці ўвагай. Рыхтуем зараз падарункі юбілярам. Шыльду на наш будынак заказала. Чакаю вось вясны, цяпла, каб ужо ўшчыльную ўзяцца за рамонт і добраўпарадкаванне.

На сённяшні дзень у раённай арганізацыі таварыства інвалідаў зарэгістраваны 163 члены. У маі мінулага года, калі Яўгенія Сураўцава прыйшла на гэту пасаду, было 112. Па “гуманітарку” ў былую краму наведваюцца не толькі інваліды, але і шматдзетныя сем’і. Шмат рэчаў адпраўляецца ў дамы сямейнага тыпу, аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Яўгенія Аляксандраўна просіць прывезці па магчымасці і штосьці для рукадзелля: тканіну, ніткі, стужкі і іншае – усё карыстаецца попытам.

– Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць за матэрыяльную дапамогу Докшыцкаму раёну газазабеспячэння, ААТ “Завод “Ветразь”, індывідуальнаму прадпрымальніку Марыне Маліноўскай, ПП “КАМ-ФЭД” і ПУП “Лабынька”, фотамайстру Аляксандру Малюжанцу, які робіць для нас значныя зніжкі на сваю прадукцыю. Дапамога ў добрай справе – гэта людзей заўжды характарызуе з найлепшага боку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *