В первичной профсоюзной организации ОАО «Докшицкий райагросервис» прошла отчетно-выборная конференция
У ПЯРВІЧНЫХ ПРАФСАЮЗНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ РАЁНА ПРАХОДЗЯЦЬ СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРЧЫЯ СХОДЫ І КАНФЕРЭНЦЫІ. ДНЯМІ ТАКОЕ МЕРАПРЫЕМСТВА АДБЫЛОСЯ Ў ААТ “ДОКШЫЦКІ РАЙАГРАСЭРВІС”.
У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Грунтова, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Дзяконскі.
Як паведаміла старшыня прафкама пярвічнай прафарганізацыі гаспадаркі Анастасія Марковіч, на сённяшні дзень на прафсаюзным уліку знаходзіцца 186 работнікаў, ахоп членствам стопрацэнтны.
У арганізацыі распрацаваны сумесны план комплексу мер па рэалізацыі асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, а вынікі яго выканання разглядаюцца два разы на год. Новы калектыўны дагавор прыняты ў 2022 годзе. Згодна з ім вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнаму станаўленню маладых спецыялістаў і работнікаў, а ў раздзеле “Сацыяльная абарона моладзі” для іх прадугледжваюцца рознага роду прывілеі, такія, як выдзяленне жылля маладым спецыялістам або кампенсацыя расходаў на здыманне жылля, даплаты да стыпендый у памеры ад 50 да 100 працэнтаў мінімальнай вучэбнай стыпендыі студэнтам, якія заключылі дагаворы на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў, аднаразовая матэрыяльная дапамога работнікам, прызваным на службу ў армію і ў выпадку звароту пасля службы на папярэдняе месца работы ў памеры 10 базавых велічынь і многія іншыя.
Важны напрамак работы прафкама – звароты грамадзян. Асноўныя пытанні, якія хвалявалі работнікаў райаграсэрвіса за справаздачны перыяд, а гэта пяць гадоў, – аказанне матэрыяльнай дапамогі, выдзяленне пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, кансультацыі па пытаннях аплаты працы, рэжыму працы і адпачынку, забеспячэнне спецадзеннем, прадаўжэнне кантрактаў, выплаты ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам.
Ахова працы і тэхніка бяспекі – у гэтых кірунках таксама вядзецца актыўная работа. Для прафілактыкі вытворчага траўматызму на прадпрыемстве выбраны тры грамадскія інспектары і камісія па ахове працы. За пяць гадоў на мерапрыемствы па ахове працы затрачана 5147 рублёў, праведзена рэканструкцыя рабочых месцаў. Забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы складае 80 працэнтаў.
Прафкам райаграсэрвіса рэгулярна ўдзельнічае ў акцыі “Прафсаюзы – дзецям”, прафсаюзны актыў – у фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах, што праходзяць у раёне. Штогод арганізоўваецца па некалькі турыстычных паездак, экскурсій, праходзяць урачыстасці, прысвечаныя Дню абаронцы Айчыны, Міжнароднаму жаночаму дню, прафесійнаму святу.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, Ірына Грунтова адзначыла, што, як бачна, дзейнасць прафсаюзнага камітэта сельгаспрадпрыемства заключаецца ў пастаянным клопаце пра работнікаў, у стварэнні бяспечных умоў працы, удасканальванні калектыўна-дагаворных адносін, і пажадала так трымаць і надалей.
Старшынёй пярвічкі зноў аднагалосна выбрана Анастасія Марковіч. Яе добрасумленная праца і актыўная грамадзянская пазіцыя адзначаны Ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў АПК, якую ўручыў Васіль Васюковіч. Граматы прафкама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці пярвічнай арганізацыі Анастасія Марковіч уручыла трактарысту-машыністу Аляксандру Судніку, загадчыку МТФ “Свіркі” Наталлі Новік, вадзіцелю Вячаславу Несцяронку.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.