Мир посмотрела, а дома — лучше. Спустя 30 лет жительница деревни Речные вернулась на родину
Леаніда Душар, у дзявоцтве Гушчык, з малой радзімай развіталася на доўгія тры дзясяткі гадоў, а вярнулася – і нібыта не ад’язджала нікуды з мілай вёсачкі, хоць і змянілася там многае, хоць і спачываюць на кладах аднавяскоўцы, якіх памятае яшчэ ў росквіце сіл, хоць і раскідала па свеце сяброў, аднакласнікаў, равеснікаў. З узростам, кажа, калі адступаюць на другі план многія рэчы, актуальныя ў маладыя гады, пражыванне ў бацькоўскім доме – бальзам на душу.
Што адразу кінулася ў вочы, калі наведалі Леаніду Міхайлаўну, – гэта захаванасць усяго таго ўкладу, які быў характэрны для вясковых дамоў 70-80-х. Такая настальгія накрыла! Дыванкі на сценах і ложкі з карункавымі падузорнікамі, квяцістыя яркія шторы, паліраваная мэбля, абразы, з любоўю атуленыя накрухмаленымі вышыванымі ручнікамі. Люстра з некалькімі кругамі шкляных вісюлек – якая пакута была здымаць іх, мыць, паласкаць з дабаўленнем сінькі і зноў навешваць двойчы на год – перад Калядамі і Вялікаднем, але ж і прыгожай яна здавалася ў тыя часы. Нават вымпел з мішкам – сімвалам алімпіяды-80 – і прычэпленымі да яго значкамі захаваўся. А ў вітальні – самаробная шафа, якая век прастаяла, не страціўшы свайго хараства, і яшчэ колькі вякоў прастаяць можа. І ўсё такое акуратненькае, чыстае, дагледжанае.
Зразумела, уся бытавая тэхніка ў доме сучасная, з традыцыйнымі для нашых мам і бабуль альвасамі суседнічаюць архідэі, але гэта чамусьці ніякім чынам не шкодзіць яго каларыту.
– Дзеці мае і ўнукі падтрымалі мяне ў тым, каб нічога не перарабляць, захаваць усё так, як было пры маіх тату і маме, – распавядае гаспадыня. – Дачушка ў мяне ў Мінску, часцей наведваецца, а вось сын у Растове. Тым не менш і ён з сям’ёй штогод стараецца прыехаць. Там што – стэпы вакол, а тут унукі нарадавацца не могуць нашай прыродзе, прыгажосці. Я дзяцей сваіх назвала Марыяй і Міхаілам – так звалі маіх бацькоў. Свята захоўваю памяць пра іх, ганаруся імі бязмерна, удзячная за ўсё, што змаглі мне даць, чаму навучылі. Працавітыя яны ў мяне былі, шмат узнагарод мелі за свае працоўныя дасягненні, мама – у паляводстве, тата – у будаўнічай брыгадзе. Карацей, дастойны прыклад з малых гадоў мела.
Леаніда Міхайлаўна па прафесіі бухгалтар, у свой час закончыла фінансава-эканамічны тэхнікум у сталіцы. Папрацавала год у райста, пасля – у Тумілавіцкім сельвыканкаме. А затым выйшла замуж за ваеннага і развіталася на доўгія гады не толькі з роднай вёскай, але і з краінай увогуле. Давялося і ў Азербайджане пажыць, і ў Расіі не ў адным месцы. Апошнім стаў горад Новачаркаск. Засталася адна – вярнулася ў Беларусь. А з 2017 года – тут, у Рачных.
Суразмоўца памятае ўсё да драбніц. Паказвае: там стаяла ферма, там – канюшня, у тым лясочку было процьма баравікоў. Усе сцежкі, мосцікі, адметныя дрэвы ярка жывуць у яе памяці, усё, што яшчэ ёсць, і што перастала існаваць. Гэтак жа, як і людзі. Згадвае аднавяскоўцаў з любоўю і павагай, і ад успамінаў тых святлее яе твар і загараюцца агеньчыкамі вочы. Так вось яно: свет вялікі, а наймілей – дома.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» рассказывает о деревне Речные Тумиловичского сельсовета