Супруги Зеваличи из города Докшицы отпраздновали золотую свадьбу
Учора, 14 лютага, Ілья Вячаслававіч і Зоя Васільеўна Зяваліч з Докшыц святкавалі залатое вяселле.
Як алмаз ператвараецца ў брыльянт, так і сваю першую нясмелую сімпатыю сужэнцы беражліва пеставалі і ўмацоўвалі на працягу пяцідзесяці гадоў.
– Наша каханне сапраўды быццам накоплівалася па кропельцы, – успамінае Зоя Васільеўна. – Атрымаўшы спецыяльнасць бухгалтара, я была накіравана на работу ў сельпо ў вёску Бярозкі. Туды ж сакратаром партарганізацыі саўгаса імя Чэрныша прыбыў і Ілья. Высокага, прыгожага хлопца немагчыма было не прыкмеціць. Дзяўчаты з языка не спускалі, усе вушы, як кажуць, прагудзелі. А я – маленькая ростам, таму і ў думках нават не дапускала, што магу яго зацікавіць. Родам я з Рачных, і ў Бярозках жыла на кватэры. Ілья таксама арандаваў пакойчык па-суседстве. Аднойчы, акурат пад Новы год, домаўладальніца арганізавала ў сябе вечарыну, на якую запрасіла нас, маладых сельпоўскіх дзяўчат, каб пазнаёміць са сваімі нежанатымі сынамі. Быў на свяце і Ілья. Вось тады, напэўна, я яму і спадабалася, бо пайшоў дадому праводзіць. Але на гэтым адносіны і скончыліся. Ён сціплы, я сціплая. Хадзілі, віталіся – і ўсё. Бывала, што запрашаў паўдзельнічаць у якіх грамадскіх справах. А праз пару гадоў сельпо ліквідавалі, і мне трэба было з’язджаць у Докшыцы. Збіралася ехаць па апошнія свае рэчы ў Бярозкі, як на аўтастанцыі мяне пераняў Ілья з сябрам на аўтамабілі. Прапанаваў падвезці і ўжо нікуды ад сябе не адпусціў.
На той час Ільі Вячаслававічу гаспадарка ўжо выдзеліла дом, таму з маладой жонкай было дзе будаваць сямейнае гняздзечка. Перспектыўнага юнака, які добра ведаў сельскагаспадарчую працу, бо вырас у звычайнай сялянскай сям’і ў Літоўцах, вельмі цаніла начальства. Яшчэ пасля заканчэння школы, ён некаторы час працаваў падлікоўцам у саўгасе “Докшыцкі”. Потым амаль год быў брыгадзірам у калгасе “Прагрэс”, адкуль яго адправілі вучыцца ў партыйную школу. У “Прагрэс” Ілья Вячаслававіч вярнуўся і пасля жаніцьбы. Закончыў Горкаўскую сельгасакадэмію і быў назначаны старшынёй калгаса. З 1983 па 2003 год працаваў намеснікам старшыні калгаса імя Гастэлы, а пасля – імя Юхнаўца ў Бераснёўцы. Апошнія восем гадоў да выхаду на пенсію быў заўгасам Докшыцкай ЦРБ.
– Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях надзейным тылам заўсёды была і ёсць мая Зоя, – гаворыць Ілья Вячаслававіч. – Дзякуй богу, што я паспеў тады на аўтастанцыю і не даў ёй з’ехаць. Магчыма, што ўсё роўна шукаў бы з ёй сустрэч, але гэта была б іншая гісторыя. Наша каханне падмацаванае і бясконцымі пераездамі, і ўласнаручным будаўніцтвам дома ў райцэнтры, і, самае галоўнае, нараджэннем дзвюх дачок. Цяпер мы цешымся ўнукамі, вядзём прысядзібную гаспадарку і дзякуем лёсу, які звёў нас разам пяцьдзясят гадоў таму.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.