Учебно-развлекательный тир открылся в агроусадьбе «Марговица» в Докшицком районе

img_8888

Аграсядзіба “Маргавіца” Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” пашырыла пералік паслуг: у ёй адкрыўся вучэбна-забаўляльны цір. Першымі наведвальнікамі гэтага ўнікальнага, адзінага ў раёне цэнтра сталі падлеткі з аматарскага аб’яднання “Акадэмія блогераў”.

Новы аб’ект знаходзіцца непадалёк ад гасцінічнага комплексу аграсядзібы ў будынку былой фермы, пра якую пакуль яшчэ нагадвае знешні від ціра. А вось знутры ўражвае з густам аформленая зала з рознымі лакацыямі. Справа на ўваходзе – экспазіцыя паляўнічай тэматыкі, злева – рыбалоўнай. Па іх можна вывучаць гісторыю гэтых старадаўніх промыслаў. Чаго тут толькі няма! Вуды і прынады, зробленыя ўручную. Рыбалоўныя сеткі, звязаныя дзедаўскім спосабам, з паплаўкамі з бярозавай кары.

img_8785 img_8814 img_8817

– Цяпер такіх днём з агнём не знойдзеш, – звяртае ўвагу дырэктар аб’екта аграэкасядзібнага комплексу “Маргавіца” Дзмітрый Сыраквашка. – Як і вялікіх, амаль паўкілаграмовых кручкоў.

– Якая ж рыбіна на іх клюе? – пытаемся, разглядаючы буйную прынаду.

– А можаце паспрабаваць на возеры аграсядзібы, – усміхаецца суразмоўца. – У нас ёсць паслуга рыбалкі.

– Няйнакш і ў Маргавіцы цмок водзіцца, – жартуем у адказ.

Ёсць на сценах і рыбацкія трафеі: засушаная галава монстра-шчупака і некалькі плотак. Аказалася, маленькія рыбіны сапраўдныя, засоленыя, і праз некаторы час імі можна будзе паласавацца.

Своеасабліва аздоблена паляўнічая частка экспазіцыі. І гэта не толькі ружжы і пудзілы дзікіх жывёл.

– Патроны, напэўна, бачылі ўсе, а вось іх састаў – адзінкі, – працягвае знаёмства з аб’ектам Дзмітрый Сяргеевіч. – Таму вырашылі зрабіць такую невялічкую выставу, дзе асобна прадстаўлены гільзы, карцеч, порах і іншае.

Упрыгожвае інтэр’ер люстра з рагоў. То тут, то там бачым шпакоўні. Выгляд адной з іх зноў вяртае ў мінулае, калі домікі для птушак вырабляліся з цурак. На сценах шмат малюнкаў жывёл – гэта лепшыя работы ўдзельнікаў рэспубліканскіх творчых конкурсаў, якія штогод праводзіць Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, пад эгідай якога і функцыянуе аграсядзіба.

img_8818 img_8822

Сэлфі каля фотазоны з матывуючым на поспех надпісам “Ні пуху, ні пяра” – і адпраўляемся выпрабаваць удачу ў прадстаўленых у ціры забавах.

Калі кідаць нажы і сякеры па тэхніцы бяспецы можна толькі паўналетнім, то дроцікі – якраз па ўзросце для блогераў.

Падлеткі змаглі паспаборнічаць у меткасці стральбы з пнеўматычнай стрэльбы, арбалета і лука. Праўда, з апошняй зброяй справіцца было не так і лёгка, бо, каб нацягнуць цеціву ,патрабуецца сіла. А вось страляць з арбалета спадабалася і дзяўчынкам.

– Абавязкова сюды вернемся, – гаварылі дзеці паміж сабой. – Каб яшчэ і з сябрамі…

img_8823

– Наведаць цір могуць не толькі адпачывальнікі з аграсядзібы, – звярнуў увагу Дзмітрый Сыраквашка. – Аб’ект даступны для ўсіх ахвотных, у тым ліку і для арганізаваных груп. Яго можна арандаваць для карпаратыву ці святкавання дня нараджэння. Чакаем таксама класы ваенна-патрыятычнага выхавання.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па нумары +375-29-144-40-69.

Прайшоўшы “курс маладога байца”, блогеры атрымалі незабыўныя ўражанні і сувеніры на памяць.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

img_8824 img_8862 img_8859 img_8845 img_8830 img_8826img_8929 img_8940 img_8953 img_8958 img_8961 img_8967 img_8987 img_8988 img_8989 img_8991

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *