В ОАО «Торгуны» технику к посевной готовят ответственно
Гарачай парой у аграрыяў прынята лічыць пасяўную і ўборачную кампаніі, а таксама корманарыхтоўку. Тут можна паспрачацца. Мяркую, што ў сельскай гаспадарцы “горача” цалюткі год без перапынку. Так, з наступленнем халадоў жыццё на палетках замірае, але ж уся актыўнасць перамяшчаецца на мехдвары, дзе рэдка якая пастаўленая на зімовае захоўванне тэхніка спакойна “дрэмле” ў чаканні надыходу вясны: штосьці проста аглядаецца, штосьці патрабуе дробнага рамонту, а асобнымі адзінкамі і сур’ёзна заняцца прыходзіцца. У ААТ “Таргуны” да падрыхтоўкі тэхнікі да чарговага напружанага цыкла сельгасработ падыходзілі і падыходзяць у вышэйшай ступені адказна. Мелі магчымасць у тым пераканацца, наведаўшыся туды днямі.
Нашым гідам стаў загадчык механічна-рамонтнай майстэрні Віктар Чэрныш:
– Не спім у шапку, – каментуе, праводзячы нас па сваіх “уладаннях”, Віктар Паўлавіч. – Два пасяўныя агрэгаты POTTINGER хутка будуць даведзены да ладу – працуюць з імі браты Ралаўцы, Сяргей і Дзмітрый. Сеялку Lemken Solitair з 12-метровым захопам рамантуе Валерый Стальмакоў. Васіль Юхнавец ужо закончыў рамонт плугоў, у скорым часе і Аляксандр Аксючыц завершыць гэту работу. За спраўнасць машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў адказвае Сяргей Пецько. Два энерганасычаныя трактары МТЗ-3022 сёлета запатрабавалі сур’ёзнага рамонту. Адрамантаваны рухавік аднаго ўжо вярнуўся з завода і ўстаноўлены. Другі трактар рамантуем уласнымі сіламі – над ім апякуецца Валерый Пракаповіч. Практычна ўсе механізатары ўжо павыходзілі з водпускаў, работа кіпіць. Як толькі патрэбныя запчасткі паступаюць, не марудзім з рамонтам ні дня.
– На сеялку маем дзесьці 90 працэнтаў неабходных запчастак, – далучаецца да размовы галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Маскалёнак. – На пасяўныя агрэгаты – працэнтаў 30-35. Рамантуем таксама дыскатар – для гэтага маецца ўсё неабходнае – і апырсквальнік самаходны. У адным з трактароў Fendt патрэбна мяняць фарсункі – чакаем з дня на дзень спецыялістаў абслугоўваючай арганізацыі.
Андрэй Пятровіч адзначыў, што на закупку запчастак спатрэбіцца прыкладна 750-800 тысяч рублёў. Заяўкі апрацаваны і адпраўлены пастаўшчыкам. Улічваючы тое, што тэхніка ў сельгаспрадпрыемстве ў большасці імпартная, чакаць паставак прыходзіцца больш часу, чым ад айчынных вытворцаў. У сувязі з гэтым цяжка сказаць, ці будзе ўся тэхніка выстаўлена на лінейку гатоўнасці да першага сакавіка, але да сярэдзіны месяца, мяркуе галоўны інжынер, павінны справіцца.
У велізарным арачніку, дзе ідзе рамонт пасяўной тэхнікі, нас сустракае звонкі, яшчэ і ў разы ўзмоцнены добрай акустыкай птушыны шчэбет. Гэта ў самым версе будынка пасяліўся гурт вераб’ёў, якія, мусібыць, радуюцца хуткаму наступленню вясны.
– Раніцай прыходзім – цішыня, спяць, – смяецца механізатар Валерый Міхайлавіч Стальмакоў. – Святло ўключаем – і пачынаецца канцэрт. Як у тропіках якіх у нас тут па гукавым суправаджэнні, весела. Ну а рамонт – справа звыклая. Калі ёсць запасныя дэталі, то і на душы спакойна: паспеем усё зрабіць у час.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.