Представители холдинга «Амкодор» вручили награду экскаваторщику Докшицкого ПМС Владимиру Боднарчуку
Экскаватары даўно ўжо сталі неад’емнай часткай будаўніцтва, дарожнай і камунальнай гаспадаркі. Палепшылі яны і эфектыўнасць і хуткасць меліярацыі зямель. Вось і аднакаўшовы экскаватар Амкадор ЭО-3223А выдатна паказаў сябе ў рабоце КДУП “Докшыцкае ПМС” – яго напрацоўка скала парадку 1900 метраў за гадзіну без прастояў з даты ўводу ў эксплуатацыю, а гэта крыху больш за год. А нязменна працуе на тым экскаватары машыніст Уладзімір Баднарчук. Днямі за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы прадстаўнікі холдынгу “Амкадор” уручылі Уладзіміру Дзям’янавічу памятны падарунак.
– Такія вынікі былі дасягнуты ў першую чаргу дзякуючы своечасоваму абслугоўванню і правядзенню неабходных дробных рамонтных работ адным з самых адказных нашых работнікаў, – гаворыць дырэктар прадпрыемства Уладзімір Шульгат. – Гэта яшчэ адно пацвярджэнне ўжо, мабыць, аксіёмы, што чалавечы фактар – асноўны фактар поспеху ў любой справе. А Уладзіміра Баднарчука па праве можна характарызаваць як чалавека слова і справы. Граматны спецыяліст, які ў свеце тэхнікі як рыба ў вадзе, сумленны чалавек – ніколі не дазваляе сабе зрабіць штосьці не на сто працэнтаў якасна, калі патрэбна, не лічыцца з асабістым часам. На аднакаўшовых экскаватарах ён працуе з 2013 года, і за ўвесь час даручаная тэхніка не мела сур’ёзных паломак. Прыемна, што яго працу заўважылі і адзначылі, можна сказаць, на рэспубліканскім узроўні.
– Безумоўна, многае ў эксплуатацыі любой тэхнікі залежыць ад вытворцаў, – сціпла каментуе свой поспех Уладзімір Дзям’янавіч, які ўжо станавіўся раней героем нашых публікацый. – Радуе, што экскаватар, на якім зараз даводзіцца працаваць, зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Думаю, наш “Амкадор” выпускае прадукцыю не горшую, чым у іншых краінах Еўропы. Стаж у мяне ўжо значны, вопыт работы з рознай тэхнікай багаты, таму, як кажуць, ёсць з чым параўнаць. Ну а тое, што пра свайго “жалезнага каня” трэба ўвесь час клапаціцца, – гэта ж не падлягае аспрэчванню. Толькі так, каб і вынікі былі дастойныя, і “гонар мундзіру”, калі ты мужчына, трымаць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.