Начальником строительного участка филиала «Докшицыводоканал» работает Николай Коваленко

img_7128-s

Пяць апошніх гадоў Мікалай Каваленка працуе начальнікам будаўнічага ўчастка філіяла “Докшыцыводаканал” УП “Віцебскаблводаканал”. І кажа, што гэта найбольш блізкая сэрцу работа ў параўнанні з усімі папярэднімі, бо адчувае яе асаблівую значнасць і штораніцы ідзе туды з задавальненнем.

Па інстытуцкай адукацыі інжынер-хімік-тэхнолаг, паспрабаваў сябе ў жыцці на розных пасадах у розных арганізацыях раёна – быў будаўніком, выкладчыкам у аўташколе, майстрам ЖКГ, прарабам. І ўсё ж большая частка працоўнага стажу звязана з будаўніцтвам.

Цяпер будуе станцыі абезжалезвання ў чатырох раёнах: Докшыцкім, Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім і Пастаўскім.

– Сістэма водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ў краіне актыўна развіваецца, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Гэтаму, у прыватнасці, спрыяюць новыя станцыі абезжалезвання. Прыемна ўсведамляць, што маеш дачыненне да забяспечэння спажыўцоў якаснай пітной вадой.

Пад кіраўніцтвам Мікалая Каваленкі толькі ў нашым раёне пабудаваны станцыі ў Гарадзішчы, Бярозаўцы, Літоўцах, Порплішчы. У дадзены момант будуюцца яшчэ дзве – у Дамашкавічах і Глыбоцкім раёне.

У падчыненні начальніка майстар і восем рабочых, якіх Мікалай Мікалаевіч называе ўніверсаламі, бо кожны з іх выконвае шэраг разнастайных будаўнічых работ.

Акрамя будаўніцтва станцый, работнікі займаюцца ўкладкай водаправодных і каналізацыйных труб – у тых жа чатырох раёнах, аказваюць платныя паслугі насельніцтву па падвядзенні-адвядзенні вады, прычым робяць гэта “пад ключ”, пачынаючы ад падрыхтоўкі праекта і заканчваючы ўстаноўкай лічыльнікаў. Да ўсяго будаўнікі “Водаканала” зарабляюць грошы на рамонце памяшканняў у дзіцячых садах, школах і іншых арганізацыях – попыт на іх паслугі існуе не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Напрыклад, зараз робяць бягучы рамонт у Варапаеўскім доме культуры. А да гэтага правялі аддзелачныя работы ў актавай зале свайго філіяла, і яна набыла сучасны і багаты выгляд.

– Мае людзі здольныя працаваць і ў траншэях, і на зямлі, – з усмешкай рэзюміруе Мікалай Мікалаевіч.

Ён штодзень асабіста выязджае на аб’екты і кантралюе ход работ, вывучае ў рабочым кабінеце праектна-каштарысную дакументацыю, выбірае патрэбныя матэрыялы для закупкі, складае акты. У яго абавязкі таксама ўваходзіць кіраўніцтва цэхам па вытворчасці жалезабетонных вырабаў.

Па характары добры, спагадлівы чалавек, тым не менш настойлівы ў сваіх патрабаваннях да калег. Такі сплаў якасцей забяспечвае яму павагу навакольных як да чалавека і кіраўніка.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *