О комбриге Иване Титкове рассказывает экспозиция Бегомльского музея народной славы
Ёсць у фондзе Бягомльскага музея народнай славы адзіны ў сваім родзе экспанат – бінокль. Належаў ён Герою Савецкага Саюза Івану Ціткову – камандзіру партызанскай брыгады “Жалязняк”. У чатыры вокі сачыў Іван Піліпавіч за дыслакацыяй ворага, аберагаў таварышаў ад гібелі.
У музейным архіве захоўваюцца дзве фатаграфіі з адлюстраваннем камбрыга з біноклем. На адной з іх – разам з камісарам брыгады Сцяпанам Манковічам і начальнікам штаба Леанідам Біруковым.
У музеі ўстаноўлены бюст героя, захоўваюцца яго асабістыя рэчы.
Ціткоў пражыў складанае жыццё, аднак да канца заставаўся патрыётам і Чалавекам з вялікай літары.
Усяго за час існавання брыгады “Жалязняк” партызаны знішчылі больш за 5 тысяч салдат і афіцэраў праціўніка, звыш 200 грузавых і легкавых машын, 34 танкі і браневікі, падарвалі вялікую колькасць чыгуначных і аўтамабільных мастоў, пусцілі пад адхон звыш 50 чыгуначных эшалонаў.
Нарадзіўся ён 27 жніўня 1912 года ў в. Слабада Бялёўскага раёна Тульскай вобласці ў сялянскай сям’і. Закончыў рабфак, пасля чаго пераехаў у Тулу, дзе працаваў на будаўніцтве розных аб’ектаў, адначасова вучыўся ў тэхнікуме.
У 1934 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай арміі ў будаўнічыя часткі, што дазволіла яму прадоўжыць адукацыю. У 1936 годзе скончыў вячэрнія курсы ваенна-інжынернага вучылішча ў Тамбове. Пасля звальнення ў запас працягнуў вучобу і ў 1939 годзе закончыў Навасібірскі будаўнічы інстытут. У 1940-м вярнуўся ў армію і быў прызначаны памочнікам камандзіра інжынернага батальёна Заходняй асобай вайсковай акругі. Такім чынам, пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў лейтэнанта Ціткова на заходняй мяжы СССР у Ваўкавыску, дзе ён кіраваў работамі па стварэнні абарончых збудаванняў на адным з участкаў “Лініі Сталіна”.
Імклівае наступленне нямецкіх войскаў не дазволіла арганізаваць абарону на гэтым участку. Але Ціткоў здолеў сабраць вакол сябе разрозненыя рэшткі сваёй і суседніх частак, арганізаваў іх у атрад і да сярэдзіны ліпеня вывеў з баямі з акружэння. Выведзеныя байцы гераічна змагаліся затым у абарончых баях у раёне Гродна, Слоніма, ракі Нёман, у Смаленскай бітве, пасля якой былі перакінуты пад Маскву.
Сам Ціткоў абараняў сталіцу СССР на пасадзе начальніка інжынернай службы мотастралковага батальёна, у складзе якога прымаў удзел у знакамітым парадзе на Чырвонай плошчы ў лістападзе 1941 года. З парада батальён быў накіраваны на перадавую. Пасля разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой батальён быў перакінуты ў раён Ржэва, дзе ў лютым 1942 года Іван Піліпавіч быў цяжка паранены.
Пасля лячэння ў чэрвені 1942 года Ціткоў, ужо капітан, быў накіраваны ў распараджэнне штаба партызанскага руху Заходняга фронту, закончыў курсы ў Барвісе і быў дэсантаваны ў тыл ворага. Там у жніўні 1942 года на базе атрадаў Дзякава, Аўтушкі і Далганава Іван Піліпавіч сумесна з партыйнымі і савецкімі кіраўнікамі Беларусіі і Бягомльскага раёна стварыў партызанскую брыгаду “Жалязняк” і стаў яе камандзірам.
Дзякуючы рашучым дзеянням брыгады згон людзей у Германію па Бягомльскім і часткова Докшыцкім раёнах былі сарваныя. Актыўнымі дзеяннямі партызан былі выведзены са строю міжраённыя дарогі Бягомль – Докшыцы, Докшыцы – Плешчаніцы, Бягомль – Даўгінава, і, акрамя гэтага, быў практычна цалкам перакрыты для руху галоўны раённы стратэгічны аб’ект – дарога Докшыцы – Лепель, паколькі масты праз рэкі Поню, Бярэзіну і Мускавіцу былі знішчаны.
Яшчэ адным стратэгічна важным аб’ектам з’яўлялася шаша Мінск – Віцебск, па якой увесь час перасоўваліся значныя сілы ворага ў найважнейшых кірунках (Смаленск, Ельня, Масква). Яна ўзмоцнена ахоўвалася фашысцкімі гарнізонамі, таму яе ліквідацыя была прыярытэтнай задачай. На падрыхтоўку аперацыі было затрачана пяць дзён, і ў ноч на 28 лістапада 1942 года яна пачалася. Вораг быў заспеты знянацку, і на ўчастку, які праходзіў па тэрыторыі Бягомльскага раёна, партызанамі брыгады “Жалязняк” гэта шаша была перарэзана, што надоўга перапыніла прамыя зносіны паміж Мінскам і Віцебскам.
Буйной ваеннай аперацыяй жалезнякоўцаў стала вызваленне Бягомля. Доўгачаканая падзея здарылася ў снежні 1942 года. У ходзе баёў, як і пры правядзенні іншых баявых аперацый, у поўнай меры выявіўся масавы гераізм партызан, а таксама прафесіяналізм камандавання брыгады. Так, па ўспамінах партызан, Іван Піліпавіч вельмі старанна распрацоўваў баявыя аперацыі і пры гэтым заўсёды клапаціўся пра людзей.
У вызваленым Бягомлі былі адноўлены савецкія органы самакіравання, створана ваенная гарадская камендатура, размешчаны штаб брыгады, перасоўны шпіталь, які абслугоўваў у тым ліку і грамадзянскае насельніцтва, а таксама шэраг тылавых службаў. Але самае галоўнае, з’явілася магчымасць каардынаваць дзеянні брыгады з дзеяннямі іншых партызанскіх атрадаў і сумеснымі намаганнямі значна пашырыць тэрыторыю, вызваленую ад акупантаў.
З сакавіка 1943 года ў раёне дыслакацыі брыгады дзейнічаў аэрадром, праз які ажыццяўлялася сувязь партызан з Вялікай зямлёй. Устанаўленне паветранай сувязі мела вялікае маральнае і практычнае значэнне для партызан, паколькі паказала, што ворага можна перамагчы і з ім змагаецца ўся краіна.
Авіяцыя дастаўляла жалезнякоўцам і многім іншым партызанскім злучэнням, якія дзейнічалі ў гэтай мясцовасці, а таксама літоўскім партызанам медыкаменты, зброю і прадукты першай неабходнасці, вывозіла за лінію фронту цяжкапараненых байцоў.
У маі – чэрвені 1943 года ў перыяд зацішша на фронце акупанты вырашылі выкарыстаць свае вайсковыя рэзервы для ліквідацыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Для гэтага была арганізавана буйная карная аперацыя “Котбус”.
Брыгада “Жалязняк” дала карнікам рашучы адпор: знішчыла ў гэтых баях звыш 800 гітлераўцаў, 4 танкі і бронемашыны, падарвала 7 эшалонаў, захапіла 1690 адзінак рознай зброі. Сіламі брыгады пад камандаваннем І.П. Ціткова быў нанесены шэраг сур’ёзных паражэнняў калабарацыянісцкай 1-й рускай нацыянальнай брыгадзе (ці 1-й рускай брыгадзе СС “Дружына”) пад камандаваннем У.У. Гіль-Радзіёнава, у выніку якіх быў значна падарваны іх маральны дух. У сувязі з гэтым варта адзначыць складаную і шматхадовую аперацыю, праведзеную камандаваннем брыгады па перавярбоўцы і пераходзе рэштак “Дружыны” разам з Гіль-Радзіёнавым на бок партызан.
Велізарную ролю адыграла брыгада ў вядзенні “рэйкавай вайны”, за што і ўдастоілася дзвюх падзяк ад начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнкі.
У 1944 годзе супраць Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны была праведзена яшчэ адна буйная аперацыя – “Кармаран”. Яна стала найбуйнейшай карнай вайсковай аперацыяй нямецка-фашысцкіх войскаў у гісторыі партызанскага руху за ўвесь перыяд вайны. Але дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву і мужнасці партызан брыгада працягвала барацьбу з ворагам. Падчас аднаго з гэтых баёў І.П. Ціткоў быў сур’ёзна паранены, вынесены з поля бою і вывезены ў тыл.
За ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў тыле ворага і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху маёру Івану Піліпавічу Ціткову Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Звязда”. Таксама ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі.
Пасля выхаду са шпіталя Ціткоў паступіў у распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху. Затым працаваў намеснікам міністра ў Міністэрстве будаўніцтва Беларусі, у апараце ЦК КПСС. У 1953 годзе закончыў ваенна-гістарычны факультэт акадэміі Генеральнага штаба імя Фрунзэ, пасля чаго працаваў у будаўнічых частках КДБ.
У 1957 годзе жыццё Ціткова рэзка змянілася, ён быў звольнены з Савецкай арміі, пазбаўлены звання Героя Савецкага Саюза і асуджаны. У 1959-м вызвалены з частковым абмежаваннем у правах. У 1965-м цалкам рэабілітаваны. Гэта дазволіла яму па запрашэнні П.М. Машэрава вярнуцца ў любімую ім Беларусь, у Мінск, дзе ён да канца свайго жыцця вёў вялікую асветніцкую працу, пісаў кнігі пра партызанскі рух і па меры магчымасці дапамагаў партызанам. Іван Піліпавіч памёр 23 ліпеня 1982 года і быў пахаваны ў Мінску на Алеі Герояў на Усходніх (Маскоўскіх) могілках. У яго гонар названа адна з бягомльскіх вуліц.
Ніна КРУКОВІЧ.