Педагог Глинской СШ Оксана Самсанович учит детей хранить традиции предков

be38a72a399a8521c667

Упершыню ўбачыла гэту жанчыну ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі: яна трымала ў руках маляўніча аформленую папку і ажыўлена абмяркоўвала з метадыстамі нюансы конкурснай работы. Відаць было, што чалавек кампетэнтны і гарыць справай, якой займаецца. Як выявілася, гэта настаўніца Глінскай сярэдняй школы, загадчык школьнага этнаграфічнага музея “Спадчына” Аксана Самсановіч – дока педагогікі і аматар даўніны. Пазней давялося не раз віншаваць Аксану Іванаўну з перамогамі музея ў конкурсах і пры блізкім знаёмстве пераканацца, што гэта яшчэ і асоба з прыгожай душой.

Малая радзіма – Докшыцкі раён…

– Я прыехала ў Гліннае дванаццацігадовай дзяўчынкай у 1986 годзе, калі бацькі былі накіраваны спецыялістамі ў тагачасны саўгас “Камунар”, – расказвае Аксана Самсановіч. – Мае продкі з Мількуні, а сама я нарадзілася ў Валодзьках, у дзяцінстве жыла ў Барсуках і Юркаўшчыне, таму, калі запытацца, дзе мая малая радзіма, адкажу, што гэта Докшыцкі раён. Перамена месца пражывання і вучобы мае свае плюсы. Было лёгка і цікава прывыкаць да новай школы, новых аднакласнікаў і настаўнікаў. Напэўна, з тых часоў я і навучылася цаніць сустрэчы з новымі людзьмі.

Прафесійны выбар

А з Глінным і Глінскай школай Аксана больш не расставалася. Выключэнне склалі студэнцкія часы.

– Не магу сказаць, што стаць настаўніцай было марай жыцця, – прызнаецца яна. – Аднолькава любіла і матэматыку, і мову, і літаратуру. Цяжка было выбраць прафесію. Таму, атрымаўшы дыплом настаўніка пачатковых класаў у Віцебскім педагагічным універсітэце імя П.М. Машэрава, адразу ж пайшла ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі вывучаць англійскую мову, а крыху пазней – псіхалогію ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ. Дарэчы, успамінаю першыя гады навучання ў старой Барсукоўскай школе: мае адзнакі па вучобе і паводзінах былі “здав.” і “нездав.”. Магчыма, так было б і далей, калі б у трэцім класе да нас не прыйшла настаўніца Ларыса Віктараўна Варган. Яна навучыла быць уважлівай на ўроку – і я “ўзнялася” да самых высокіх балаў. Гэта яскравы прыклад таго, як настаўнік можа змяніць жыццё свайго вучня.

Настаўніцкім шляхам

– Работу сваю люблю, – працягвае настаўніца. – Кажучы кіношнай фразай, “проста таму, што люблю”. Увогуле не магу нешта рабіць, калі не люблю. Таму ўсё, што раблю, люблю.

Аксана Іванаўна выкладае вучэбныя прадметы ў 3-м класе і англійскую мову ў 9-м і 11-м класах. Адміністрацыя школы характарызуе яе як строгага, але справядлівага, цудоўнага спецыяліста. На падрыхтоўку да ўрокаў яна адводзіць нямала часу, каб зацікавіць вучняў і зместам, і формай падачы матэрыялу.

– На працягу свайго больш як дваццаціпяцігадовага настаўніцкага шляху з цікавасцю назіраю, як паступова мяняецца школа, – заўважае суразмоўца. – Навучанне стала больш дынамічным, вучні – больш прасунутымі, як кажуць.

Трывала ў працу ўвайшло суправаджэнне навучэнцаў пры падвозе – напрыклад, нашу школу наведваюць дзеці з сямі вёсак. Усё часцей сутыкаемся з праблемай, што трэба навучыць дзіця, якое ўвогуле не хоча вучыцца.

“Спадчына”

З 2019 года Аксана Іванаўна кіруе школьным этнаграфічным музеем “Спадчына”. Дзеці ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, выставах, форумах. Найбольш любімыя сярод іх – рэспубліканскія фестываль-конкурс даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” і конкурс “Скарбы маёй сям’і”. У выніку на рахунку музея толькі пад кіраўніцтвам Аксаны Самасановіч з дзясятак дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

У музеі працягваюцца традыцыі калядавання, Масленіцы, гукання вясны, святкавання Тройцы, Купалля, Багача і інш.

– Прыемна, што дзяцей не трэба прымушаць да ўдзелу ў музейных мерапрыемствах, – задаволена настаўніца. – Яны плятуць паясы і кошыкі, праводзяць экскурсіі. Далучэнне да спадчыны станоўча ўплывае на фарміраванне іх духоўнага свету.

Працоўны фактар

У вольны час Аксана чытае класіку, праглядае кінафільмы і захапляецца шыццём і вязаннем. У цёплы час года шчыруе на сваім прысядзібным участку, дзе ідэі па аздабленні нараджаюцца з такой жа хуткасцю, як і ў музейнай дзейнасці. Без работы ёй не сядзіцца. Пераканана, што закладзена гэтая якасць у дзяцінстве:

– У сямейным выхаванні мая мудрая мама лічыла асноўным працоўны фактар. І бабуліна прымаўка “Галоўнае, каб умела танчыць, а работу рабіць гора навучыць” не дапамагала перайначыць яе меркаванне. Работа была заўсёды: прыбраць у хаце, выпалаць агарод, дагледзець меншых. Так з ранніх гадоў вучылі працавітасці. Дальнабачныя бацькі робяць гэтак і зараз.

Сям’я

Муж Аксаны Аляксандр працаваў у МНС, і іх сын Іван пайшоў па бацькавых слядах, а цяпер яшчэ завочна вучыцца ў БНТУ. Дачка Алеся, як і мама, вывучала замежныя мовы. Пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта працуе метадыстам ва ўпраўленні па справах культуры БДУ. І гэтаксама, як і мама, на адной спецыяльнасці не спынілася – асвойвае камп’ютарную графіку і 3D-дызайн у Інстытуце інфармацыйных тэхналогій пры БДУІР. Відаць, бацькі перадалі свае прафесійныя прыхільнасці дзецям. А ў выніку ім не сумна разам – заўжды ёсць агульныя тэмы для абмеркавання.

Аляксандр і Іван – галоўныя памочнікі і рэалізатары Аксаніных праектаў па добраўпарадкаванні сядзібы.

– Паважаю мужчын, якія ўмеюць працаваць рукамі, – з бляскам у вачах зазначае яна. – І магу сказаць, што з мужам мне пашанцавала. Хата, у хаце, лазня, агароджы – усё зроблена ім. Тэнісны корт у двары – таксама мужава прапанова. А яшчэ нас аб’ядноўвае любоў да хатніх гадаванцаў. Сярод іх прыгажуня Бэла – залацісты рэтрывер – найбольшая пястуха.

Імкненне да прыгажосці – самае важнае ў маім жыцці. Ніколі не думаю пра людзей дрэнна. У кожным ёсць больш добрага. Проста часам складаныя абставіны азлабляюць чалавека. Думкі павінны быць радаснымі – тады і будзе шчасце.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота з асабістага архіва гераіні артыкула.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *