Весенняя посевная кампания стартовала в Докшицком районе

Юрый Панамароў. Работа любімая,  надвор’е сонечнае, настрой – адпаведны.

Юрый Панамароў. Работа любімая, надвор’е сонечнае, настрой – адпаведны.

Яравы клін у гэтым годзе складае 7029 гектараў. Найбольшыя плошчы – 2100 гектараў, або трэцюю частку ад агульнай – неабходна пасеяць аграрыям з ААТ “Таргуны”. Па стане на 29 сакавіка да сяўбы яравых збожжавых прыступілі чатыры сельгаспрадпрыемствы: ДП “АграСітцы”, ААТ “Барсучанка”, ААТ “Таргуны”, ААТ “Бягомльскае”, аднагадовых – два (ДП «Гняздзілава-Агра» і ДП «АграСітцы»). Па колькасці засеяных плошчаў лідарства трымае ААТ “Барсучанка” – 136 гектараў (13,2 працэнта), у працэнтных адносінах наперадзе ДП “АграСітцы” – 133 гектары, або 16,6 працэнта плошчаў. Паступова набіраюць абароты ААТ “Таргуны” і “Бягомльскае”. КУП “Докшыцкі” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” пакуль не прыступілі да работы з-за вялікай вільготнасці зямель.

Разам з тым у гаспадарках актыўна вядзецца падкормка азімых збожжавых. Такую работу ўжо завяршылі ў ДП “Гняздзілава-Агра” і ААТ “Бягомльскае”. Гэта ж сельгаспрадпрыемства, а таксама ДП “АграСітцы” перавыканалі план па веснавым ворыве глебы. Яны ж з’яўляюцца лідарамі і па падсеве шматгадовых траў. Нарошчваюць тэмпы ў гэтай справе і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе плануецца падсеяць ажно 1500 гектараў траў.

…Сонечным сакавіцкім днём наведаліся ў ААТ “Барсучанка” і на палетках каля вёскі Лапуты ўбачылі мілую сэрцу карціну адвечнай сялянскай працы на зямлі і знаёмых механізатараў-хлебаробаў. Глебу пад сяўбу рыхтаваў на МТЗ-3022 з чызельным культыватарам Віктар Якаўлеў. На МТЗ-3522 з дыскатарам рупіўся Аляксандр Рамашоў. З плугамі на суседнім полі працаваў Віктар Качынскі. Юрый Бадун на МТЗ-82 займаўся звыклай справай – рассяваў калійнае ўгнаенне. Ну а сейбіт Юрый Панамароў якраз прыпыніўся, каб штосьці падрэгуляваць у пасяўным агрэгаце.

– Сорак гектараў за дзень у сярэднім атрымліваецца засеяць – нядрэнна, лічу, – адзначыў механізатар. – Спешкі ў нас няма, бо не на ўсіх яшчэ землях можна прыступаць да работы. Як і ва ўсе часы, спадзяёмся на спрыяльнае надвор’е – усё астатняе залежыць ад нас саміх.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *