Директор Докшицкого хлебозавода Алексей Байков признан лучшим руководителем по итогам прошлого года
У ІНДЫВІДУАЛЬНЫМ СПАБОРНІЦТВЕ РАБОТНІКАЎ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ РАЁНА СЯРОД ПРАЦАЎНІКОЎ ПРАМЫСЛОВЫХ, БУДАЎНІЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ, АРГАНІЗАЦЫЙ СУВЯЗІ І ТРАНСПАРТУ, ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА КІРАВАННЯ І САМАКІРАВАННЯ, СФЕРЫ ПАСЛУГ, САЦЫЯЛЬНАЙ СФЕРЫ, ГРАМАДСКАЙ ДЗЕЙНАСЦІ І ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА ЛЕПШЫМ КІРАЎНІКОМ ПА ВЫНІКАХ 2023 ГОДА ПРЫЗНАНЫ ДЫРЭКТАР ФІЛІЯЛА «ДОКШЫЦКІ ХЛЕБАЗАВОД» ААТ “ВІЦЕБСКХЛЕБПРАМ” АЛЯКСЕЙ БАЙКОЎ.
– У мінулым годзе, як і ў многіх папярэдніх, наш калектыў імкнуўся не спыняцца на дасягнутым, а развівацца ва ўсіх магчымых напрамках, каб крочыць у нагу з часам, быць канкурэнтаздольнымі, радаваць спажыўцоў новымі відамі прадукцыі, – адзначыў Аляксей Фадзеевіч. – За справаздачны год на нашым заводзе выраблена і рэалізавана 2076 тоны хлебабулачных вырабаў, 54 тоны кандытарскіх. Выручка ад рэалізацыі склала 7099 тысяч рублёў, што складае 102,2 працэнта да ўзроўню 2022 года. Адкрылі краму хлебазавода ў аграгарадку Порплішча.
Працягваем набываць новае абсталяванне і асвойваць выпуск новых відаў прадукцыі. Так, летась закуплена машына па раскачванні цеста, у тым ліку слоенага. Асвойваем вытворчасць круасанаў з начынкамі ва ўпакоўцы – круасаны “Любимый” і “Нежный” даволі хутка заваявалі папулярнасць як у дакшычан, так і ў жыхароў сталіцы. Акрамя круасанаў, попытам карыстаюцца і новыя віды мучных салодкасцей: “Рулецікі макавыя”, “Выкрунтас”, “Карамелька”, “Грабеньчык яблычны з карыцай”. Новыя тэндэнцыі кандытарскіх вырабаў – пірожнае “Браўні фруктовы”. Таксама набылі вафельніцу і асвоілі вытворчасць “Трубачак лідскіх з арахісам”.
Ганаруся сваім калектывам – камандай аднадумцаў, добрасумленных працаўнікоў, творчых і адданых прафесіі. У будучыню глядзім упэўнена, бо, паўтаруся, не стаім на месцы ў сваім развіцці.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з архіва Докшыцкага хлебазавода.