«Справочная 109» подскажет интересующий номер телефона
У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар райцэнтра Віктар Сушко і пацікавіўся, ці плануюць у раёне абнаўляць тэлефонны даведнік.
– Апошнім часам шмат нумароў тэлефонаў змянілася, – гаварыў Віктар Аляксеевіч. – І так нязручна стала. Аднойчы трэба было неадкладна пазваніць у хірургічнае аддзяленне, дык, як высветлілася, нумара, змешчанага ў старым даведніку, даўно ўжо не існуе. Думаю, што многія жыхары раёна вельмі абрадаваліся б, калі б у продажы з’явілася новая тэлефонная кніжка.
Пытанне дакшычаніна рэдакцыя адрасавала начальніку Докшыцкага ўчастка электрасувязі Віктару Шаўцову.
– Апошні даведнік тэлефонных нумароў перавыдаваўся ў 2016 годзе, але да гэтай справы, якой займалася прыватная сталічная тыпаграфія, ніякага дачынення наш Белтэлекам не меў, – пракаментаваў Віктар Васільевіч. – Дарэчы, калі даведнік з’явіўся ў продажы, попыт на яго ў пакупнікоў быў зусім нізкі. Не сакрэт, што сёння існуе выдатная альтэрнатыва тэлефоннай кніжцы, толькі платная, – “даведка 109”, дзе падкажуць нумар тэлефона, які вас цікавіць.