Среди Героев Советского Союза — уроженец д. Кромовичи Докшицкого района Александр Черныш

chernysh-s

Сярод Герояў Савецкага Саюза – ураджэнец в. Кромавічы нашага раёна Аляксандр Чэрныш.

Яго імя было прысвоена саўгасу з цэнтрам у в. Бярозкі, а сам ён навечна залічаны ў спіс працоўнага калектыву. Зараз імя Героя носяць піянерская дружына Бярозкаўскай школы і вуліца ў г.п. Бягомль, а таксама Бабруйскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж, вуліцы ў г. Кіраўск Магілёўскай вобласці і в. Калініна Бабруйскага раёна. У агр. Бярозкі ўстаноўлены бюст, а на доме ў Кромавічах, дзе жыў А.І. Чэрныш, – мемарыяльная дошка.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны імя Чэрныша ўпісана на сцяне герояў. А таксама на адной з шасці стэл у гонар Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі на бабруйскай зямлі, – на Кургане Славы ў в. Сычкава.

Аляксандр Чэрныш – камандзір стралковай роты 457-га стралковага палка 129-й стралковай дывізіі 3-й арміі 1-га Беларускага фронту, капітан.

Нарадзіўся 12 лютага 1917 года ў сялянскай сям’і. Скончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, затым Ленінградскае афіцэрскае вучылішча. У 1938 годзе прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Браў удзел у баях за вызваленне Заходняй Беларусі ў 1939 годзе і ў савецка-фінскай вайне 1939–1940 гадоў.

У баях Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года, ваяваў на розных франтах.

З 21 па 24 лютага 1944 года браў удзел у Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі. У час наступлення на вёску Старое Сяло Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці разам са сваёй ротай хутка прасунуўся наперад і раптоўным налётам з-за ўзлеску выбіў праціўніка з населенага пункта і авалодаў ім.

24 лютага 1944 года падчас фарсіравання ракі Друць атрымаў раненне, але з поля бою не сышоў, пакуль не авалодаў пярэднімі траншэямі праціўніка ў в. Вялікая Канапліца Рагачоўскага раёна. У гэтым баі ён асабіста са свайго аўтамата знішчыў двух фашыстаў, якія адмовіліся здавацца ў палон і аказалі жорсткае супраціўленне.

28 чэрвеня 1944 года падчас пераследу праціўніка ў раёне Кіраўска рота пад камандаваннем Чэрныша знішчыла да 170 гітлераўскіх салдат і афіцэраў, 27 фашыстаў былі захоплены ў палон.

Асабліва вызначыўся Чэрныш падчас аперацыі “Баграціён” у 1944-м. 29 чэрвеня яго рота прарвалася ў тыл ворага і заняла пазіцыі на шашы Бабруйск – Мінск, тым самым перарэзаўшы шляхі адыходу.

Гітлераўцы вялікай групай пяхоты пры падтрымцы танкаў і самаходных гармат 14 разоў пераходзілі ў контратаку, але так і не змаглі вырвацца з кальца. У гэтым жорсткім баі рота знішчыла больш за 200 нямецкіх салдат і афіцэраў, 80 фашыстаў захапіла ў палон. Вялікія страты панеслі і нашы ваяры. Аляксандр Іванавіч атрымаў раненне – асколкам адарвала два пальцы левай рукі. Але ён застаўся на полі бою і працягваў змагацца да таго часу, пакуль, паводле афіцыйных даных, яго не падкасіла варожая куля.

Першапачаткова быў пахаваны ў вёсцы Панюшкевічы Бабруйскага раёна. Перапахаваны ў Брацкай магіле ў вёсцы Чарніца на Бабруйшчыне.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна ў сакавіку 1945 года. Узнагароджаны ордэнам Леніна (сакавік 1945-га), ордэнам Чырвонага Сцяга (сакавік 1944-га).

З ліста з вайсковай часці бацьку героя Івану Чэрнышу ад 5 красавіка 1945 года:
“Ад усяго сэрца дзякуем Вам, дарагі Іван Стэфанавіч, за тое, што выхавалі свайго сына, да глыбіні душы адданага сваёй Радзіме. Ніводны крок ён не адышоў ад занятага рубяжа, […] не пашкадаваў ні сіл, ні нават свайго жыцця для перамогі над заклятым ворагам нашага народа і ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва. […]
Ваш сын загінуў смерцю адважных. […]
Вечная слава Герою!”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *