Имя Героя Советского Союза Ивана Полевого носят площадь, улица и переулок в городе Докшицы
Іван Сцяпанавіч Палявой змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Паўднёвым, Калінінскім, Паўднёва-Заходнім, Ленінградскім, 3-м Беларускім, 1-м Прыбалтыйскім франтах. Здзейсніў 125 баявых вылетаў. Бомбавымі ўдарамі знішчыў 22 варожыя самалёты на аэрадромах, 40 танкаў, 307 аўтамашын, разбурыў 3 пераправы і 2 масты. У час Беларускай наступальнай аперацыі 1944 года намеснік камандзіра 132 авіяпалка маёр І.С. Палявой бамбіў ваенныя аб’екты ворага ў раёне Мінска, Полацка і Даўгаўпілса.
Загінуў 20 жніўня 1944 года. Пасмяротна ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і шэрагам медалёў.
Музей героя
Самалёт з лётчыкам Палявым пацярпеў катастрофу ля вёскі Малажане Докшыцкага раёна. Разам з членамі экіпажа – штурманам Васіліем Ніцаем і стралком-радыстам Сямёнам Шумковым – Іван Палявой быў пахаваны недалёка ад месца падзення самалёта, а ў 1962 годзе яны перапахаваны ў Брацкай магіле ў Докшыцах. У 1964 годзе імя І.С. Палявога прысвоена Докшыцкай сярэдняй школе, адной з вуліц і плошчы горада.
Збор інфармацыі пра Героя Савецкага Саюза і яго авіяполк пачаўся ў 1964 годзе пад кіраўніцтвам дырэктара Докшыцкай СШ, былога камісара аднаго з партызанскіх атрадаў Уладзіміра Паруля. Былі сабраны фотаздымкі ваенных гадоў, пісьмы-ўспаміны, архіўныя дакументы пра баявы шлях І.С. Палявога і іншыя матэрыялы.
Цяпер у школьным музеі імя Палявога аформлены тры экспазіцыі, прысвечаныя герою: пра яго асабіста, пра 132 авіяполк і мерапрыемствы, накіраваныя на ўшанаванне памяці.
У дадзены час вядзецца работа па новым прысваенні школе імя І.С. Палявога. Яго імем таксама названы завулак у Докшыцах і вуліца ў Крулеўшчыне.
У памяць пра гераізм лётчыкаў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у в. Малажане ўзведзены абеліск.
Ас
Іван Сцяпанавіч Палявой нарадзіўся 7 студзеня 1907 года ў сяле Новамікалаеўка Херсонскай вобласці.
У 1933 годзе закончыў Ейскую ваенную школу лётчыкаў, у 1936-м – школу камандзіраў звенняў і служыў у розных авіяцыйных часцях. З 1936-га і да 1940 года – у знішчальнай авіяцыі.
Новы этап лётнай дзейнасці наступіў пасля пераводу ў 132 хуткасны бамбардзіровачны авіяцыйны полк, які атрымліваў на ўзбраенне самыя новыя на той час пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі ПЕ-2.
У час знаходжання Івана Сцяпанавіча на Паўднёва-Заходнім фронце на ўзбраенне авіяцыі пачалі паступаць найноўшыя бамбардзіроўшчыкі Ту-2. Палявой быў асноўным інструктарам пры навучанні пілотаў асаблівасцям валодання гэтай машынай.
У маі 1943 года ён становіцца камандзірам эскадрыллі, а ў лістападзе – намеснікам камандзіра палка. 3 сакавіка па чэрвень 1944 года полк знаходзіўся на Ленінградскім фронце.
Летам 1944-га Палявой трапіў на беларускую зямлю. Яго полк спачатку ўваходзіў у склад 3-га Беларускага фронту, а затым быў перададзены ў склад 1-га Прыбалтыйскага, дзе актыўна ўдзельнічаў у аперацыі “Баграціён”, наносячы ўдары па тылах ворага.
Рухнулі ля аэрадрома
За майстэрства, мужнасць і смеласць пры выкананні баявых задач, за ўменне без страт вывесці машыны на прамы бомбавы ўдар аднапалчане называлі Івана Сцяпанавіча “вядучым”. З першых баявых вылетаў ён праявіў сябе як снайпер бомбакідання. У пачатковы перыяд вайны яго машына рабіла за дзень тры-чатыры баявыя вылеты.
20 жніўня 1944 года самалёт “вядучага” першым прабіў сцяну зенітнага агню, і полк, а за ім і ўся дывізія, па-майстэрску паўтарыўшы яго ўмелы манеўр, выйшла на баявы курс і знішчыла зшалоны з варожай тэхнікай, што запаланілі станцыю Мажэйкяй. З суседняга аэрадрома ўзнялася вялікая група нямецкіх знішчальнікаў, якая атакавала савецкія бамбардзіроўшчыкі, імкнучыся ў першую чаргу збіць самалёт “вядучага”. У выніку быў пашкоджаны адзін з рухавікоў, дрэнна працавала сувязь. Праз трэск эфіру да аэрадрома даносіліся ледзь чутныя словы стралка-радыста: “Заданне выканана… Страт няма… У экіпажы паранены ўсе…” Экіпаж Палявога не змог дачакацца дазволу на пасадку і ўпаў недалёка ад аэрадрома за в. Малажане.
Палкавая гісторыя
Пошукавая работа ў музеі СШ № 1 г. Докшыцы не канцэнтравалася толькі на асобе І.С. Палявога. Адначасова занатоўваўся баявы шлях палка, у якім ён служыў.
У Вялікую Айчынную вайну лётчыкі палка здзейснілі 2884 баявыя вылеты, знішчылі 15 тысяч варожых салдат і афіцэраў, 690 танкаў і бронемашын, 500 аўтамашын з пяхотай і боепрыпасамі, 9 чыгуначных эшалонаў, 75 самалётаў, 33 артылерыйскія гарматы і інш.
За перыяд вайны полк атрымаў 12 падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены пяць лётчыкаў палка.
…У 1967 годзе 132 Берлінскі ордэнаў Аляксандра Неўскага і Міхаіла Кутузава бамбардзіровачны авіяцыйны полк адзначаў па месцы дыслакацыі – у г. Тарту Эстонскай ССР – чарговую гадавіну з дня свайго стварэння. На ўрачыстасці прысутнічала і дэлегацыя Докшыцкай СШ. Камандаванне ўзнагародзіла школу граматай за вялікую работу па аднаўленні гісторыі. На цяперашні час такіх грамат у школьным музеі некалькі.
Не аднойчы дэлегацыі школы сустракаліся ў Дзень Перамогі з ветэранамі палка на плошчы Маякоўскага ў Маскве. Падобныя сустрэчы сталі традыцыйнымі і ў самой школе, якую толькі ў 60-я – 70-я гады наведалі 27 ветэранаў-авіятараў.
З успамінаў камандзіра авіяцыйнага палка Аляксандра Хлебнікава:
“У канцы лістапада і пачатку снежня 1941 года савецкія войскі рыхтаваліся да правядзення Маскоўскай контрнаступальнай аперацыі. […]
Аднойчы амаль на захадзе сонца ў марозны вечар немцы, падмацаваўшы свой ваяўнічы дух шнапсам, ідучы ва ўвесь рост з аўтаматамі, азвярэла лезлі на пазіцыі нашых войскаў. Раптам над немцамі з’явілася група самалётаў таварыша Палявога. З касет, нібы гарох, пасыпаліся дробныя бомбы. Немцы хутка працверазелі, паспешна адступілі і ў далейшым адмовіліся ад паўтарэння [падобных] “псіхічных атак”. Нашы часці […] рушылі наперад, палепшыўшы свае пазіцыі. На полі бою было знойдзена больш за 400 трупаў [нямецкіх акупантаў]. Камандуючы фронтам […] падзякаваў асабістаму складу палка, а таварыша Палявога ўзнагародзіў ордэнам Леніна”.
«…Ужо завяршалася пасадка машын, калі паказаўся самалёт Палявога. Ён ляцеў павольна ў напрамку амаль упоперак да ўзлётна-пасадачнай паласы. Левы матор не працаваў, вінт яго ледзь круціўся ад патоку сустрэчнага паветра. Зніжаючыся, Палявой, відаць, з гэтага напрамку меў намер здзейсніць пасадку. У гэты час пасадачная паласа была занята іншым самалётам. Баючыся сутыкнення, стартар падняў чырвоны сцяжок. Палявой гэта бачыў і вырашыў зрабіць круг над аэрадромам, каб сесці з патрэбнага кірунку. Матор зароў на поўную моц. Ту-2 стаў набіраць вышыню і з левага развароту прыкладна з 10-15 метраў рэзка пайшоў уніз і ўрэзаўся ў зямлю на падлёце да аэрадрома.»
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц.