Практику работы по увековечиванию памяти погибших при защите Отечества обсудили на выездном президиуме Докшицкого райсовета

img_1734

Практыку работы Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта, мясцовых арганізацый па ўвекавечванні памяці загінуўшых пры абароне Айчыны абмеркавалі падчас выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося пад старшынствам кіраўніка дэпутацкага корпуса раёна Валянціны Рандарэвіч.

На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечванні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войн на 2021 – 2025 гады за тры гады ў Бягомльскім сельсавеце было зрасходавана 23,7 тысячы рублёў з раённага бюджэту. У 2021 годзе ўсталяваны надмагільны помнік і дзве надмагільныя пліты з чорнага граніту. У Мількуні тэрыторыя, прылеглая да пахавання ахвяр войн, выбрукавана пліткай. На могілках Маргавіца праведзены рамонт пахавання ахвяр войнаў: устаноўлены надмагільны помнік і тры надмагільныя пліты з чорнага граніту. Прылеглая тэрыторыя выбрукавана пліткай. На Брацкай магіле ў вёсцы Сасновая адрамантаваны помнік, тэрыторыя выбрукавана пліткай. У 2022 годзе ў вёсцы Кліннікі на пахаванні ахвяр войн устаноўлены металічны крыж, мемарыяльныя пліты з чорнага граніту з лазерным нанясеннем звестак аб пахаваных. У 2023 годзе заменены два надмагільныя помнікі пагранічніку Перавеславу на могілках Маргавіца, падпольшчыку Ганчару – на могілках Краснае, набыты камплект помніка падпольшчыку Печаню, пахаванаму на могілках Краснае.

Яшчэ да пленарнага пасяджэння ўдзельнікаў прэзідыума чакала насычаная практычная праграма. І пачалася яна з наведвання гістарычнай перліны краю – Бягомльскага музея народнай славы. Затым была арганізавана сустрэча ў размешчанай у цэнтры гарпасёлка мясцовай бібліятэцы, якая носіць імя нашага земляка – паэта, перакладчыка і публіцыста Пімена Панчанкі. Пасля наведвання ўстановы культуры дэпутаты аддалі даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы кветкі і схіліўшы галовы каля Брацкай магілы і памятнага знака.

img_1859

Вытворчы патэнцыял ААТ “Завод “Ветразь” быў прадэманстраваны ў межах азнаямляльнай экскурсіі па прадпрыемстве.

На тэрыторыі Бягомльскага сельсавета размешчаны 1 мемарыяльны комплекс, 5 скульптур, 3 абеліскі, 7 стэл, 15 помнікаў, 2 бюсты, 5 памятных знакаў, 2 мемарыяльныя пліты, з іх 13 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны. Замацаванымі арганізацыямі і прадпрыемствамі праводзіцца бягучы рамонт і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, да памятных месцаў ускладаюцца кветкі, у гэтых мерапрыемствах прымаюць актыўны ўдзел навучэнцы Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С.Манковіча, Бягомльскай спецыяльнай школы-інтэрната, Прудніцкай пачатковай школы.

Пленарнае пасяджэнне было арганізавана ў Бягомльскай сярэдняй школе імя С.С. Манковіча. Яму папярэднічала азнаямленне з экспазіцыяй музейнага пакоя, прысвечанай памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дарэчы адкрыццё аб’екта адбылося сёлета, напярэдадні 35-годдзя вываду Абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана.

img_1901

– Наша Бягомльшчына ўнесла вялікі ўклад у перамогу і вызваленне нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – падкрэсліў старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Трахінін. – Бягомль быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўжо 2 ліпеня 1941 года. Адразу пасля акупацыі на тэрыторыі Бягомльшчыны пачаў дзейнічаць падпольны райкам партыі. У 1941 годзе ствараецца атрад “Рамана”, а на базе гэтага атрада ў верасні 1942 года была ўтворана брыгада “Жалязняк”. У снежні 1942 года партызанамі быў вызвалены Бягомль, а потым і ўвесь былы Бягомльскі раён. На бягомльскай зямлі разгарнуўся партызанскі рух, які ўключаў 9 брыгад і асобных атрадаў. Вынікам мужнай барацьбы стала фактычнае вызваленне ад нямецкіх войск вялікай тэрыторыі і стварэнне самай буйной партызанскай зоны – Барысаўска-Бягомльскай з цэнтрам у Бягомлі. З сакавіка 1943 года ў Бягомлі дзейнічаў партызанскі аэрадром, які прымаў самалёты і планёры са зброяй і медыкаментамі не толькі для партызан Бягомльска-Барысаўскай зоны, але і суседніх раёнаў Віцебскай і Вілейскай абласцей, партызан Літвы. Акупанты правялі супраць партызан некалькі карных аперацый. Самыя буйныя – Котбус, Кармаран. На Бягомльшчыне няма ніводнага населенага пункта, дзе б не зверствавалі фашысты. Поўнасцю спалены тры населеныя пункты: Шунеўка, Баравыя, Сасновае (П’яны лес), з іх два, Шунеўка і Баравыя, не адноўлены. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года № 355 гарадскі пасёлак Бягомль узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Сельскім Саветам дэпутатаў з прыцягненнем насельніцтва і дзякуючы актыўнаму ўдзелу нашых землякоў праводзіцца вялікая работа па ўшанаванні памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, за сродкі, сабраныя жыхарамі Бягомля, на могілках Маргавіца ўстаноўлены помнік жыхарам Бягомля, закатаваным фашыстамі. Па ініцыятыве Мікалая Печаня за сродкі насельніцтва і з дапамогай раённых арганізацый з’явіўся помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай і Грамадзянскай войнаў, у Будзілаўцы. За кошт сродкаў нашых землякоў Алега і Віктара Бяляўскіх быў выраблены памятны знак, у сваю чаргу заводам “Ветразь” падрыхтавана пляцоўка і ўстаноўлены гэты знак на месцы расстрэлу герояў-падпольшчыкаў Бягомльскай падпольнай арганізацыі. За сродкі жыхароў выраблена памятная таблічка з імёнамі загінуўшых землякоў, устаноўленая на помніку ў Мількуні, з дапамогай санаторыя “Лясное” усталяваны помнік на могілках у Замасточчы на месцы пахавання партызана Цімафея Іосіфавіча Шылы, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава.

Старшыня сельвыканкама адзначыў, што гэтая праца была б немагчымай без людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія шукалі відавочцаў і сведкаў тых падзей. Словы падзякі гучалі ў адрас Мікалая Печаня, Алы Каралевіч, Алены Ціханавец, Соф’і Батура, Людмілы Чарнуха, а таксама кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія аказвалі дапамогу ва ўстаноўцы помнікаў і добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў.

img_1908

Са змястоўнымі судакладамі па тэме выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Фурсевіч, дырэктар Бягомльскага музея Вольга Таляронак, намеснік дырэктара Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча Ала Сушко.

З даклада Наталлі Фурсевіч: – Па стане на 1 красавіка бягучага года на дзяржаўным уліку ў Докшыцкім раёне знаходзяцца 34 воінскія пахаванні і 58 помнікаў воінскай славы і памятных знакаў. Тры пахаванні ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На ўсе воінскія пахаванні і пахаванні ахвяр войнаў аформлены пашпарты, абазначаны межы пахаванняў і ўстаноўлены надмагільныя збудаванні. За перыяд з 2021 па 2023 год бягучы рамонт і добраўпарадкаванне праведзены на мемарыяльным комплексе «Шунеўка» і 16 воінскіх пахаваннях: у Бягомльскім сельсавеце – 7, Сітцаўскім – 1, Бярозкаўскім – 2, Бярэзінскім – 3, Докшыцкім –1. У рамках міжнароднага інтэрактыўнага гісторыка-патрыятычнага праекта “Лічбавая зорка” – “Захаваем гісторыю разам” па ініцыятыве райкама ГА “БРСМ”, ГА “Патрыёты Беларусі” сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі аблічбавана 14 помнікаў.

Падводзячы вынікі прэзідыума, Валянціна Рандарэвіч яшчэ раз нагадала кіраўнікам арганізацый і сельскіх саветаў пра неабходнасць да 1 мая навесці ўзорны парадак на мемарыялах, помніках воінскай славы, пахаваннях воінаў і ахвяр вайны і тэрыторыях, якія да іх прылягаюць. Таксама неабходна праманіторыць месцы воінскіх пахаванняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі грамадзянскіх могілак і ў цяжкадаступных месцах. Была акцэнтавана ўвага і на тым, што наведваць Бягомльскі музей, мемарыяльныя комплексы і іншыя месцы ўвекавечвання памяці неабходна не толькі школьнікам, але і прадстаўнікам працоўных калектываў, а музею, у сваю чаргу, неабходна актывізаваць пошукавую работу па гэтай тэме.

img_1921

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *