Докшицкий район присоединился к республиканскому субботнику
Докшыцкі раён далучыўся да марафону чысціні – рэспубліканскага суботніка.
На пасадцы лесу каля вёскі Камайск рупліва працавалі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснікі старшыні райвыканкама. Да землякоў далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 Анатоль Сіўко. Усяго падчас акцыі “Адновім лясы разам” было пасаджана 1900 сеянцаў сасны, якія ўласнымі сіламі ў гадавальніку вырасцілі работнікі Бягомльскага лясгаса. Разам са сваім калектывам на вытворчай тэрыторыі камунгаса працаваў дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Каляга.
Многія ў суботу, 20 красавіка, незалежна ад займаемай пасады, змянілі свой афіцыйны стыль на спартыўна-рабочы, адзелі пальчаткі, узброіліся граблямі і лапатамі і выйшлі працаваць. Саджалі дрэвы, фарбавалі бардзюры, прыбіралі мінулагодняе лісце, добраўпарадкоўвалі помнікі. Адным словам, паказвалі падрастаючаму пакаленню, як трэба адносіцца да свайго дома.
Парадак пасля зімы наводзілі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, актыўны ўдзел прымалі дэпутаты ўсіх узроўняў, старшыні сельсаветаў са сваім актывам.
Свой энтузіязм у навядзенні парадку праявілі раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання ветэранаў разам з бэрэсэмаўцамі. Яны добраўпарадкоўвалі помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Чырвонае Беразіно. Работы па добраўпарадкаванні помнікаў і воінскіх пахаванняў праводзіліся таксама на мемарыяльных комплексах “Шунеўка” і “Ходараўка”.
Крыху дажджлівае надвор’е не стала перашкодай для таго, каб далучыцца да рэспубліканскага суботніка і жыхарам Бягомля. Добрую справу для гарадскога пасёлка зрабілі лясгасаўцы, якія разам з прадстаўнікамі мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і школьнікамі ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заклалі сквер.
Адгукнуліся на прапанову навесці парадак на той ці іншай тэрыторыі дакшычане. Напрыклад, работнікі Цэнтра дзяцей і моладзі падрыхтавалі месца для новага кветніка на перакрыжаванні вуліц Пушкіна і Гайдара. Новы кветнік, дзякуючы камунальнікам і работнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з’явіўся таксама ў невялікім скверы на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Кастрычніцкай.
На тэрыторыі ЦРБ дружна працавалі медыцынскія работнікі: бялілі бардзюры і дрэвы, фарбавалі агароджу. Адміністрацыя ўзялася за навядзенне парадку ў памяшканнях прыёмнага пакоя.
Работнікі спажывецкай кааперацыі падчышчалі тэрыторыі каля аптовай базы ў Параф’янаве, а таксама каля аб’ектаў філіяла аблспажыўтаварыства, якія не выкарыстоўваюцца, у тым ліку каля крамы “Будматэрыялы”, рыхтавалі для далейшага фарбавання жалезабетонную агароджу на гарадскім рынку.
Будаўнічыя арганізацыі – ПМС, ДРБУ-180, ПМК-52 – накіравалі спецтэхніку на вуліцу Чарняхоўскага, 2Б. Там прыбралі трухлявую гаспадарчую пабудову і сметнік.
У парках “Заазёрны” і на вуліцы Піянерскай камунальнікі абнаўлялі архітэктурныя формы, рамантавалі дзіцячыя пляцоўкі. Там жа працавалі і праваахоўнікі. Яны прыбіралі галлё, чысцілі дарожкі.
Да суботніка актыўна далучыліся работнікі ўстаноў адукацыі, культуры, райваенкамата, аддзела статыстыкі, банкаўскай сістэмы, энергаслужб, а таксама сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара і Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.